Мера сэрца

Маленькі хлопчык Веслаў Дамброўскі не прапускаў ніводнай імшы ў касцёле. Ды, прынамсі, у іхнім Рэмбэртуве — прыгарадзе Варшавы — так рабілі ўсе: і дарослыя, і дзеці. Але ён не проста маліўся і слухаў пропаведзі святара. Ён усім сваім сэрцайкам імкнуўся стаць дастойным высокага звання ксяндза, каб несці людзям духоўную чысціню, аберагаць іх ад усякага зла. Гэта была яго запаветная мара. Крыху падросшы, сказаў тату, які працаваў у гарадку бухгалтарам:

—Я буду ксяндзом!

Мама, рабочая фабрыкі, дзе рабілі ёлачныя цацкі, чула гэта, і яе твар прасвятліла радасная ўсмешка.

—Яшчэ невядома, — задумліва прамовіў тата. — Сам ведаеш: у нас сям’я вялікая — мы з мамай, бабулька, ты і тры твае сястрычкі. За вучобу ў духоўнай семінарыі трэба плаціць чатыры з паловай тысячы злотых у месяц, а гэта палова таго, што я зарабляю. Сам разумееш, сынок, што вучобу тваю мы аплаціць не зможам...

Але нездарма кажуць, што Бог не без літасці, а чалавек не без шчасця. Пра жаданне Веслава стаць ксяндзом даведалася пані Мар’я Корда, якая жыла непадалёку і была вельмі заможнай.

—Я памагу табе, Веслаў, — сказала яна аднойчы. — Буду кожны месяц плаціць за вучобу поўнасцю. Толькі вучыся.

—І шаноўная пані на працягу двух гадоў плаціла па чатыры з паловай тысячы злотых у месяц за здзяйсненне маёй мары. І потым, калі вучыўся далей, адзін раз у год давала грошы, — з цеплынёй у голасе кажа ксёндз Веслаў. — Яна дачакалася таго часу, як я прыняў духоўны сан, і з гордасцю ў голасе ўсім казала:

—Гэта мой ксёндз!

Дзесяць храмаў

Ужо ў сталым веку ксяндзу Веславу Дамброўскаму пашчасціла пабываць у Ватыкане, сустрэцца са славутым на ўвесь свет Папам Рымскім Янам Паўлам II. Сустрэча была вельмі радаснай. У падарунак дэлегацыя вернікаў прывезла святому айцу цёплыя шкарпэткі, абрус — суцэльнае рышэлье і карціну. Усё зроблена сваімі рукамі.

—Паклаўшы руку мне на плячо, Ян Павел II спытаў: “Колькі храмаў пабудаваў?” — “Восем, — адказваю. — І яшчэ два пабудую”. — “Ці адолееш? — засумняваўся. — Вельмі ж ты худы...”

То быў жарт. Успамінаючы гэта, сапраўды худзенькі, невысокі ростам ксёндз Веслаў усміхаецца:

—А ўсё ж такі я пабудаваў іх! Няхай і не вялікія храмы на сотні людзей, няхай сярод іх ёсць і каплічкі, але ўсё ж Божыя храмы.

Некалі ён пачаў гэту высакародную справу ў Польшчы, дзе служыў ажно ў трынаццаці прыходах. Пасля яго там засталося восем касцёлаў, новых, у будаўніцтва якіх уклаў і душу, і фізічную працу. А потым у жыцці ксяндза Веслава нечакана адбыліся змены...

У мілай Беларусі

У 1993 годзе нечакана памёр яго сябра — ксёндз, што жыў і працаваў у Беларусі, у Лідзе. Веславу Дамброўскаму прапанавалі заняць яго месца.

