Воўк прагне крыві

Біяграфічнае апавяданне

Усё пачалося з таго, што рыжавата-рабаціністы і шыраканосы Міша, як ён сябе называў, падвёў мяне да чорных, абабітых дэрмацінам дзвярэй з падазронай шыльдай, на якой срэбрам паблісквала ўсяго адно слова — «спецчасць», і, падмаргнуўшы рыжымі вейкамі, неяк уладна, па-гаспадарску, нібы пажадаўшы шчасця, сказаў:
— Зайдзі сюды. Тут цябе ведаюць.

Я адчыніў чорныя дзверы і ў другім пакоі каля бар'ера ўбачыў трохі ўстрывожанага маім нечаканым візітам рослага чарнявага мужчыну, якога спатыкаў не раз тут, пры рэктараце, прымаючы яго то за аспіранта, то за выкладчыка.

— Вы да мяне? — скоса і з падазроным чаканнем зіркнуў чарнявы мужчына.
— Не! Я памыліўся, — змахляваў я і ўміг высунуўся назад, у калідор.

Міша, прытуліўшыся спіною да адзінага тут на калідоры акна, стаяў зводдаль.
— Ты што? — ён падаўся мне насустрач.
— Ды нічога.

Нарэшце здагадаўшыся, хто ёсць гэты фіктыўны студэнт фізмата, я шпарка, з рашучым імпэтам прайшоў міма яго.

— Ну, глядзі, каб не было горай.

Ужо, вядома, не помніцца, што я адказаў тады.

Дарэчы, потым нехта з журфакаўцаў мне сцішком і таемна шапнуў:
— Што ты з ім ходзіш, мы ж усе ведаем, хто такі Міша.
— Дзякую, але запозна ты мяне папярэдзіў.

Дзіўная рэч — пасля такой перасцярогі я, нібы набожная кабета, пачаў перабіраць на ружанцы сваёй памяці ўсе пацеркі, дзе, калі і што мною было перагаворана непрыкметнаму, у шарым пацёртым касцюмчыку недаростку з фізмата. Бо гутарак папраўдзе было нямала, і каля акна, пры бібліятэчнай зале, і на лаўцы ў скверы перад знакамітай скульптурнай групай, і проста на асфальтнай дарожцы паміж універсітэцкімі карпусамі.

Iшоў 1956-ы год — час, як потым яго называлі, хрушчоўскай адлігі. Але ў турмах задыхаліся яшчэ сотні тысяч людзей, асабліва нас, заходнікаў. На пошце ў роднай Наваельні я падпісаў насліненым хімічным алоўкам на фанернай скрынцы калымскі адрас былога вучня нашай школы Iвана Мароза, асуджанага, як сказаў яго трохі нібы адрошаны, непісьменны, бездапаможны бацька, на ўсе 25.

Але, адчуўшы паслабленне, як заўсёды, гатовая да незалежнасці, пачала бунтаваць ганарлівая Польшча. I непакорная Вугоршчына, узняўшыся ўсім народам на змаганне за дэмакратычныя правы і за адлучэнне ад прыгону Масквы, аблівалася гарачаю крывёю. Яе душылі сталёвыя гусеніцы савецкіх танкаў. Кроплю чалавечай свабоды былая савецкая імперыя ўспрымала як успенены акіян варожай непадуладнасці і гнеўнай непакорнасці. Дзяржаўныя стражнікі бяспекі і прымусовага парадку ўстрывожана высочвалі і вышуквалі як за межамі, так і тут асабліва небяспечных ворагаў, якія імкнуцца звергнуць, падарваць і аслабіць «власть рабоче-крестьянских советов», «учиняют массовые беспорядки, изготовляют и хранят литературу того же характера».

I вось за мною, куды я ні іду, дзе ні прысяду, як прыручаны грак, з ціхім шорхатам падлятае ён, Міша, студэнт з фізмата. Палкія, невядомыя і, пэўна ж, небяспечныя падзеі яго хвалююць не менш, чым мяне.
Наіўны, неспрактыкаваны ў жыцці хлопец, я ж, вядома, дзялюся ўсім, пра ўсё расказваю: што здаў падборку вершаў у часопіс «Беларусь», што рыхтую апавяданне для «Маладосці», а ў «Полымі» мае быць надрукавана мая навела — першая ластаўка, як назваў яе Максім Танк.

Міша неадступна, як прыпрэжаны, ходзіць за мною. Гэта прыкмячаюць усе, апрача самого мяне. Бо я жыву ў нейкім іншым, непраўдападобным, неверагодным свеце, чакаючы з нясцерпным жаданнем чарговага нумара часопіса «Беларусь», які я разгарну і са шчаслівым дзівам убачу падборку сваіх вершаў. Аднак у кіёсках і бібліятэках з’яўляюцца новыя, пахучыя ад друкарскай фарбы адбіткі часопіса, а майго імя ў іх няма. Я саджуся на грукатлівы трамвай з тадышнімі бясконцымі званкамі на частых прыпынках і еду на вуліцу Пушкіна, 55, у Дом друку, дзе змяшчаліся ўсе нешматлікія рэдакцыі, каб выясніць справу: мае ж вершы дакляравалі надрукаваць пасля падборкі С. Гаўрусёва. Я ж так паслухмяна, старанна і ўпарта шліфаваў кожны радок.

— Нічога не ведаем, нічога не знаем. Шукайце Кавалёва.
— А дзе яго знайсці? — пытаю.
— У Маскве.

Не ўсцешылі мяне і ў «Полымі», сказаўшы, што навела дзесьці згубілася. Дакляравалі, праўда, пашукаць.
У «Маладосці» на мяне з падазроным недаверам глянула нерухомае шкляное вока:
— Што вы ўслаўляеце касцёлы і дзікія грушы? Ета всё даўно ішчарпал Кузьма Чорны, — мова і акцэнт літаратурнага работніка былі, здаецца, магілёўскія.

Ответить

CAPTCHA
Этот вопрос задается для проверки того, не является ли обратная сторона программой-роботом (для предотвращения попыток автоматической регистрации).

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/