Сталі на крывую дарожку

На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама разгледжаны 3 пытанні аб магчымасці вяртання ў біялагічную сям'ю дзіцяці, прызнанага маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне, і два хадайніцтвы аб прыняцці мераў да бацькоў непаўналетніх, якія неналежным чынам выконваюць свае абавязкі.

Дакументы накіраваны ў суд

Немаўля паўгода знаходзіцца ў сацыяльнай установе, па-куль бацькі спрабуюць дома стварыць неабходныя для яго ўмовы.
Некалькі разоў дарослых выклікалі на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, каб даведацца, як ідуць справы, даць слушныя парады. На жаль, шэраг патрабаванняў так і не выкананы: касметычны рамонт у хаце пасля пажару не поўнасцю зроблены, адсутнічаюць многія неабходныя рэчы, не падведзена электрычнасць, а галоўнае — адносіны бацькоў да жыцця так і не памяняліся.

Дарослыя не спяшаюць выпраўляць свае паводзіны і пастаянна знаходзяць апраўданні існуючым праблемам замест таго, каб паспрабаваць іх вырашыць. Бацька, які стаіць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі з непагашанай судзімасцю, паўторна ўчыніў супрацьпраўныя дзеянні. Маці не падтрымлівае належны парадак дома. Для дзіцяці няма ні адзення, ні неабходных рэчаў.

Паколькі праблемы, з-за якіх дзіця прызналі маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне, засталіся нявырашанымі, у суд накіраваны дакументы на пазбаўленне бацькоўскіх правоў.

Неабходная мера і апошні шанц

Здараецца, што адразу пасля нараджэння маленькі чалавек сутыкаецца з жорсткай рэчаіснасцю, і побач з ім знаходзіцца не матуля, а людзі ў белых халатах. Так здарылася з маленькім жыхаром нашага раёна, які з'явіўся на свет у ненадзейных бацькоў. Выпісаць з бальніцы дзіця няма куды: бацькі не паклапаціліся стварыць для яго належныя бытавыя ўмовы. Што і казаць, калі на працягу дзевяці месяцаў, калі дзіця было пад сэрцам, маці злоўжывала алкаголем, нават у бальніцу яе клалі п'яную. Не дзіўна, што ў адносінах да трох старэйшых дзяцей жанчына пазбаўлена бацькоўскіх правоў — іх гадуе бацька, маці рэдка цікавіцца жыццём ранейшай сям'і.

Цяперашні сужыцель жанчыны (бацька немаўляці) схільны да злоўжывання алкаголем, стаіць на ўліку ў нарколага. Сітуацыю ўскладняе і тое, што жыве мужчына разам з братам, у якога алкагольная залежнасць.

Члены камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама прынялі рашэнне прызнаць нованароджанага маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне — гэта неабходная мера і апошні шанц на выпраўленне для гора-бацькоў.

Падлетак не патрэбны бацькам

Хлопец учыніў ужо другі крадзеж. Ён кепска вучыцца, бывае агрэсіўны. Педагогі і ў час канікулаў стараюцца трымаць падлетка ў полі зроку, запрасілі яго ў школьны летнік. Але яго хлопец часта прапускаў. Дастаўляць падлетка ў школу раніцай некалькі разоў даводзілася ўчастковаму інспектару міліцыі. Аднак міліцыянер не павінен быць нянькай, нават у цяжкіх падлеткаў, бо гадаваць і выхоўваць дзяцей — абавязак бацькоў. На жаль, бацькі хлопца, якія разведзены, мала цікавяцца сынам, што і паспрыяла яго супрацьпраўным паводзінам. На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама юнаму парушальніку патлумачылі, што ён амаль "зарабіў" сабе накіраванне ў навучальную ўстанову закрытага тыпу: яшчэ адзін пратакол — і для гэтага з'явіцца законная падстава.

Далейшую размову члены камісіі вялі з дарослымі. Пацікавіліся, чаму бацька не займаецца выхаваннем сына, рэдка яму тэлефануе. Аказалася, што ў мужчыны новая сям'я ў суседнім раёне, дзе ён уладкаваўся на працу. У той жа час маці злоўжывае алкаголем, здараецца — не начуе дома. Яна мала цікавіцца паводзінамі сына. Сужыцель жанчыны таксама не збіраецца ўнікаць у цяжкасці сям'і, лічыць хлопца чужым. Атрымліваецца, што падлетак не патрэбны бацькам, якія займаюцца наладжваннем уласнага жыцця.

Дарослых пад роспіс азнаёмілі з патрабаваннямі Дэкрэта №18. Вядзецца збор дакументаў на прызнанне хлопца маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

І.СТЫРНІК

Ответить

CAPTCHA
Этот вопрос задается для проверки того, не является ли обратная сторона программой-роботом (для предотвращения попыток автоматической регистрации).

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/