Конкурс "Лянок"

На базе Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў адбыўся V рэгіянальны конкурс беларускай творчасці "Лянок".
Яго ўдзельнікамі сталі юныя музыканты і мастакі з дзіцячых школаў мастацтваў Дзятлаўскага, Шчучынскага, Навагрудскага, Смаргонскага, Лідскага раёнаў. Конкурс праходзіў у трох секцыях: "Фартэпіяна", "Струнна-народныя інструменты" і "Выяўленчае мастацтва".

Праграма мерапрыемства ўрачыста адкрылася ў актавай зале дзіцячай школы мастацтваў, дзе прысутных павіталі канцэртнай праграмай вучні і педагогі школаў мастацтваў Дзятлаўшчыны.

Да дзяцей звярнуўся намеснік начальника аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага райвыканкама Васіль Шыцько, які пажадаў усім поспехаў і натхнення.

Піяністы выступалі на сцэне Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў, юныя майстры цымбалаў, гітары і балалайкі — у актавай зале СШ №1. У кожнай з музычных секцый працаваў свой канферансье і кваліфікаванае журы.

Удзельнікі секцыі "Выяўленчае мастацтва" размясціліся ў зале Цэнтра культуры і народнай творчасці. На завочным этапе конкурсу дзеці малявалі на тэму "Мая Радзіма — Беларусь", а на вочным ім было прапанавана на працягу чатырох гадзін праявіць свае мастацкія таленты па аб'яўленых тэмах: для малодшай узроставай групы — "Добрыя справы", для старэйшай — "Горад будучыні".
Журы падвяло вынікі конкурснай праграмы і вызначыла прызёраў у кожнай з намінацый. Сярод пераможцаў — багата навучэнцаў Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў.

У піяністаў дыпломам першай ступені была адзначана ў малодшай групе — Алеся Няпраўская, дыпломам трэцяй ступені — Дар'я Цішковіч (у абедзвюх дзяўчынак выкладае спецыяльнасць Т. В. Царук); у сярэдняй групе дыплом першай ступені — у Аляксандры Губко (педагог Н. М. Клімец), дыплом другой ступені — у Ганны Болбат (педагог Д. А. Мікуліч); у старэйшай узроставай групе дыплом трэцяй ступені заваявала Дыяна Андрукевіч (педагог Я. М. Крывіня).

У секцыі "Струнна-народныя інструменты" сярэбраным прызёрам малодшай групы стала Анастасія Салата (настаўніца I. П. Сідорчык, канцэртмайстар М. М. Пуйта); таксама другое месца ў сярэдняй узроставай групе заняла Інэса Максімава (настаўніца С. I. Бубен, канцэртмайстар М. М. Пуйта), трэцяе месца — у Аліцыі Харэвіч (педагог А. Я. Цыгель). У старэйшай групе ўсе прызавыя месцы размеркаваліся паміж юнымі музыкантамі нашага раёна: першае — заняла Караліна Капковіч (настаўніца I. П. Сідорчык, канцэртмайстар Н. М. Клімец), другое — Дар'я Жамойдзік (настаўніца В. П. Шумская, канцэртмайстар М. М. Пуйта) і Ксенія Фарбер (настаўніца Г. М. Сёмуха, канцэртмайстар Г. М. Мякшыла), трэцяе — Уладзіслаў Хіркоўскі (педагог А. Я. Цыгель).

У мастакоў таксама ўсе ўзнагароды засталіся на Дзятлаўшчыне. Мацнейшай у малодшай узроставай групе стала Надзея Губко, другой — Валерыя Шпакоўская (абедзве вучаніцы В. I. Гранкоўскай), трэці дымом у Луізы Жылянінай (настаўнік В. М. Жылянін). Лепшая работа ў старэйшай групе належыць Роберту Асіпуку (педагог В. I. Гранкоўская), другое месца — у Анастасіі Лаўнік (настаўніца А. Д. Гайдук), трэцяе — у Мікіты Жынко (настаўніца В. I. Гранкоўская).

Усе лаўрэаты конкурсу "Лянок" былі ўзнагароджаны дыпломамі і статуэткамі, прызёры — дыпломамі і медалямі. Кожны з удзельнікаў мерапрыемства атрымаў ад арганізатараў памятную грамату або дыплом "За паспяховае выступленне".

Н. АВЯРЧУК

Ответить

CAPTCHA
Этот вопрос задается для проверки того, не является ли обратная сторона программой-роботом (для предотвращения попыток автоматической регистрации).

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/