—Так я прыехаў у Беларусь, якая стала мілай майму сэрцу, як кажуць, другой радзімай, — апавядае ксёндз Веслаў. — Адпрацаваў у Лідзе не адзін год, і мяне перавялі на Дзятлаўшчыну, у пасёлак Наваельня. І вось ужо пятнаццаць гадоў я тут. Люблю гэты край, люблю людзей, асабліва сэрца цягнецца да дзетак. Так і хочацца пагладзіць іх па галоўцы, прылашчыць. Такі лёс, што сваіх дзяцей мы, ксяндзы, не маем, бо не маем права браць шлюб, а я іх вельмі люблю, і яны ўсе мне родныя.

Упершыню я суст-
рэлася з ім шмат гадоў назад. Было гэта ў дзятлаўскім Белаграпрам-банку. У чарзе да адной з кас стаяў невысокі худзенькі мужчына ў адзенні каталіцкага святара. Калі чарга дайшла да яго, сказаў касірцы, што хоча заплаціць штраф за свайго сябра — італьянскага ксяндза, які прыязджаў у Беларусь і, не ведаючы законаў краіны, нешта тут парушыў. І міліцыя аштрафавала яго.

—Вы тут напісалі прозвішча і імя таго італьянца, а як яго імя па бацьку? — спытала касірка.

—Я не ведаю... — разгублена прамовіў святар.

—А трэба напісаць, — настойвала касірка.

Людзі ў чарзе занерваваліся, заступаючыся за ксяндза.

—У іх жа не называюць па бацьку. Толькі прозвішча і імя, — не ўстрымалася я, каб не ўмяшацца. — Каб яшчэ вы плацілі яму грошы, то можна было б зразумець, а то атрымліваеце ў касу. Вазьміце, калі ласка, упэўнена, што ніхто вас за гэта не пакарае.

Усё вырашылася, а я пачала цікавіцца ў знаёмых, што за новы каталіцкі святар з’явіўся ў раёне, бо тады іх было яшчэ няшмат. Ніхто не ведаў. А потым праз некаторы час сустрэла яго на імшы ў дзятлаўскім касцёле. Ён замяняў нашага ксяндза, калі той некуды паехаў. Памятаю, яго пропаведзь нікога не пакінула раўнадушным. Ён выйшаў на сярэдзіну касцёла, бліжэй да прыхаджан, і пачаў гаварыць так ласкава, даходліва, пранікнёна, што на вачах у людзей выступілі слёзы.

Пасля пропаведзяў гэтага ксяндза яго нельга не палюбіць, нельга не пранікнуцца той шчырасцю і духоўным святлом, што зыходзяць (гэта так адчуваецца!) ад яго высакароднага сэрца. А калі даведваешся пра яго выдатныя справы — няма мяжы захапленню. Ён прыехаў у Наваельню, можна сказаць, на пустое месца. Нават горш, чым на пустое, бо ў святым храме быў кінатэатр. Калі прыбыў ксёндз, кінатэатр зноў аддалі вернікам. Работы было непачаты край. Драўляныя сцены настолькі спарахнелі, што, калі дакранаўся пальцам, з бярвення сыпала труха. Святар прыклаў нямала намаганняў, каб будынак сапраўды стаў храмам. Сцены, напрыклад, зрабілі з блокаў і цэглы, між імі так званая паветраная праслойка, каб не было сырасці і трымалася цяпло. Дабудавалі другі паверх, дзе атрымалася сем пакояў. У адным з іх — вялікім, светлым утульным — кожную нядзелю ксёндз Веслаў праводзіць заняткі з дзецьмі і моладдзю. Іх збіраецца шмат, бо ксяндза вельмі любяць. Ён бывае і сур’ёзным, і вясёлым, а галоўнае, так цікава апавядае. Словы кладуцца на сэрца і застаюцца ў іх.

—Тыя дзеткі, якія ха-дзілі на заняткі ў першыя гады маёй работы, ужо дарослыя, жывуць у розных мясцінах, некаторыя вельмі далёка. Але калі прыходзіць пара жаніцца ці выходзіць замуж, браць шлюб едуць сюды, у наваельненскі касцёл. Мяне гэта вельмі радуе, — з замілаваннем кажа ксёндз Веслаў.

