Разглядалі паводзіны дзяцей і дарослых

На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама разгледжаны 6 пытанняў: аб магчымасці вяртання ў біялагічную сям'ю дзіцяці, прызнанага маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне, чатыры адміністрацыйныя пратаколы, хадайніцтва аб прыняцці мераў да бацькоў непаўналетняга, якія наложным чынам не выконеаюць свае абавязкі.

Маці хоча вярнуць сына

Жанчына паступова спраўляецца з праблемамі, якія прывялі да адабрання дзіцяці. Некалькі месяцаў таму яе сына прызналі маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне з-за злоўжывання маці алкаголем і бадзяжніцтва. Цяпер яна прайшла курс лячэння ад, алкагольнай залежнасці, працуе, яе станоўча характарызуе наймальнік. Спецыялісты сацыяльнага прытулка, дзе знаходзіцца хлопчык, сцвярджаюць, што ў маці і сына наладжаны даверлівыя адносіны. Жанчына часта наведвае непаўналетняга, прывозіць гасцінцы яму і іншым дзецям, якія знаходзяцца ў прытулку. У маці засталіся нявырашанымі некалькі бытавых пытанняў. Калі ўсё будзе зроблена, хлопчык вернецца ў сям'ю.

Пра дзіця паклапоціцца дзяржава

Падлетак аказаўся непатрэбны маці і бацьку. Кожны з дарослых вырашае ўласныя праблемы, наладжвае асабістае жыццё. Бацька выехаў працаваць у суседні раён, рэдка тэлефануе сыну, бо ў яго новая сям'я. Сужыцелька не спяшаецца даваць згоду гадаваць чужое дзіця. Маці хлопца злоўжывае алкаголем, прагульвае работу. Яна жыве з мужчынам, які не цікавіцца лёсам пасынка. Прадастаўлены сам сабе хлопец ужо ўчыніў два крадзяжы. 3 такімі паводзінамі падлетак хутка можа аказацца ў навучальнай установе закрытага тылу. Паколькі перавыхаваннем юнага парушальніка пакуль няма каму займацца, гэта зробяць спецыялісты сацыяльнага прытулка. Члены камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама прынялі рашэнне прызнаць хлопца маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Вельмі самастойны

На абодвух бацькоў юнага жыхара Казлоўшчыны былі складзены адміністрацыйныя пратаколы з-за таго, што не забяспечылі суправаджэнне сына ў позні час. А другой гадзіне ночы падлетак знаходзіўся ў Дзятлаве на плошчы 17 Верасня, дзе ладзіўся святочны канцэрт да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Сам хлопец патлумачыў, што ў райцэнтр прыехаў на спаборніцтвы па футболе, пасля чаго вырашыў застацца на свяце. Паколькі мабільнага тэлефона ў сына няма, бацькі шукалі яго ў Казлоўшчыне, мяркуючы, што дзіця засядзелася ў сяброў пасля вяртання са спаборніцтваў. Акрамя аматара позніх прагулак, у сям'і гадуецца яшчэ трое дзяцей, таму дарослых на першы раз папярэдзілі аб недапушчэнні падобных паводзінаў сына ў далейшым.

Штрафы за ўжыванне алкоголю

Многія падлеткі жадаюць адчуць сябе дарослымі. Аднак замест таго, каб на канікулах пайсці ў моладзевы працоўны атрад зарабіць грошай, яны "зарабляюць" сабе адміністрацыйныя пратаколы і пастаноўку на улік у інспекцыі па справах непаўналетніх і ў доктара-нарколага. Гэта адбываецца з-за таго, што юнакі і дзяўчаты п'юць піва ў грамадскіх месцах.

Так, адзін з парушальнікаў выпіў паўлітра піва і вярнуўся дахаты. Што сын нападпітку, адразу заўважыла маці, папрасіла заставацца дома, пакуль не працверазее. У падлетка былі іншыя планы, і ён учыніў хатні скандал. Сястры давялося выклікаць міліцыю. Скандалісту праз некалькі месяцаў споўніцца 18 гадоў, і за непрыгожыя ўчынкі ён будзе адказваць па-даросламу. Пакуль жа яму давядзецца заплаціць штраф — 0,5 базавай велічыні.

Навучэнка каледжа выпіла на вуліцы адной з вёсак нашага раёна (таксама ў грамадскім месцы) два літры піва і была затрымана міліцыяй. Цяпер і ёй давядзёцца заплаціць штраф аналагічнага памеру. Каб даведацца, ці легка зарабляюцца грошы, вырашыць для сябе, ці варта траціць іх на алкаголь, дзяўчына пайшла-такі ў працоўны атрад.

Залежнасць — цяжкая хвароба

Алкагольная залежнасць даволі хутка пачынаецца менавіта ў жанчын, цяжка лечыцца. На жаль, з-за гэтай хваробы пакутуюць не толькі прадстаўніцы слабой паловы чалавецтва, але і іх непаўналетнія дзеці, якія літаральна становяцца сіротамі пры жывых маці.

Такая бяда напаткала юнага жыхара Дзятлава, маці якога ў маі-чэрвені праходзіла лячэнне ад алкагольнай залежнасці ў стацыянары і да нядаўняга часу прымала таблеткі. Перамагчы хваробу жанчыне не ўдалося, нядаўна яна за п'янку і прагулы звольнена з работы.

Пакуль маці лячылася, сын жыў з бацькам і бабуляй. Аднак забіраць непаўналетняга назаўсёды яны не адважваюцца. Бабуля сцвярджае, што ў бацькі таксама сур'ёзныя праблемы з алкаголем. Ці зможа мужчына іх пераадолець, пакуль не зразумела, аднак на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх ён, у адрозненні ад былой жонкі, прыйшоў.

Бацьку парэкамендавалі тэрмінова звярнуцца да нарколага і пачаць лячэнне, каб у сына з'явіўся шанц пазбегнуць знаходжання ў прытулку. А пакуль ідзе збор дакументаў на прызнанне дзіцяці маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

І. СТЫРНІК

Ответить

CAPTCHA
Этот вопрос задается для проверки того, не является ли обратная сторона программой-роботом (для предотвращения попыток автоматической регистрации).

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/