Анатоль Раманенка. Дваццаць гадоў бездакорнай службы

Сёлета спаўняецца 20 гадоў, як на працу дыспетчарам цэнтра аператыўнага кіравання раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях быў прыняты Анатоль Раманенка. Сюды ён прыйшоў не "зялёным" хлопцам: за плячыма была тэрміновая служба ў войсках супрацьпаветранай абароны, а пасля дэмабілізацыі - служба прапаршчыкам у гезгалаўскай ракетнай часці. Так што пра адказнасць, дысцыпліну, таварыскасць ведаў не па кінастужках ці кніжках.

Але служба ў войску — гэта адно, а быць ратаўніком — зусім іншае. Таму апекавацца над новенькім стаў Сяргей Іванавіч Чыгір, начальнік каравула. I сёння Анатоль Раманенка з удзячнасцю прыгадвае яго навуку.

Сяргей Іванавіч ужо адслужыў, цяпер на пенсіі, але калі даводзіцца былому вучню сустрэцца з ім у горадзе, ёсць пра што перамовіцца. Дзякуючы першым настаўнікам, з ліку якіх таксама Уладзімір Уладзіміравіч Баковіч, Аляксандр Іванавіч Дземяноўскі, малады ратаўнік набыў вопыт, адчуў упэўненасць, навучыўся хутка ацэньваць сітуацыі і прымаць правільныя, дакладныя рашэнні.

Дыспетчар пажарнай службы не займаецца непасрэдна ліквідацыяй надзвычайнай сітуацыі, але менавіта ён першы прымае паведамленне пра здарэнне і бяду. Менавіта ён першы бярэ на сябе людскую роспач, страх, разгубленасць. Менавіта ад дыспетчара залежыць, як хутка будуць прыняты патрэбныя меры для ратавання людзей і не толькі іх.

Разам з Анатолем Пятровічам спрабую падлічыць, колькі ж ён за 20 гадоў службы прыняў званкоў. Аказалася, што каля 20 тысяч. Былі сярод іх тэлефанаванні і вельмі прыемныя: людзі дзякавалі за аператыўнасць і прафесіяналізм. Нездарма Анатоль Раманенка два гады таму, у 2015-ым, адзначаны медалём "За бездакорнуй службу".

Урэшце, гэта не зусім праўда, што Анатолю Раманенку не даводзіцца ўдзельнічаць у выратавальных аперацыях. У непасрэдным тушэнні пажараў — не, а вось вырашаць самыя розныя надзвычайныя сітуацыі прыходзіцца. I сур'ёзныя, і кур'ёзныя.

— Аднойчы хлапчук, гадоў дзесяці, надзеў на палец пярсцёнак, а зняць яго ўжо нё змог. Нічым не змаглі дапамагчы і ў "хуткай дапамозе" бальніцы, бо палец ужо надта paспyх, — распавядае Анатоль Пятровіч. — Прывезлі да нас — ратуйце! Давялося раскусваць пярсцёнак спецыяльным інструментам.

Сёння, праз гады, здарэнне прыгадваецца з усмешкай. Той хлапчук, пэўна, ужо заручальны пярсцёнак носіць на пальцы і, можа, не памятае пра тое, як яго выручалі з "палону".

У дзяцінстве Анатоль таксама быў дасціпным хлапчуком. Сказаць, што марыў аб прафесіі ратаўніка — зманіць. Хацеў быць міліцыянерам, як сябар бацькі — "участковы Вікенцьевіч" — Вікенцій Вікенцьевіч Луня. Але спадабалася служба ў войску: не зведаў ні "дзядоўшчыны", ні занадта выслужлівых камандзіраў. Паспяхова служылася ў Ленінградзе, Архангельску, Яраслаўлі, Кастраме, Гезгалах. І, магчыма, сёння Анатоль Раманенка быў бы ўжо пры высокім званні, калі б ракетчыкаў з Гезгалаў не вывелі ў Чыту.

На той час Анатоль быў жанаты на дзятлаўчанцы, і свой выбар зрабіў дзеля яе — застацца ў Беларусі. Да таго ж і сваіх бацькоў не хацелася пакідаць без падмогі.

Сёння Анатоль для бацькоў — Пятра Іванавіча і Ганны Іванаўны — апора і падтрымка. Калі выпадае час пасля службы і ёсць патрэба дапамагчы чымсьці родным, садзіцца Анатоль Пятровіч на веласіпед і коціць з Гезгалаў у родную вёску.

Адсюль, з Вусця, бацькі некалі выпраўлялі сына ў самастойнае жыццё. А самастойным Анатолю давялося стаць рана: у той час дзяцей з Вусця, чалавек восем, для прадаўжэння вучобы накіравалі ў Дзятлаўскую школу-інтэрнат. Так што бацькоўскую хату пакінуў вельмі рана.

Здаецца, было гэта зусім нядаўна, а ўжо, лічы, прыспеў час свайго самага меншага сына Ігара выпраўляць, як кажуць, у людзі. У наступным годзе ён заканчвае школу, марыць стаць ваенным. Двое першых дзяцей - Дзмітрый і Кацярына — ужо маюць прафесіі. Дзмітрый служыць у Гомелі, у памежным атрадзе, а Кацярына працуе медсястрой ў Гезгалаўскай амбулаторыі.

Пэўна, прыхільнасць да вайсковага занятку перадалася сынам у спадчыну ад бацькі. Дзмітрый ужо ходзіць пад лейтэнанцкімі пагонамі.

Аб тым, што не спраўдзілася ўласнае вайсковае жыццё, Анатоль Пятровіч не шкадуе. Відаць, так было наканавана лёсам: насіць форму не вайскоўца, a cупрацоўніка пажарнай службы. Службе ратавання ён, нагадаю, прысвяціў 20 гадоў бездакорнай службы,

I. МІХАЙЛОЎСКАЯ

Ответить

CAPTCHA
Этот вопрос задается для проверки того, не является ли обратная сторона программой-роботом (для предотвращения попыток автоматической регистрации).

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/