ЗА ВЫПАЛЬВАННЕ ТРАВЫ – ШТРАФ

ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас" узмацніў меры па ахове лясоў ад пажараў. Неасцярожнае стаўленне людзей да выпальвання сухой травы і парушэнне правілаў пажарнай бяспекі сталі асноўнымі прычынамі ўзгаранняў у лясах.

За паўмесяца сёлетняга пажаранебяспечнага сезона ў лясным фондзе ўжо зафіксаваны адзін пажар на плошчы 0,2 гектара, які адбыўся з-за спальвання сухой расліннасці каля вёскі Аханяны. Летась у гэты ж час узгаранняў яшчэ не было, і ў цэлым за пажаранебяспечны сезон агнём было пашкоджана толькі 0,65 гектара лесу.

З мэтай узмацнення аховы лясоў ад пажараў дзяржаўная лясная ахова перайшла на больш частае патруляванне ляснога фонду і дзяжурства на наглядальных вышках на працягу ўсяго светлага часу сутак.

Забяспечана поўная гатоўнасць лесапажарных каманд да выезду на ліквідацыю ўзнікаючых лясных пажараў. Уведзены кантроль за выкананнем работнікамі абавязкаў па арганізацыі і правядзенні дзяжурстваў па ахове лесу ад пажараў у лясніцтвах і лясгасе.

Арганізавана таксама шырокая агітацыйна-масавая работа сярод насельніцтва на супрацьпажарную тэматыку. Да людзей даводзіцца інфармацыя пра меры адказнасці, якія прымяняюцца за парушэнне правілаў пажарнай бяспекі ў лясах, у тым ліку за выпальванне сухой расліннасці.

Варта нагадаць, што Правіламі пажарнай бяспекі ў лясах Рэспублікі Беларусь на працягу ўсяго пажаранебяспечнага сезона катэгарычна забараняецца:
- разводзіць вогнішчы ў іглічных дрэвастоях і маладняках, на ўчастках пашкоджанага лесу (ветравал і ветралом), тарфяніках, у месцах з падсохлай травой. Дапускаецца развядзенне вогнішчаў (у тым ліку з выкарыстаннем прыстасаванняў: мангалаў, барбекю, грыль, газавых пліт і да т.п.) на ўпарадкаваных пляцоўках;
- пакідаць непатушаныя крыніцы гарэння, тленні (запалкі, недакуркі і інш.);
- ужываць пры паляванні пыжы з лёгкаўзгаральных ці тлеючых матэрыялаў;
- пакідаць прамасленыя ці прасякнутыя лёгкаўзгаральнымі і гаручымі вадкасцямі ці іншымі гаручымі рэчывамі матэрыялы (паперу, тканіну, паклю, вату і інш.);
- запраўляць паліўныя бакі машын і механізмаў у неўстаноўленых месцах, а таксама пры працуючых рухавіках;
- незаконнае выпальванне сухой травы на землях ляснога фонду.

Паводле артыкула 15.57 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, незаконнае выпальванне сухой расліннасці, травы на корані, а таксама ржышча і пажніўных рэшткаў на палях або непрыняцце мераў па ліквідацыі выпальвання на зямельных участках караюцца штрафам у памеры ад 10 да 40 базавых велічыняў.

Адпаведна артыкулу 15.58 Кодэкса за распальванне вогнішчаў у забароненых месцах прадугледжана папярэджанне ці штраф у памеры да 12 базавых велічыняў, а за парушэнне правілаў пажарнай бяспекі ў лясах ці на тарфяніках, артыкул 15.29, прадугледжаны штраф у памеры да 50 базавых велічыняў.
ДЛГУ "Дзятлаўскі лясгас" заклікае грамадзян выконваць правілы пажарнай бяспекі ў лясах і на тэрыторыях, прылеглых да ляснога фонду. Калі заўважылі ў лесе дым, неадкладна паведаміце ў бліжэйшае лясніцтва ці лясгас па дзяжурным тэлефоне 2-10-70.

М. КАРЭНКА, інжынер па ахове лесу ДЛГУ "Дзятлаўскі лясгас"

Ответить

CAPTCHA
Этот вопрос задается для проверки того, не является ли обратная сторона программой-роботом (для предотвращения попыток автоматической регистрации).

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/