"Аўталэдзі і аўтамэн-2017"

У Навагрудку прайшоў занальны этап абласнога моладзевага конкурсу "Аўталэдзі і аўтамэн-2017". Удзел у спаборніцтвах прынялі
маладыя вадзіцелі чатырох раёнаў — Навагрудскага, Зэльвенскага, Слонімскага, Дзятлаўскага.

Мерапрыемства арганізавана з ініцыятывы абласнога камітэта ГА "БРСМ", дзяржаўтаінспекцыі ўпраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама, абласной арганізацыйнай структуры ДТСААФ, аўташколаў, якія функцыянуюць на тэрыторыі Гродзеншчыны. Моладзевыя аўтаспаборніцтвы скіраваны на прафілактыку дарожнага траўматызму, прапаганду бяспечных паводзінаў на дарозе, павышэнне прафесіянальнага ўзроўню вадзіцеляў.

Дзятлаўшчыну на занальным этапе прадстауляла жыхарка райцэнтра Ганна Хамец на аўтамабілі "Аўдзі-80".
Канкурсанткам, якія змагаліся за званне "Аўталэдзі-2017", прапанавалі чатыры іспыты: "Візітоўка", "Вопытны вадзіцель", "Дарожны знак", "Тэорыя".

У конкурсе візітовак Ганна Хамец расказала пра сябе ў вершаванай форме. Зазначыла, што яна вопытны вадзіцель з дзесяцігадовым стажам, уважлівая на дарозе, паважае іншых удзельнікаў руху. Яшчэ неабходна было творча прадставіць свой аўтамабіль. Ганна ўпрыгожыла сваю "Аўдзі" вялікай яблыневай кветкай і стужкамі. Машына набыла выгляд бутаньеркі — сімвала моладзевай акцыі "Кветкі Вялікай Перамогі". Аўтаўладальніца патлумачыла, што зрабіла гэта як знак удзячнасці ветэранам Вялікай Айчыннай вайны за тое, што сёння можа ездзіць па мірных дарогах Беларусі.

Ганна Хамец без памылак справілася з іспытам "Вопытны вадзіцель", у які ўваходзілі элементы ваджэння "паркоўка", "бокс", "дворык". Яна паказала лепшы час сярод удзельнікаў спаборніцтваў.

Наступны конкурс быў творчы. Удзельніцы павінны былі пафантазіраваць і прыдумаць свой дарожны знак. У Ганны Хамец гэта былі "Дзве далоні" — знак-сімвал. Так вадзіцель абазначыла салідарнасць і ўзаемадапамогу ўдзельнікаў дарожнага руху.

Нялёгкім быў экзамен на веданне дарожных правілаў, але і яго адолелі ўсе ўдзельнікі моладзевага конкурсу.

Напрыканцы спаборніцтваў журы вызначыла лепшых "Аўталэдзі" і "Аўтамэна" раёнаў-удзельнікаў занальнага этапу. Пераможцай сярод дзяўчат-вадзіцеляў стала аўталэдзі з Навагрудскага раёна, якая будзе прадстаўляць нашу зону на спаборніцтвах у Гродне.

Ганна Хамец атрымала сувенір, грамату за ўдзел у занальным этапе конкурсу і спецыяльны прыз ад Дзятлаўскага раённага камітэта ГА "БРСМ".

I. КАЎКЕЛЬ

Ответить

CAPTCHA
Этот вопрос задается для проверки того, не является ли обратная сторона программой-роботом (для предотвращения попыток автоматической регистрации).

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/