З рэдакцыйнай пошты



Нашы буслы

Калісьці жыўу вёсцы Гезгалы Іосіф Іосіфавіч Візгір, чалавек працавіты і добразычлівы. 7 красавіка, на свята Благавешчання, 26 гадоў назад, нарадзіўся ў яго ўнук. У той жа дзень прыляцеў у вёску бусел, палятаў і сеў на старой ліпе, якая расла на участку Іосіфа Іосіфавіча. Праз некалькі дзён крылаты працаўнік ужо спраўляў наваселле — на дрэве з'явілася вялікае гняздо. Бусліная сям'я штогод выводзіла тут буслянят і напрыканцы лета адлятала на поўдзень. Так прайшло 20 гадоў.

Ліпа яшчэ больш састарылася, у ёй з'явілася дупло, якое аблюбавалі дзікія пчолы. А два гады таму — на шчасце, птушкі былі ў цёплых краях — ад моцнага ветру яна ўпала. Сын Іосіфа Іосіфавіча, Леанід, падрыхтаваў для крылатых суседзяў іншую "кватэру" — зацягнуў кола на дрэва, якое расло недалёка ад "загінуўшай" ліпы. Яго сусед Сяргей Мілейка таксама прыладзіў на адным са сваіх дрэваў барану. Але бусел, вярнуўшыся з выраю, не ўпадабаў гэтыя дрэвы. Гняздо ён пачау віць на драўляным электрычным слупе, каля хаты Візгіроў, там і вывеў сваіх дзетак.



Чаму плачуць рабіны?

Жнівень — час збору ўраджаю. На клумбах красуюць кветкі, раніцы становяцца прахалоднымі, адчуваецца, што хутка восень. Пра яе нагадваюць і аранжавыя гронкі рабін, якія надаюць жнівеньскім краявідам веліч і ўзнёсласць. Але ў што сёння ператвараюцца гэтыя дрэвы? У крыніцу нажывы для дзяцей і асацыяльных асобаў? А ўсё таму, што нарыхтоўчыя пункты прымаюць рабіну па цане 1680 рублёў за кілаграм.

Падлеткі групамі "нападаюць" на гэтыя ломкія дрэўцы і знішчаюць усю прыгажосць. Ніхто з "рабінавых марадзёраў" нават не задумваецца, што людзі саджалі іх, каб добраўпарадкаваць парк, горад. Калі ж хтосьці з выпадковых прахожых робіць заўвагу такім "нарыхтоўшчыкам", то ў адказ чуе такое, што настрой псуецца на ўвесь дзень.



Дзякуй вам, настаўнікі

Я пастаянная падпісчыца газеты "Перамога". На яе старонках знаходжу шмат карыснай і цікавай інфармацыі. Мне ж хочацца расказаць чытачам "раёнкі" пра выдатных людзей, сапраўдных прафесіяналаў — педагагічны калектыў Дзятлаўскай школы №1. Гэту навучальную ўстанову скончылі мой сын Армэн і мой унук Міша Абярухцін.

На старонках газеты часта пішуць, якія таленавітыя выпускнікі Дзятлаўскай гімназіі: усе адораныя, усе паступаюць. Але ж там навучачанне пачынаюць з 5 класа моцныя вучні. А іх да гэтага вучаць у звычайных раённых школах. Пасля паступлення адораных дзяцей у гімназію, настаўнікам сярэдняга звяна школ дастаюцца не самыя моцныя класы, але яны ў іх паспяхова працуюць. Гэта амаль што подзвіг.



Экскурсія ў Мір

Нядаўна мы наведалі гарадскі пасёлак Мір, размешчаны ў ім замкавы комплекс. У час экскурсіі шмат даведаліся аб яго гісторыі і сучаснасці.

На зваротным шляху мы наведалі царкву ў пасёлку Мір, Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр у вёсцы Гнесевічы Навагрудскага раёна.

У час вандроўкі мы мелі магчымасць палюбавацца прыгажосцю нашай прыроды, нашай краіны, пагутарыць між сабой.



Канцэрт для вяскоўцаў

Некалі веска Жыбарты была шматнаселенай і перспектыўнай. Тут размяшчаўся клуб, бібліятэка, магазін, школа. У 1991 годзе веска налічвала 176 чалавек. Цяпер жа ў Жыбартах толькі 20 жыхароў. Усе яны — пенсіянеры.

