Наша "Эстакада"


Дзятлаўская зямля — багатая і шчаслівая, бо адорана поўнай мерай творчасці і таленавітасці. Колькі спевакоў, музыкантаў, паэтаў! А тым, чыё цела і душу напаўняе маладосць, лепш за ўсё можацца танцаваць. Не пытайцеся, дзе знайсці здатных танцораў, знаёмцеся: Віка Сербін, Юля Домніч, Вераніка Ёдчык, Вераніка Баброўская, а разам — танцавальны калектыў “Эстакада”.

Гэтыя юныя зорачкі, вучаніцы СШ № 3, з'явіліся на дзятлаўскім небасхіле зусім нядаўна і неяк знянацку. 3 явіліся — і захапілі ўвагу гледачоў энергіяй, зладжанымі рухамі і цікавай пастаноўкай танцаў. Дзяўчаты танцуюць сучасныя танцы, камбінуючы ўсходнія матывы, R&В, хіп-хоп і яшчэ цэлы стос танцавальных элементаў, назапашаных вопытам, а таксама ўласных арыгінальных прыдумак.

"СУНІЧКГ' - ПЕРШЫЯ ТАНЦАВАЛЬНЫЯ КРОКІ

"Пачыналася ўсе для нас, — успамінаюць удзельніцы "Эстакады", — у 1999 годзе, калі прыйшлі ў школу. Нас сустрэла таленавітая і творчая настаўніца танцаў — Людміла Анатольеўна Хрысценка. Менавіта яна прывіла нам любоў да музыкі і танца."

Дзіцячы ансамбль, у якім удзельнічалі дзяўчаты, сабраў нямала хлопчыкаў і дзяўчынак і называўся "Сунічкі". Пад натхнёным кіраўніцтвам Людмілы Анатольеўны школьнікі шмат займаліся, працавалі над пастаноўкай танцаў, шмат выступалі. Да таго ж, кожны танец суправаджаўся яркімі арыгінальнымі касцюмамі. Чардаш, гусарскі танец, вальс і іншыя кампазіцыі ў выкананні калектыву не пакідалі раўнадушнымі нікога: іх віталі як на школьных выпускных балях, раённых конкурсах, так і па-за межамі Дзятлаўскага раёна. За перамогу ў адным з конкурсаў, які праходзіў у Гродне, ансамбль узнагародзілі нават пуцёўкамі ў аздараўленчы лагер "Зубраня". Дзяўчаты настальгуюць па тых часах, якія правялі са сваім першым і самым лепшым харэографам. Потым займаліся танцамі з іншымі харэографамі, але калектыў стаў радзець — з колішніх 20 чалавек засталося толькі 7 дзяўчынак. Былі і новыя поспехі, і новыя перамогі на конкурсах, новая сучасная харэаграфія... але не было той іскры, якой колісь гарэлі танцоры. Пераходны ўзрост і новыя, дарослыя, праблемы паставілі кропку ў танцавальнай гісторыі школьнага калектыву.

НОВАЯ "ЭСТАКАДА" ТВОРЧАСЦІ

Дзяўчаты ўзгадваюць: "Мы цэлыя два гады танцавалі толькі на дыскатэках, дома, на вуліцах, дзе выпадала... і ўсюды сам-насам са смуткам і ўласнай энергіяй, якая не знаходзіла творчага ўвасаблення." У 2008 годзе Віка, Юля і дзве Веранікі вырашылі вярнуцца да калектыўнай творчасці, да рэпетыцый і выступленняў. Але адбывалася ўсё не так лёгка, як хацелася б: не маглі знайсці месца для рэпетыцый, бацькі прымалі такі занятак як марнаванне часу, ды і сябры, і былыя ўдзельнікі калектыву толькі пасмейваліся: маўляў, "вы — не фенікс, з попелу вам не адрадзіцца". Але цярпенне, праца і вера, як вядома, і горы звернуць. Свае рэпетыцыі па першым часе дзяўчаты праводзілі за горадам на аўтадроме. Так і імя калектыву з'явілася — "Эстакада" — па назве адной з яго канструкцый.

ШЧАСЛІВАЕ СЁННЯ

Цяпер дзяўчаты, скарыстаўшы вопыт свайго танцавальнага дзяцінства, самі сталі займацца пастаноўкай танца. Першая ж кампазіцыя — танец школьніц — паказала, што вопыт не згубіўся, і можна смела крочыць далей. Пачалі выступаць у роднай школе (змаглі дамовіцца з адміністрацыяй наконт месца для рэпетыцый), на сцэне раённага Дома культуры, на тэматычных вечарынах моладзі. Вярнуўся поспех, а з ім — упэўненасць, што ўсё атрымаецца.

Удзельніцы калектыву выконваюць сучасныя танцы, але робяць іх пастаноўку па-свойму, арыгінальна: міксуюць, збіраюць букеты з кароткіх танцавальных фрагментаў, змешваюць музычныя кірункі, каб быць для гледача заўсёды новымі і цікавымі. Самі сабе харэографы, касцюмеры, грымёры і выканаўцы. I ў раёне сваім іх ужо ведаюць. Надарылася наведаць нават абласны конкурс, дзе былі танцавальнай падтрымкай нашай канкурсанткі на конкурсе прыгажосці "Міс спажыўкааперацыя", дзе наша прыгажуня стала другой. Цяпер яе і "Эстакаду" чакае заключны этап конкурсу ў сталіцы.

Пасляслоўе

Сёння ўдзельніцы калектыву "Эстакада" ўсім задаволены: ёсць новыя задумкі, пастаяннае месца для рэпетыцый, новыя прапановы, новыя выступленні. А што далей? На гэта пытанне адкажа час. Калектыў "Эстакада", яны ж выпускніцы СШ № 3 г. Дзятлава, набліжаюцца да першага важнага выбару ў сваім жыцці. Пра што мараць дзяўчаты, чаго жадаюць, што плануюць — даведаемся ад іх.

Пра творчасць: "Будзем старацца радаваць гледачоў новымі танцамі, нашымі гісторыямі. Мы стараемся развіваць магчымасці танца, рытму, пластыкі, бо танцавальны рух — гэта рух да будучыні."

Пра вучобу: "Хтосьці з нас хоча стаць эканамістам, хтосьці — фармацэўтам. Галоўнае — не згубіць адна адну. Хочам паступіць вучыцца ў адзін горад, каб працягваць творчы пошук."

Пра бацькоў: "Бацькоўская апека неабходная і важная для нас. Але, дарагія бацькі, зразумейце, што заняткі танцам не перашкаджаюць вучобе, а, наадварот, дапамагаюць жыць на поўную моц, бо без танца жыццё для нас шэрае і нецікавае."

Пра выступленні: "Хочам выступаць больш і на розных сцэнах, удзельнічаць у конкурсах. Але тут трэба і арганізацыйныя, і фінансавыя выдаткі. А мы, школьніцы, як кажуць, не маем залатога запасу, таму будзем рады любой дапамозе. Дарэчы, вялікую падзяку адрасуем раённаму Дому культуры, які дапамагае нам з касцюмамі да выступленняў."

Н. АВЯРЧУК, “Перамога”

Ответить

CAPTCHA
Этот вопрос задается для проверки того, не является ли обратная сторона программой-роботом (для предотвращения попыток автоматической регистрации).

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/