ЛЕС ЯК ЛАД ЖЫЦЦЯ

Абход №3 - самы вялікі ў Казлоўшчынскім вопытна-вытворчым лясніцтве, 860 гектараў, раскіданы па мясцовасці. Яго лясы акружаюць Сачыўляны і Гярбелевічы, Малдавічы і Колкі, прасціраюцца аж да Нянадавічаў і Доўбневічаў. Не адзін дзясятак гадоў беражліва, па-гаспадарску, даглядае яго ляснік Алег Яфімік. Магчымасць пагутарыць з Алегам Тадэвушавічам выдалася на яго працоўным месцы, на ўскрайку лесу паблізу вёскі Гярбелевічы.

— Акурат цяпер праводжу высечку догляду, - тлумачыць ляснік, — фармірую лес. Выдаляю непатрэбныя пароды, пакідаю хвойнікі і цвёрдалісцёвыя дрэвы.

Работа ў лесніка разнастайная і ў нечым нават творчая, звязаная са зменай сезонаў у прыродзе.
Як расказвае Алег Яфімік, пачынаецца ўсё з вясны, з пасадкі дрэваў. Саджанцы акуратна выкопваюць у гадавальніку і адвозяць на дзялянкў, дзе вырасце новы лес. Апроч гэтага, вясною трэба выдзеліць участкі ляснога масіву, якія на наступны год неабходна будзе высякаць, каб лес не ператвараўся ў гушчар.

Лета — гарачая пара не толькі для хлебаробаў, але і для ўсіх без выключэння работнікаў лясной гаспадаркі: трэба лес даглядаць, абкошваць, нарэшце, несці дзяжурства па ахове лесу ад пажараў.

Восень — час агледзець, як прыжыўся пасаджаны лес, нешта дасадзіць, падправіць, падрыхтавацца да зімы.

— Зімой прырода адпачывае, а леснікі працуюць, — папярэджвае мае пытанне Алег Тадэвушавіч. — У снежні пачынаецца нарыхтоўка навагодніх дрэваў, калі патрэбна — шышак. А як толькі спадуць крыху маразы — нарыхтоўваем драўніну разам з рабочымі, каб выканаць план. Дапамагаем адзін аднаму, а з вясны зноў як мага раней садзім новыя дрэвы.

Алег Яфімік — не проста ляснік, а яшчэ і тытулаваны вальшчык лесу. На працягу шаснаццаці сезонаў ён удзельнічае ў абласных спаборніцтвах вальшчыкаў, амаль заўсёды — з добрымі вынікамі ў агульным заліку або ў асобных відах.

— У 2001 годзе я паехаў на абласныя спаборніцтвы і стаў пераможцам сярод тых, хто ўдзельнічаў у іх упершыню, быў лепшы ў розных відах праграмы. І цяпер помню, якія прызы прывёз з конкурсу — вуду, электрадрыль, парасон і фотаапарат, — узгадвае Алег Тадэвушавіч.

Па словах ляснічага, цяпер на конкурс прыходзіць шмат маладых, спрытных удзельнікаў, з якімі вельмі складана змагацца. Нягледзячы на гэта, і сёлета ў Казлоўшчынскае лясніцтва наш канкурсант вярнуўся з трэцім прьізавым вынікам у адным з відаў — дакладнай раскрыжоўцы дрэваў.
Размаўляючы з работнікамі лясной гаспадаркі, я не раз пераконвалася, што ўсе яны як адзін шчыра любяць лес і сваю справу, але кожны па-свойму.

— Ніколі не задумваўся, за што люблю працу, — разважае ляснік. — Мабыць, душа да лесу ляжыць, і ўсё. Выбраў гэту прафесію, бо адчуваў, што між іншых гэта пасапраўднаму маё.

А як магло быць іначай? Алег Яфімік нарадзіўся і правёў дзяцінства на хутары за шэсць кіламетраў ад гарпасёлка Казлоўшчына, лес з самага маленства быў'яму цікавы і зразумелы. А праца вальшчыка захапіла, бо гэта справа сапраўдных мужчын:
— Спілаваць магутнае дрэва — няпроста і цікава, — дзеліцца ўражаннямі Алег Тадэвушавіч. — Пачынаеш яго валіць, быццам уступаеш у адзінаборства, — толькі дрэва і ты. I каб перамагчы, трэба вытрымаць характар.

За гады працы Алега Яфіміка ў лясной гаспадарцы высокімі выраслі пасаджаныя ім калісьці дрэвы, узгадавалася цэлае пакаленне маладых людзей. Лесніка засмучае, што не ўсе яны берагуць лясное багацце:
— Лес — наш ахоўнік і кармілец, — нагадвае Алег Тадэвушавіч. — Ён хаваў партызанаў і мірных жыхароў у вайну, ён дапамагаў пракарміцца мясцовым людзям у галодныя гады. А цяпер часта можна пабачыць у лясным масіве сляды "цывілізацыі" — пластыкавыя бутэлькі, паперкі ці нешта падобнае.

Тым не менш, лес будзе жыць. А каб ён заставаўся чыстым і гасцінным, стараюцца не толькі работнікі лясной гаспадаркі, але і мясцовыя школьнікі, якія прымаюць удзел у добраахвотных акцыях, што ладзіць Казлоўшчынскае вопытна-вытворчае лясніцтва.

Н. АВЯРЧУК

Ответить

CAPTCHA
Этот вопрос задается для проверки того, не является ли обратная сторона программой-роботом (для предотвращения попыток автоматической регистрации).

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/