ДЛЯ АМАТАРАЎ ПРЫГАЖОСЦІ

Для ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас” вясна не толькі час актыўнай пасадкі лясных культур. Сёлета арганізацыя прадставіць для рэалізацыі насельніцтву дэкаратыўныя культуры, вырашчаныя ва ўласных цяпліцах. Пра новую, нестандартную для лясной гаспадаркі дзейнасць і найбольш цікавыя віды дэкаратыўных дрэваў і кустоў гутарым з інжынерам па лесааднаўленні Аксанай Валадашчык.

-- Аксана Міхайлаўна, як даўно Дзятлаўскі лясгас займаецца развядзеннем менавіта дэкаратыўных раслін?
-- За апошнія сем гадоў на базе Казлоўшчынскага лясніцтва ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас” заклала дзве цяпліцы плошчай 150 і 200 квадратных метраў, у якіх работнікі лясгаса займаюцца чаранкаваннем і вырошчваннем пасадачнага матэрыялу. Мэта гэтай работы – вывесці такія віды дрэваў і кустоў, якія будуць служыць сапраўдным упрыгажэннем як прысядзібнага ўчастка, так і грамадскіх месцаў.

-- Што цікавага могуць прапанаваць дзятлаўскія лесаводы?
-- У нашых цяпліцах зачаранкаваны і вырашчаны дэкаратыўныя разнавіднасці як хвойных, так і лісцёвых культур. З хвойнікаў гэта разнастайныя віды туі, ядлоўцу, піхты. Яны вечназялёныя, а таму радуюць вока ўвесь год. З хвойных, на мой погляд, найбольш цікавых можна назваць кампактную акруглую тую “Тэдзі”, так і высакарослыя туі – пірамідальная, залацістая, ніткападобная; казацкі ядловец. З лісцёвых – спірэі, фарзіцыі, бружмялі, лапчаткі чаю курыльскага, барбарысы пурпуровыя, вейгелы, паркавыя і павойныя ружы чырвонага, розных адценняў ружовага, а таксама жоўтага колераў і многія іншыя віды. Яны пераважна лістападныя, сезонныя расліны, а галоўнае хараство лісцёвых – у іх квецені. Аднак ёсць сярод іх самшыт вечназялёны, які не скідвае лісце цэлы год. Пераважная большасць дэкаратыўна-лісцёвых (тых, якія не цвітуць) раслін добра паддаецца стрыжцы, таму з імі можна ствараць формы і кампазіцыі на любы густ і фантазію.

-- Для каго прызначана такая нестандартная для лясгаса прадукцыя?
-- Галоўным чынам, для індывідуальных пакупнікоў, якія пажадаюць з нашай дапамогай упрыгожыць свой прысядзібны ўчастак ці катэдж. Аднак не з меншым энтузіязмам бачым плённае супрацоўніцтва з арганізацыямі і прадпрыемствамі горада і раёна, якія могуць выкарыстаць наш дэкаратыўны пасадачны матэрыял для аздаблення тэрыторыі ўстановы. Найперш, мяркую, наша прадукцыя будзе дарэчы для камунальнай гаспадаркі раёна.

-- Якія з дэкаратыўных раслін карыстаюцца найбольшым попытам?
-- Першапачаткова, калі мы толькі пачыналі чаранкаваць, быў высокі попыт на туі і ядлоўцы, а ўжо цяпер апошнім веяннем ландшафтнай моды з’яўляюцца лісцёвыя дэкаратыўныя культуры. Найбольш папулярныя на сёння – вейгелы і кальквіцыі. Як паказалі апошнія гарадскія кірмашы, у якіх арганізацыя прымала ўдзел, менавіта імі больш за ўсё цікавяцца сёння дзятлаўчане. Гэтыя віды прывабныя не столькі сваім лісцем, колькі вельмі прыгожай квеценню.

-- Чым будзеце зацікаўліваць кліентаў?
-- Перадусім, якасцю пасадачнага матэрыялу. Па-першае, усе нашы расліны маюць закрытую каранёвую сістэму. Гэта значыць, яны добра пераносяць перасадку на новае месца. І праводзіць яе можна ўжо не толькі вясной ці восенню, а практычна ўвесь безмарозны сезон. Па-другое, дзятлаўскія дрэвы і кусты (у адрозненні ад многіх прывазных) акліматызаваныя да мясцовых умоваў навакольнага асяроддзя, што аўтаматычна гарантуе амаль стопрацэнтна добрае ўкараненне раслін. Да таго ж, спадзяёмся парадаваць дзятлаўчан асартыментам і коштамі.

-- Дарэчы, пра асартымент саджанцаў, ці будзе ён пашырацца?
-- Так, вядома, мы прыкладваем усе наяўныя магчымасці, шукаем сродкі і сувязі, каб зрабіць нашы цяпліцы больш разнастайнымі і тым самым прывабнымі для спажыўцоў. Верагодна, мы будзем пашыраць асартымент дэкаратыўных раслін згодна з запытамі і заяўкамі насельніцтва.

-- Ландшафтны дызайн – хобі, якое набірае сёння ўсё большую папулярнасць. Што трэба для таго, каб пачаць ім займацца?
-- Галоўнае – жаданне займацца такім відам дзейнасці, укладваць сілы ў стварэнне шэдэўраў на ўласным падворку. Да таго ж, ландшафтны дызайн – хобі для цярплівых: вы не атрымаеце чаканы вынік “як на малюнку” адразу пасля перасадкі. Лісцёвыя дрэвы і кусты пачнуць радаваць вока гаспадара ўжо на наступны пасля высадкі год, хвойныя ж будуць набіраць сапраўдную сілу да пяці гадоў. Аднак цярпенне і праца дызайнераў-аматараў узнагароджваецца сапраўдным хараством на прысядзібным участку.

-- Ці накладна сёння стаць ландшафтным дызайнерам-аматарам з вашай дапамогай?
-- Дарэчы, даволі танна. ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас” устанавіў лаяльныя кошты на дэкаратыўны пасадачны матэрыял: больш танна вам абыдуцца лісцёвыя пароды і крыху даражэй – хвойныя. Аднак набыць і першыя, і другія абсалютна рэальна аматарам жывой прыгажосці з любым узроўнем даходаў.

-- Дзе можна пабачыць дэкаратыўныя расліны, якія вы прапануеце спажыўцам?
-- Тым, хто хоча набыць ці проста цікавіцца дэкаратыўнымі дрэвамі і кустамі, можна звяртацца як непасрэдна ў Казлоўшчынскае лясніцтва, так і ў адміністрацыю ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”. А пабачыць практычна ўсе віды дэкаратыўных раслін, якія мае наша цяпліца, можна ў дэндрапарках усіх лясніцтваў нашага раёна.

Гутарыла С. МІХАЙЛАВА

Ответить

CAPTCHA
Этот вопрос задается для проверки того, не является ли обратная сторона программой-роботом (для предотвращения попыток автоматической регистрации).

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/