ЗДАРОЎЯ ВАМ І ВАШЫМ ДЗЕЦЯМ

Так гучыць просты і запамінальны слоган-пажаданне адкрытага акцыянернага таварыства “Белаграздраўніца", удзельніка XVI рэспубліканскага форума "Еўрарэгіён “Нёман-2014”, дзе асобнае месца было адведзена прэзентацыі турыстычнай галіны вобласці. Санаторый “Радон" - візітная картка Дзятлаўскага раёна - выступаў куратарам павільёна “Белаграздраўніцы” на выставе-кірмашы “Гродзеншчына турыстычная”. Пра адказнае прадстаўніцтва, ход вьіставы-кірмаша і новыя прапановы ў санаторным лячэнні карэспандэнтка пацікавілася ў намесніка галоўнага доктара ўстановы Сяргея Вырко.

- Сяргей Яўгенавіч, каго вы прадстаўляеце на "Еўрарэгіёне "Нёман-2014?
- На сёлетняй выставе-кірмашы мы прэзентуем адкрытае акцыянернае таварыства "Белаграздраўніца”, якое прадстаўлена васьмю санаторыямі - чатырма дарослымі (гэта санаторыі "Радон”, “Парэчча", “Сасновы бор”, “Світанак-Любань”) і чатырма дзіцячымі (санаторыі “Налібоцкая пушча", “Расінка" і аддзяленні “Баравічок”, “Зарніца").

- Як выглядае дзятлаўскі санаторий "Радон'' на фоне калег па аб'яднанні?
- Наш санаторый займае лідзіруючыя пазіцыі сярод лячэбна-аздараўленчых установаў ААТ “Белаграздраўніца". Паслугі санаторыя пастаянна запатрабаваны, адзначаецца поўная загрузка на працягу ўсяго каляндарнага года, а дакладней гэта 450 дарослых месцаў у галоўным і 18 - у другім корпусе, а таксама 176 месцаў у аддзяленні “Баравічок”, дзе аздараўляюцца дзеці не толькі з усяе рэспублікі, але і з блізкага замежжа. Пуцёўкі замаўляюць як фізічныя асобы, так і арганізацыі, з якімі мы сёння актыўна працуем. Напрыклад, сёлета мы аздараўлялі дзяцей работнікаў канцэрна "Белнафтахім”.

- Што чакаюць ад санаторыя яго наведвальнікі і што вы ім можаце прапанаваць?
- Прыязджаючы да нас, людзі шукаюць кожны нешта сваё. Гэта і адпачынак у камфортных умовах, і жывая маляўнічая прырода ў крокавай даступнасці. Але найперш, безумоўна, у санаторый “Радон” едуць па здароўе. Профілем санаторыя з'яўляюцца захворванні косцева-мышачнай сістэмы і злучальнай тканкі, нервовай сістэмы, мочапалавой сферы, жаночых палавых органаў. Ключавыя метады аздараўлення - працэдуры з радонавымі водамі і сапрапелевымі гразямі. Акрамя таго, на сёння мы вельмі пашырылі спектр сваіх паслугаў і прапануем наведвальнікам новыя прагрэсіўныя медыцынскія праграмы.

- Раскажыце падрабязней пра навінкі, якія з'явіліся апошнім часам у санаторыі.
- Адзін з новых напрамкаў, які паспеў добра зарэкамендаваць сябе, - гэта лазерная касметалогія. Новы ўнікальны апарат “МультыЛайн” дазваляе рабіць лазерную эпіляцыю, выдаленне новаўтварэнняў скуры, карэкцыю рубцоў - вялікі комплекс працэдур па касметалогіі. Таксама ў нас з'явіўся апарат для падводнага выцяжэння пазваночніка. Хочацца адзначыць, што медыцынская база санаторыя пастаянна пашыраецца — уводзяцца новыя працэдуры, з'яўляецца сучаснае абсталяванне, так што мы не стаім на месцы.

- Сяргей Яўгенавіч, падзяліцеся сваімі ўражаннямі ад выставы-кірмашу "Еўрарэгіён "Нёман-2014".
- Карысць ад такіх мерапрыемстваў, на мой погляд, вельмі вялікая. Найперш - прамымі стасункамі з патэнцыяльнымі кліентамі і калегамі. За дні выставы да нашага павільёна шмат разоў падыходзілі цікаўныя людзі, многія з іх - турысты з замежжа. Мы яшчэ раз упэўніліся, што санаторый “Радон" - гэта брэнд, вядомы і папулярны і ў Беларусі, і далека за яе межамі. Тут мы змаглі не толькі абмяняцца вопытам, але і акрэсліць формы супрацоўніцтва з зацікаўленымі арганізацыямі. Так бы мовіць, і іншых паглядзець, і сябе паказаць.

Гутарыла Н. АВЯРЧУК

Ответить

CAPTCHA
Этот вопрос задается для проверки того, не является ли обратная сторона программой-роботом (для предотвращения попыток автоматической регистрации).

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/