Тыдзень інклюзіі, "Планета сяброў"

Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава рэалізаваў раённы праект "Тыдзень інклюзіі "Планета сяброў". У мерапрыемства ўключыліся члены Моладзевага парламента, навучэнцы ўстановаў адукацыі Дзятлаўшчыны, Дзятлаўскі цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, раённая арганізацыя ГА "БелТІЗ".

Нагадаем, што тэрмін "інклюзія" абазначае працэс рэальнага ўключэння людзей з інваліднасцю ў актыўнае грамадскае жыццё. На Дзятлаўшчыне ў многіх установах адукацыі ўжо ёсць інтэгрыраваныя групы і класы, дзе асаблівыя дзеці займаюцца разам са здаровымі дзецьмі.

У рамках праекта "Тыдзень інклюзіі "Планета сяброў" прайшлі цікэвыя мерапрыемствы і сустрэчы, сярод якіх творчая гасцёўня і "Цуды на Вялікдзень", дзень рукапацісканняў і абдымкаў, PR-акцыя "Розныя магчымасці — роўныя дзецям", акцыя-пажаданне "Праменьчык дабрыні", цэнтр-фільм "Толькі ўявіце".

Сур'ёзна задумацца над цяжкасцямі жыцця інвалідаў па зроку навучэнцаў гарадскіх школ прымусіла сустрэча "Цэнтр-фільм "Толькі ўявіце". Яна праходзіла з ініцыятывы старшыні раённай арганізацыі ГА "БелТІЗ". Вядучая мерапрыемства метадыст Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава Ірына Анатольеўна Мішчанка заклікала ўдзельнікаў мерапрыемства паглядзець і абмеркаваць кінастужку пра сляпых людзей.

Дзеянні адбываюцца ў клініцы для інвалідаў па зроку, куды прыйшоў выкладаць, сляпы ціфлапедагог. Ён умее арыентавацца ў прасторы на слых без спецыяльнага кіёчка. Мужчына хоча перадаць свае навыкі вучням, даказаць сляпым, што кіёчак для іх неабавязковы. Стужка заканчваецца трагічна: педагог гіне на трамвайных рэйках. Аказваецца, белы кіёчак у сляпых людзей выконвае шмат функцый, у тым ліку ахоўную: дапамагае ім абыходзіць ямы, рэйкі, іншыя небяспечныя перашкоды.

Кінастужка моцна ўразіла юных гледачоў. Большасць навучэнцаў расказалі, што дзякуючы Тыдню інклюзіі і прагляду кіно пачалі больш задумвацца над праблемамі людзей з абмежаванымі магчымасцямі і пастараюцца аказваць ім пасільную дапамогу і падтрымку.

I. СТЫРНІК

Ответить

CAPTCHA
Этот вопрос задается для проверки того, не является ли обратная сторона программой-роботом (для предотвращения попыток автоматической регистрации).

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/