КАЛІ СЯКЕРА Б’Е ПА КІШЭНІ

Ужо адчуваецца набліжэнне сама чароўнага гадавога свята – Новага года, і мы задумваемся аб тым, каб паставіць дома традыцыйную святочную ялінку.
Многія ўжо набылі штучныя дрэвы, якія і не асыпаюцца, і лёгка складваюцца-раскладваюцца, калі патрэбна. А аматары чароўнай атмасферы і непаўторнага хвойнага паху, безумоўна выберуць сапраўдную навагоднюю прыгажуню, як кажуць, толькі з лесу. Аднак адзіны легальны спосаб прыдбаць сабе такое дрэва – набыць яго ў пункце продажу. Так што адкладзіце ўбок сякеру і даставайце кашалёк. Не раім вам “браканьерстваваць”, бо сёлета скупы плаціць не двойчы, а ў 130 разоў больш.

Штогод у кожным лясніцтве Дзятлаўшчыны вядзецца нарыхтоўка ялінак і сосен у спецыяльна прызначаных для гэтага лясных масівах. Яны дастаўляюцца на навагодні кірмаш і прадаюцца ў кожным з дзевяці лясніцтваў ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”.

Як і ў мінулыя гады, сёлета навагоднія дрэвы будуць у продажы з 20 да 31 снежня, штодзённа з 10.00 да 18.00 на тым жа месцы, у гандлёвай кропцы паміж “Домам гандлю” і рэстаранам “Ліпічанка”. Ёлак хопіць усім, запэўніваюць работнікі лясгаса.

Каб папярэдзіць самавольныя высечкі навагодніх дрэваў, будуць праводзіцца рэйды работнікаў дзяржаўнай лясной аховы ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас” і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. На аўтамабільных дарогах будуць дзейнічаць перасоўныя пасты работнікаў аддзела ўнутраных спраў і лясной аховы, а таксама работнікаў падатковай інспекцыі для праверкі дакументаў на права перавозу навагодніх дрэваў. А таму не губляйце чэк, які пацвярджае яго пакупку.

Штраф за самавольна высечанае дрэва паводле Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь для насельніцтва вагаецца ад 650000 рублёў да 6500000 рублёў у залежнасці ад месца высечкі.

Апроч таго, калі навагодняе дрэва забраць немагчыма, да штрафу дадаецца адна базавая велічыня (на сёння гэта 130000 рублёў).

Пад асноўную ўвагу і кантроль падпадуць лясныя масівы, што знаходзяцца паблізу аўтамабільных дарог, населеных пунктаў, дачных кааператываў.
Работнікі лясной аховы запрашаюць жыхароў Дзятлава і іншых населеных пунктаў наведаць месца продажу навагодніх дрэваў і набыць іх без праблем. Каб не прыйшлося пасля пераплачваць у дзясяткі разоў.

Няхай навагодняе дрэва прынясе ў ваш дом сапраўдную радасць, і вы ўвойдзеце ў новы 2014 год з чыстым сумленнем і поўнай скарбонкай.

М. КАРЭНКА, інжынер па ахове лесу ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”

Ответить

CAPTCHA
Этот вопрос задается для проверки того, не является ли обратная сторона программой-роботом (для предотвращения попыток автоматической регистрации).

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/