"СЫРНАЯ СТРАНА" ГРОДЗЕНЦАЎ ЗДЗІВІЛА

17 верасня ў Гродне з нагоды яго 888-годдзя прайшло свята горада, якое ўключыла ў сябе шмат цікавых мерапрыемстваў.
У іх ліку быў і традыцыйны святочны кірмаш, да якога было прымеркавана яшчэ і свята сыру. Апошні момант выклікаў асаблівую цікавасць у гродзенцаў і гасцей горада.

Праходзіла свята сыру на Савецкай плошчы. Сваю прадукцыю тут прадставілі многія прадпрыемствы: Ашмянскі, Маладзечанскі, Навагрудскі, Шчучынскі і, вядома ж, Дзятлаўскі сыраробныя заводы.

— У абласны цэнтр мы выязджаем рэгулярна, — паведаміла галоўны інжынер прадпрыемства Вольга Аляксандраўна Болцік. — Заўсёды старанна рыхтуемся да гэтага, стараемся парадаваць пакупнікоў сваёй прадукцыяй, ды і для нас удзел у мерапрыемствах такога кшталту — справа адказная, пачэсная. Тым больш, што тут нас ужо добра ведаюць, а наша прадукцыя нязменна карыстаецца попытам.

У гэтым легка было пераканацца, гледзячы, наколькі бойка ідзе гандаль. Прадаўцы Кацярына Емяльянчык і Вольга Блізняк працавалі практычна без перадыху. Тым не менш, чарга ля іх палаткі выстраілася немалая. Да таго ж, пакупнікі мелі магчымасць не толькі набыць тое, што ім прыглянулася, але яшчэ і паспрабаваць тыя ж дзятлаўскія сыры — побач у такой жа палатцы была наладжана дэгустацыя. I многія, хто наведаўся сюды, з задавальненнем гэтым скарысталіся. Цікавіліся, што за гатунак ім прапанавалі, і ўсе, як адзін, давалі высокую ацэнку вырабам нашых сыраробаў. А нехта нават не стрымаў свайго задавальнення і прамовіў толькі адно слова: "Смаката".

Завітаў на свята сыру і Іосіф Вацлававіч Шышко, які на працягу доўгага часу кіраваў ААТ "Молочный мир", а сваю працоўную дзейнасць пачынаў рабочым на Шчучынскім масласырзаводзе. I хто, як не ён, ведае толк у гэтай справе. Вось і аб рабоце дзятлаўскіх сыраробаў ветэран галіны адазваўся з асаблівай пахвалой. "Малайцы, дзятлаўчане, умеюць яны працаваць і высока трымаюць сваю марку", — такое меркаванне выказаў Іосіф Вацлававіч.

Што тычыцца мяне асабіста, то з прадукцыяй сваіх земля-коў, іх поспехамі і надабыткамі я знаёмы даўно. Яшчэ калі працаваў у Дзятлаве, часта наведваўся і на сырзавод, рыхтаваў артыкулы пра справы гэтага калектыву. I самую падрабязную інфармацыю, якая мяне цікавіла, можна было атрымаць з вуснаў тагачаснага галоўнага інжынера прадпрыемства Ганны Міхайлаўны Крывадубскай, іншых спецыялістаў. I ўжо тады дзятлаўскія сыры пастаўляліся ў Маскву, Ленінград і нават на Кубу.

Дастойна глядзеліся дзятлаўчане і на сёлетнім свяце сыру. У Гродна яны прывезлі практычна ўвесь пералік прадукцыі, што вырабляецца на прадпрыемстве. У асартыменце мяккіх сыроў, напрыклад, налічвалася аж восем найменняў, сыроў фасаваных — пяць. Сярод іх — "Каралеўскі", "Расійскі", "Галандскі", "Сметанковы"... Былі ў гэтым пераліку і масла сметанковае, тварог.

I яшчэ цікавая дэталь. Аб высокай якасці прадукцыі дзятлаўскіх сыраробаў пераканаўча сведчылі шматлікія ўзнагароды, якімі гэтая прадукцыя адзначана, і што былі тут прадстаўлены. A іх набралася з паўтара дзясятка. Сярод іх і медаль за перамогу ў намінацыі "Лепшы прадукт 2016 года", дыпломы.

Што і казаць: з такой прадукцыяй ды ў такім шырокім асартыменце лёгка задаволіць густ нават самага патрабавальнага пакупніка.

У. Томчык, жыхар г. Гродна

Ответить

CAPTCHA
Этот вопрос задается для проверки того, не является ли обратная сторона программой-роботом (для предотвращения попыток автоматической регистрации).

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/