Пашанцавала працаваць з такім чалавекам

Восень пазалаціла дрэвы, дыхнула холадам, нагадала, што прыспеў час збіраць ураджай, падводзіць вынікі мінулага лета. Гэтая пара года ў душы кожнага з нас выклікае пэўныя пачуцці. 3 радасцю і лёгкім хваляваннем кожную восень сустракае Галіна Аляксандраўна Кончык, былая настаўніца малодшых класаў сярэдняй школы №2 (цяпер гімназіі №1) горада Дзятлава. Сёлета ў кастрычніку яна адзначае свой 80-гадовы юбілей.

Нарадзілася Галіна Аляксандраўна ў вёсцы Забалоцце Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці ў сям'і калгаснікаў. У 1952 годзе паступіла ў Нясвіжскае педагагічнае вучылішча, пасля заканчэння якога была накіравана працаваць на Дзятлаўшчыну, у Гірыцкую сямігодку. Затым маладую настаўніцу перавялі ў сярэднюю школу №2 горада Дзятлава, дзе яна працавала да 1994 года. Агульны педагагічны стаж Галіны Аляксандраўны складае 38 гадоў. Былыя калегі кажуць пра яе, як чалавека творчага, актыўнага, ініцыятыўнага. Яе працоўныя заслугі не аднойчы былі адзначаны раённымі і абласнымі граматамі, а ў 1980 годзе — граматай Міністэрства адукацыі БССР. 3 1985 года мне пашанцавала працаваць побач з Галінай Аляксандраўнай Кончык. На той час я была намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы №2 горада Дзятлава.

Успамінаючы тыя гады, хачу зазначыць, што Галіна Аляксандраўна любіла дзяцей і сваю прафесію. Гэтай любоўю яна шчодра дзялілася з вучнямі на сваіх уроках, умела адшукаць ключык да сэрца кожнага выхаванца, абудзіць у кожнага дзіцяці імкненне да ведаў. Сама настаўніца, узгадваючы час, праведзены ў школе, расказвае, што больш за ўсё ей падабаўся той момант урока, калі вочы вучняў загараліся жывой цікавасцю, калі дзеці задавалі ей шмат пытанняў. Галіна Аляксандраўна старалася будаваць свае ўрокі так, каб усе дзеці маглі далучыцца да актыўнай працы, не баяліся выказаць сваю думку. Сярод прыёмаў, формаў і метадаў правядзення заняткаў выбірала актыўныя, якія дазвалялі вучням працаваць найбольш прадукцыйна. Галіна Аляксандраўна ўмела арганізоўвала работу вучняў для развіцця іх творчых здольнасцяў, лагічнага мыслення, а вучні радавалі настаўніцу прызавымі месцамі на раённай алімпіядзе па беларускай мове, матэматыцы.

І хаця Галіна Аляксандраўна нарадзілася ў Нясвіжскім раёне, на Дзятлаўшчыне яна пражыла большую частку свайго жыцця. Тут прайшлі яе маладыя гады, працоўная дзейнасць, тут былая настаўніца сустрэла свайго будучага мужа, выгадавала дзвюх дачок — Алену і Аксану. Яны выраслі годнымі людзьмі: Алена скончыла Гродзенскі медыцынскі інстытут, Аксана — Мінскі інстытут культуры. Цяпер Галіна Аляксандраўна мае дзвюх унучак Юлю і Паліну, маленькага праўнука Кірыла.

На заслужаным адпачынку Галіна Аляксандраўна Кончык не сумуе: да яе заходзяць у госці былыя калегі, вучні, суседзі, часта прыязджаюць дзеці і ўнукі, каб дапамагчы сваей любай матулі і бабулі. Тыя зярняткі любові і дабрыні, якія былі пасеяны раней, далі свой ураджай, а таму застаецца пажадаць юбілярцы здаровага, актыўнага даўгалецця.

Г. УРБАНОВІЧ, настаўніца гімназіі №1 горада Дзятлава

Ответить

CAPTCHA
Этот вопрос задается для проверки того, не является ли обратная сторона программой-роботом (для предотвращения попыток автоматической регистрации).

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/