Жыццё

warning: Creating default object from empty value in /var/www/t-av/data/www/dyatlovo.info/modules/taxonomy/taxonomy.module on line 1390.


ГІСТОРЫЯ ПЕРШАГА КАХАННЯ

Яна пакладзена ў аснову аповесці Рувіма Фраермана "Дзікая сабака дзінга, або Аповесць аб першым каханні". Сёлета кнізе спаўняецца 75 гадоў.
За гэты час з творам пазнаёмілася не адно пакаленне чытачоў, па матывах аповесці знята аднайменная стужка з Галінай Польскіх у галоўнай ролі. Работа савецкіх кінематаграфістаў была адзначана на кінафестывалі дзіцячых стужак у Венецыі, а таксама на фестывалі лепшых фільмаў года ў Лондане. А шараговаму гледачу гэтая гісторыя яшчэ раз нагадала аб таямнічасці і чароўнасці першага кахання.

Такіх гісторый сотні, тысячы. Яны падобныя адна на адну, і ў той жа час для іх характэрна свая непаўторнасць і адметнасць. Інакш і не можа быць: для першага кахання ўласцівыя ні з чым не параўнальная магія адкрыцця, чароўнасць. На тое яно і першае пачуццё, ад якога так незвычайна б'ецца сэрца, свет напаўняецца радасцю і яе так хочацца раздзяліць з іншымі. Гэта пры ўмове, калі першае каханне яшчэ і ўзаемнае. Калі інакш -- яно прыносіць боль і расчараванне. І пошук адказу на пытанне, чаму твой абраннік сэрца кахае іншую, так застаецца і не знойдзеным. А ў той жа час на гэтае пытанне шукае адказ і той, хто безадказна кахае цябе. А ты на яго не звяртаеш увагу, або ён для цябе з'яўляецца проста сябрам. Як Філька для Тані Сабанеевай -- герояў аповесці "Дзікая сабака дзінга". Ціхі, незаўважны, які заўсёды побач. Толькі ты ўспрымаеш яго як сябра, і разумеш, што выслоўе "сэрцу не загадаеш" сапраўды мае рацыю. Вось такі трохкутнік. Вечны, як само жыццё, як само першае каханне. Толькі ў памяці, нягледзячы ні на што, яно застанецца светлым пачуццём.