Частка IІ. ("Чужая бацькаўшчына")

II.

Ужо трэці год, як Алеся асталася ўдавою. Алесін чалавек, Радзівон Мондры, секучы дровы, абсек сабе калена: нагу спярша падцягнула, потым, калі ён выцяўся балячым месцам аб вось у калёсах, яна развярэдзілася і болей ужо не гаілася. 3 гэтае нагі, памучыўшыся яшчэ зіму, ужо не ўстаючы з ложка, Радзівон і памёр.

Неяк і не шкадавала яго Алеся. Ішла замуж не любіўшы — спадзявалася, што звыкнецца, а звыкнуцца не магла. Здаецца, валасы на сабе рвала б: столькі хлопцаў у сватах было, а яна ўсё перабірала — то малы, то брыдкі, то «рускае веры» (Алеся была каталічкаю), покуль не заседзелася ў дзеўках і не сталі сватацца ўдаўцы. А за аднаго з іх, кульгавага Лабара з мястэчка, што дачок меў ледзьве не Алесіных равесніц, бацька нават стаў выпраўляць замуж. Тады якраз засватаўся Радзівон Мондры. Які там хлопец — аршын з шапкаю, але выйсця не было. Прыгледзелася на вяселлі да маладога і жахнулася, убачыўшы, што нават на кончыку носа ў яго растуць валасы. Пабыла з ім год, а прывыкнуць не магла. Не хацела, каб нават дзеці былі з ім. Прынесла раз на рэчку паласкаць бялізну, ужо была тоўстаю, дзіцем хадзіла, і, нібы звар'яцеўшы, пачала душыць свой жывот: на сёмым месяцы яно і радзілася нежывое. А праз год Радзівон і памёр.

Пасля яго смерці Алеся паспраўнела, стала выглядаць лепш, як была дзеўкаю: на вечарынках і вяселлях каля яе пачалі круціцца хлопцы і п'яныя маладзейшыя мужчыны.

Бабы спярша за вочы, а потым і ў вочы абмаўлялі яе, а дзеці, падвучаныя старэйшымі, лазілі на страху, затыкалі комін, а некаторае ночы, выцягнуўшы з-за хлевушка, паставілі ў весніках прыбіральню.
Алеся прынясла з дому ад бацькі жоўтую сучачку, але яна ўжо не памагла — Алесю зачаравалі.

Было гэта летась, на восень бралася: высока ў небе віліся і востра цвірчэлі, сабраўшыся разам, ластаўкі; абсыпаўшыся жоўтымі бубкамі, цвіў палын каля плота. Алеся сядзела ў зацішку на сонцы, шыла сабе сарочку. Адвярнулася ў хату напіцца вады, прыйшла назад, а на сарочцы жаба ляжыць — сухая, пляскатая, нібы раздушаная колам, і вялікая ржавая іголка каля яе. Алеся страсла з шытва гэтую сухую жабу і пабегла ў хату, а на галаве аж валасы зашавяліліся. Алеся як чула бяду. Назаўтра яна пачала недамагаць: балела галава і ў вушах стаяў гуд, нібы званы званілі. Пад вечар яна сядзела на ложку, сонца ўжо закацілася, толькі на небе астаўся чырвоны пасак. Хацела падысці да акна, але ног не чуваць і свет засланіўся: перад вачмі бягуць то чырвоныя, то чорныя палосы. А ўночы з горла кроў пайшла.

Запалілі лямпу — кроў чорная, як запечаная свіная юха. Свякроў, збегаўшы, паклікала Алесінага бацьку з братам. Запрэглі каня, і брат Змітрык павёз Алесю да доктара. Покуль даехалі да мястэчка — Алесі трохі адлягло. Яна ўжо, саромеючыся доктара, распранацца не хацела, покуль брат крыку не нарабіў. Паслухаў яе доктар ды ў вочы ўжо сказаў: «Маладзічка, я вам не памагу, у вас нэрвы... Шукайце бабку».

За тыдзень Алеся зблажэла і ссохла, як тая жаба. Нават ад памяці пачала адыходзіць. Асталася раз адна ў хаце — і падалося ёй, што скрыпнулі дзверы. Азірнулася — адно ж каля парога нябожчыца маці стаіць: у шэрым, яшчэ пасажным, бурносе і ў хустцы-канаплянцы. Алеся аж утрупянела. Скоранька перахрысцілася — і маці прапала, там толькі нейкая яснасць асталася.

Бацька апытаў недзе далёка, аж пад Наваградкам, знахарку, завёз да яе Алесю. Тая загаварыла на хлеб, сказаўшы есці яго, як усходзіць і заходзіць сонца. Тры дні. Алеся з'ела астатні раз той хлеб, і з вачэй ссунулася каламутнасць, пасвятлеў свет, нібы туман разышоўся. Але ў галаве астаўся гуд і звінела ў вушах, як званы званілі.

Акрыяла Алеся не скора, толькі праз год. Чужая кабета, з якою разгаварылася, ідучы з кірмашу з мястэчка, куды насіла прадаваць, збіўшы, фунт масла, сказала ёй:
— Вы ўжо, дзеткі, не гневайцеся на мяне, але я скажу праўду. Дзіця вам трэба мецека. I хвароба пройдзе, і паздаравееце вы. Без мужчыны ссохнеш...

Пасля гэтага Алеся ціхенька, нікому не кажучы, пачала прыглядацца да чужых мужчын. I адзін з іх, Бронік Літавар, падкі да дзевак, як счуў — прывалокся п'яны сярод ночы, стукаў у акно. Алеся чула, але ні ганяць яго, ні адчыняць яму не пайшла. Свякроў, перапалохаўшыся гэтага стуку, пачала гукаць да Алесі. Але як жа ж ты адчыніш пры старой? Ды ці добра гэта — мець без мужыка дзіця? Яно ж будзе лічыцца чужым у гэтай хаце.

Нямая, ведама глухая, грала носам на ўсю хату, нічога не чуючы. Алеся, не аказваючыся, таксама знарок захрапла. Літавар мацюкнуўся на старую і адышоўся ад акна — за ім усё ўлягала, заходзячыся ад брэху, заядлая сучачка.

Але Літавар не адступіўся, пачаў чапіцца і цвярозы. Ужо гэтай восенню, калі яна пайшла за рэчку ў алешнік, каб награбці лісця, ён, як знарок ведаючы, дзе яна павернецца, падцікаваў яе там. Нібы смехам, нібы ў жарт, пхнуў яе на зямлю разам з гэтай вялікаю ад сухога лісця радзюжкаю на плячах. Яна аж самлела, падумаўшы, што можа і адолее. Скоранька выкруцілася з тае радзюжкі і што было моцы штурхнула яму граблішчам у грудзі.

— Ну, пачакай, яці тваю!.. — крыкнуў ён, спатыкаючыся на купешку і ловячы на ляту сваю шапку.
Яна, выракшыся таго лісця і старое радзюжкі, пусцілася што ўжо было сілы дадому. Свякроў потым усё шукала тую радзюжку і, не перасціхаючы, кляла.

Цяпер у хаце быў Імполь. Алеся, не саромеючыся, пачала прыглядацца да яго.

Ответить

CAPTCHA
Этот вопрос задается для проверки того, не является ли обратная сторона программой-роботом (для предотвращения попыток автоматической регистрации).

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/