А колькім маладым парам ён даў шлюб, колькі дзетак ахрысціў за 47 гадоў святарства — не злічыць.

Да глыбіні душы ўдзячны яму жыхары вёскі Хрольчыцы, ды і ўсяго наваколля. Некалі на хрольчыцкіх могілках была драўляная капліца, але ў час вайны яе разбурылі. Людзям не было куды хадзіць маліцца. І калі ў 2002 годзе поўнасцю было закончана будаўніцтва наваельненскага касцёла, святар узяўся за ўзвядзенне капліцы на тым самым месцы. За сем цяжкіх, напружаных месяцаў работу закончылі. Кожную нядзелю і ў святы ён прыязджае туды і адпраўляе імшу. Шкада толькі, што год ад году жыхароў у вёсках становіцца ўсё менш.

Пакуль сэрца гарачае

Прыехаўшы нядаўна ў наваельненскі касцёл, я застала ксяндза Веслава за не зусім ксян-дзоўскім заняткам: ён з яшчэ адным мужчынам маляваў плот. Рукі ў фарбе, у трэшчынках... Рукі працоўнага чалавека. Адчуваецца, што працаваць фізічна для яго — звычайная справа. Затое які навокал парадак, якая чысціня і ўтульнасць! Дацвітаюць восеньскія кветкі, шумяць на ветры маладыя елачкі, ля пярэдняй сцяны — бюст Папы Рымскага Яна Паўла II. Пад ім палымнеюць чырвоныя кветкі. А чатырнаццаць станцый Крыжовай дарогі, па якой ішоў пан Езус! Яны пабудаваны ксяндзоўскімі рукамі вакол касцёла з вялікім густам, акуратна і прыгожа.

—Пакуль сэрца гарачае, трэба працаваць. Ды мне ў гэтым дапамагаў адзін чалавек, якому я шчыра ўдзячны, — кажа ксёндз. — Цяпер у Вялікі пост кожную пятніцу мы тут молімся ўсім прыходам. Дзеткі прыходзяць, — зноў вяртаецца ён да сваёй любімай тэмы. — Бывае, ідуць з касцёла ўпоцемку, то я ім усім флікеры падарыў, каб былі адметныя на дарозе. Не толькі каталіцкім, але і праваслаўным дзеткам хапіла, бо ўсе яны дарагія майму сэрцу.

Нядаўна гэты цудоўны чалавек і святар зноў праводзіў імшу ў дзятлаўскім касцёле, і мне пашчасціла пабыць на ёй. У час пропаведзі мы і наплакаліся, і насмяяліся, і яшчэ раз моцна задумаліся пра сэнс свайго існавання на гэтай зямлі.

—Што галоўнае для чалавека? — пытаў ксёндз Веслаў. — Наяўнасць дыплома? Не. Багацце? Таксама не. Галоўнае — мера сэрца. Чалавек можа быць і неадукаваны, і бедны, але калі ў яго добрае, спагадлівае сэрца, калі не можа прайсці міма чужой бяды — ён варты вялікай павагі і пашаны. Не пускайце ў свае сэрцы зло, беражыце ад зла дзетак, выхоўвайце культуру паводзін. Бог даў чалавеку розум, даў права выбару, як трэба жыць. Дык карыстайцеся ж гэтым вялікім дарам.

Напрыканцы нашай размовы ў Наваельні Веслаў Дамброўскі вельмі прасіў праз газету падзякаваць дактарам, медыцынскім сёстрам, усім работнікам Дзятлаўскай раённай бальніцы за тое, што нядаўна выратавалі яго ад немінучай смерці. І я раблю гэта з вялікім задавальненнем. Ксёндз пайшоў у лес, і яго ўкусіла змяя. У цяжкім стане яго даставілі ў рэанімацыю.

—Я нізка кланяюся ім і за іх малюся, — сказаў ксёндз.

Ответить

CAPTCHA
Этот вопрос задается для проверки того, не является ли обратная сторона программой-роботом (для предотвращения попыток автоматической регистрации).

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/