Пасёлак любы, сэрцу дарагі

Пад такой назвай 26 жніўня адбылося ваенна-спартыўнае свята ў пасёлку Гезгалы. Свята праводзілася ўпершыню.
Запрашэнне на яго атрымалі ўсе, хто служыў і працаваў у ваенным гарадку.

Прысутных павіталі старшыня Жукоўшчынскага сельвыканкама Валерый Верамейчык і старшыня мясцовай пярвічнай арганізацыі ветэранаў вайны, працы і Узброеных Сіл Аляксандр Волкаў з пажаданнямі прыемна бавіць час і добра адпачыць.

— Сёння цяжка ўявіць, што 20 гадоў таму амаль увесь пасёлак насіў пагоны, — зазначыў Аляксандр Волкаў. — Але тут засталіся і жывуць ваенныя пенсіянеры. Радасна бачыць знаёмых былых вайскоўцаў, а засмучае тое, што з гадамі нас становіцца менш. Таму здароўя ўсім і Больш за 30 гадоў гезгалаўскія ракетчыкі былі ў складзе войск стратэгічнага прызначэння. I менавіта тут адбылася адметная падзея: 27 лістапада 1996 года былі вывезены апошнія балістычныя ракеты. Беларусь набыла статус бяз'ядзернай дзяржавы, стала першай у свеце краінай, якая адмовілася ад ядзернай зброі добраахвотна.

Да віншаванняў афіцыйных асоб дадалі свае музычныя падарункі гледачам узорны ансамбль скрыпачоў "Зорачкі", танцавальная група і Наталля Капковіч.

Затым гасцей свята запрасілі паглядзець паказальныя выступленні ратаўнікоў. Можна было пабачыць амуніцыю і прылады, якія выкарыстоўваюць работнікі Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Дзятва імкнулася пасядзець за рулем пажарнай машыны, а бацькі — сфатаграфаваць шчаслівых малых. Асаблівае захапленне выклікалі ў гледачоў "фантаны" і магутныя струмені вады, падаваемай з устаноўкі.

Сельская вясёлая эстафета "Адзін у полі не воін" прадоўжыла святочную праграму. Камандам прапанавалі прайсці выпрабаванні ў пяці конкурсах. Напачатку — сабрацца па баявой трывозе, затым — пераадолець "балота", падарваць танк, пахадзіць на "лыжах". У апошнім жартоўным выпрабаванні — хуценька пацалаваць дзяўчыну.

Спачатку ў лідарах былі медыкі, але паступова ратаўнікі выцеснілі іх з "перадавой". Перамогу журы прысудзіла камандзе раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, за якую выступалі Андрэй Багдзель (каштан), Дзмітрый Ляўкевіч, Сяргей Лях, Кацярына Раманенка, Аксана Дабрынская.

Музычную частку свята склалі выступленні духавога аркестра з Наваельні і дзіцячая канцэртная праграма патрыятычнай песні "Няхай заўжды будзе сонца". Аркестранты прапанавалі паслухаць вядомыя музычныя кампазіцыі, а юныя спевакі — песні ваенных гадоў "Смуглянка", "Кацюша", песні пра Радзіму. Цёпла прымалі гледачы Ксенію Шыкуць, Эльвіру Задзярэй, Яўгенію Макарчук, Анастасію Жэмайтук, Алесю Кастусік, узорны ансамбль скрыпачоў "Зорачкі". На гэтым мерапрыемства не закончылася. Жыхароў пасёлка і гасцей запрасілі работнікі мясцовага Дома культуры ў сваю ўстанову на канцэрт заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля танца, музыкі і песні "Белыя росы".

На працягу свята працавалі гандлёвыя кропкі. Госці свята мелі магчымасць паспытаць салдацкую кашу. Для малечы працавалі атракцыёны. Прыватныя прадпрымальнікі гандлявалі папкорнам, цацкамі. Можна было пастраляць у ціры і выйграць прыз.

I. МІХАЙЛОЎСКАЯ

Ответить

CAPTCHA
Этот вопрос задается для проверки того, не является ли обратная сторона программой-роботом (для предотвращения попыток автоматической регистрации).

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/