Генеалогія, альбо Радавод Адамчыкаў

Прозвішча Адамчык паходзіць з памежжа Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай (Бярэсце).

На Слонімшчыну яно прыйшло разам са знакамітымі Агінскімі. Падкаморына Віленская Барбара з роду Агінскіх, жонка Мальхера Шэмета, сакратара камісіі па складанні Літоўскага Статута, у 1651 годзе «вечным правам набыла за шэсцьсот коп грошай лічбы літоўскай з баярамі, падданымі і ўсімі прыналежнасцямі» навакольныя фальваркі і вёскі і тут жа далучыла іх да маёнтку Наваельня, да якога ўжо прыналежала наша ятвяжская Варакомшчына. Так у тутэйшай мясцовасці з'явілася прозвішча Адамчык. Ад упраўляючых ці эканомаў — невядома.

Пасля Шэметаў маёнтак перайшоў у спадчыну Шукевічаў.

У Гродзенскім гістарычным архіве я шчасліва натрапіў на абрывак інвентара (1843) маёнтку Наваельня, які чамусьці апынуўся ў фондах Ашмянскага раёна. Але радасці маёй не было межаў — там пералічваліся назвы мне знаёмых і блізкіх вёсак. А да панскага двара іх прыналежала ажно дваццаць тры з мястэчкам Раготна і шасцю фальваркамі. У суседніх ад нашай Варакомшчыны Аханянах на 9 двароў я з няменшым дзівам прачытаў прозвішчы двух Адамчыкаў — Тодара і Сымона. Багацейшым аказаўся Тодар, не толькі на авечкі, свінні і валы ў хляве, але і на мужчынскія душы ў хаце — іх было ажно сем. I тут у дакумент умешваецца даўняе варакомскае паданне. Пабіўшыся з сынамі — адзін праз гэта павесіўся, а другі ўцёк з хаты, — багаты гаспадар у Варакомшчыне Язэп Юсіфаў Аблажэй, застаўшыся без дужых мужчынскіх рук, пасадзіў у сані і павёз у суседнія Аханяны сватаць сваю дачку. Павёз да братоў Адамчыкаў — Тодара і Захара, у якіх было найбольш хлопцаў. Аднаго з іх — Янку — Язэп Аблажэй і ўзяў да свае дачкі прымаком.

Дзея гэта адбылася яшчэ напярэдадні адмены прыгону. Пасля смерці цесця Язэпа Янка прыклікаў да сябе ў помач малодшага брата Алеся (1834—1919). Нарадзіўшы чацвёра дзяцей, Аблажэіха гвалтоўна памерла. Янка Захараў Адамчык мусіў жаніцца другі раз. I браў ён удаву Ганну з вёскі Дудзічы (як сведчыць назва, там было, напэўна, нямала музыкаў-дудароў), якая, ажаніўшы сына Захара і заручыўшы дачку, кінула гаспадарку і сама пайшла замуж. Ад яе ўжо і нарадзіўся Тодар, будучы мой дзед Фёдар Адамчык (1865—1943), сын Iвана і Ганны.

Неўзабаве памёр Янка. Гаспадарку ў свае рукі бярэ старэйшы яго сын Лявон (іншы раз у дакументах — Леў) (1855(?)—1940). Дзеда ж майго, сірату Тодара, гадавала старэйшая сястра Хвядора, што была замужам у Ліжэйках, якія таксама, як і Варакомшчына, прыналежалі да панскага двара Наваельня, толькі былі іншага фальварку — Зосін. Падросшы і падужэўшы, Тодар у зводнай сястры быў і за пастуха, і за малацьбіта, і за сяўца.

Але звернемся, прынамсі, да архіўных дакументаў. Згодна інвентару маёнтка Наваельня ад 5 снежня 1845 года прыгонны Язэп (Iосіф) Аблажэй, дзевяты з адзінаццаці гаспадар у вёсцы Веракомшчызна 3-га фальварку Ахонаў (Ахонва — цяпер рабкоўскія і варакомскія хутары), валодаў 7 дзесяцінамі і 2010 сажнямі добрай, 6 дзесяцінамі і 1900 сажнямі сярэдняй і 6 дзесяцінамі ніжэйшай зямлі. Трымаў чатырох валоў, аднаго каня, тры каровы, семнаццаць авечак, трое свіней і меў адзінаццаць вулляў пчол.

Як тут не пасадзіш у сані дачку і не паедзеш сватаць яе за дужага хлопца, каб даглядзець спраўную гаспадарку.

I можна было б жыць, як варакомцы кажуць, на шырокую нагу, каб не прыгон. Згодна павіннасці варакомскі селянін мусіў адбываць на пана тры з канём і тры пешых дні. Гэта кожны тыдзень. Былі яшчэ знакамітыя гвалты, калі з хаты выходзілі ўсе (вядома, хто мог працаваць), пакінуўшы на варце толькі аднаго. На выпадак пажару ці зладзейства. Гвалты прыходзіліся найболып на жніво і сенаванне.

Апрача таго, была грашовая павіннасць — аброк альбо чынш. Варакомцы, надзеленыя 19 дзесяцінамі воранай зямлі, плацілі ў год 1 р. 44(?) кап.

Не абыходзілася і без рэчавай даніны з сялянскага двара: па 3 курыцы, 10 яек, 3 талькі пражы, 1 фунту неваду і 2 фунты сушаных грыбоў.

Сытна, уежна і ўлежна, як сказаў бы варакомец, жылося панам і падпанкам Шукевічам і Лахніцкім. Але час адмераны ўсяму, у тым ліку і прыгону. Праўда, дзед мой не зведаў яго.

У шаснаццаць ці семнаццаць гадоў Тодар вяртаецца ў родную варакомскую хату. Лявону, старэйшаму брату, гэта не ў нос — гаспадарку прыйдзецца дзяліць на двух. Прылучыўшы момант, калі слабейшы і маларослы Тодар аказаўся ў варыўні ці стопцы, Лявон (я помню гэтага высокага сіва-рудаватага дзеда) разам са сваёю Аўдоцяю, схапіўшы за горла, намагаюцца яго задушыць. Невядома, чым скончылася б усё, каб на гэты лямант не надышла суседка Міхаліна...

I гаспадарку сквапнаму Лявону прыйшлося падзяліць ужо на траіх — яго, Лявона, зводнага брата Тодара і іхняга дзядзьку Алеся Захарава Адамчыка.

Як успамінаў мой бацька, Ладзімер Тодараў Адамчык, дзеду дасталася траціна — трэцяя частка валокі.
Атрымаўшы надзел, Тодар нарэшце пачаў падумваць пра жаніцьбу. Жаніўся ён ужо сталым хлопцам на беднаватай, як і сам, дзяўчыне. Браў яе, маладзенькую, з суседняе вёскі Рабкі. Гэта пацвярджае мая

Ответить

CAPTCHA
Этот вопрос задается для проверки того, не является ли обратная сторона программой-роботом (для предотвращения попыток автоматической регистрации).

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/