Нядаўна перад імі з канцэртнай праграмай выступілі артысты Хвінявіцкага сельскага дома культуры А. Муха, В. Губко, А. Сіўко, Г. Ёдчык. Асабліва вяскоўцам спадабаўся нумар у выкананні юнай артысткі Карыны Грынцэвіч.



Дзякуй табе, сацыяльны работнік

У нашай вёсцы Дварэц жыве жанчына, пра якую варта напісаць на старонках раённай газеты.

Таццяна Рычардаўна Піцук працуе сацыяльным работнікам. Ужо 18 гадоў яна абслугоўвае састарэлых людзей. У летнюю спёку ці зімовыя маразы, у добрае надвор'е ці ў непагадзь спяшаецца яна да сваіх падапечных, якія жывуць у вёсках Дварэц, Старына, Коцькі.

Таццяна Рычардаўна дапамагае людзям фізічна і маральна. Сацработніцу чакаюць з нецярпеннем, бо ведаюць, што яна прыйдзе і вырашыць многія праблемы. Добрая, цярплівая, сардэчная, спагадлівая да хворых, яна не лічыць лішнім пагаварыць з чалавекам, падтрымае яго ў цяжкую хвіліну.



Сваё свята адзначылі вёскі

У пачатку ліпеня з ініцыятывы работнікаў Лапушанскага сельскага дома культуры Д. Аблажэй і Ж. Кур'ян было арганізавана свята вёсак Кузьмічы і Барышына. Вялікую дапамогу аказалі ім работнікі Данілавіцкага сельскага Савета і СВК "Граніт-Агра".

На свята былі запрошаны старшыня Данілавіцкага сельсавета I. Тарасевіч, сакратар Л. Жых, старшыня прафсаюзнай арганізацыі СВК "Граніт-Агра" Г. Жых, пераможца рэспубліканскіх "Дажынак" У. Гукіш, былы старшыня сельсавета А. Баброўская, спявачка А. Аўдзейчык.

Пачала мерапрыемства старшыня сельсавета I. Тарасевіч, затым са словамі віншавання выступіла А. Баброўская. Успомнілі на свяце тых, хто аддаў сваё жыццё за мір і спакой на роднай зямлі ў час Вялікай Айчыннай вайны.



Ажыццявілася мая мара

Я заўсёды буду помніць 9 ліпеня 2011 года. Менавіта ў гэты дзень збылася мая даўняя мара — я трапіў на фестываль "Славянскі базар", які праходзіў у Віцебску. Шлях у гэты горад быў вельмі цікавы, і сумаваць нам не было часу.



Экскурсія ў Хатынь і Мінск

Праўленне СВК "Белагурна" сумесна з прафсаюзным камітэтам гаспадаркі арганізавалі для работнікаў азнаямленчую экскурсію ў Хатынь і Мінск.

Хатынскі мемарыяльны комплекс сімвалізуе сабой сотні беларускіх вёсак, спаленых фашысцкімі карнікамі ў час Вялікай Айчыннай вайны. Сама прырода, здавалася, аплаквала бязвінных ахвяраў нечалавечай жорсткасці, бо, калі выйшлі з аўтобуса, ішоў дождж.

Да глыбіні душы ўразілі абеліскі ў выглядзе пячных трубаў са званамі і дошачкамі, на якіх напісаны імёны спаленых гаспадароў хат. Сцішаныя і задумлівыя, паехалі далей.

У Мінску наведаліся на "Востраў слёз" — помнік воінам-інтэрнацыяналістам. Сімвалічная фігура Анёла-ахоўніка з бронзы вечна плача тут па без пары загінуўшых сынах Айчыны. Валуны з назвамі афганскіх правінцый напамінаюць пра зямлю, якую шчодра палілі сваёй крывёю беларускія хлопцы. Есць у Мінску і храм у памяць загінуўшых, дзе захоўваецца урна з афганскай зямлёю і зямлёю з магіл салдат.



"Вас вітаць я сёння рада!"

Менавіта так назвала сваю канцэртную праграму салістка Гродзенскай абласной фіяармоніі Ала Аўдзейчык. I гэта невыпадкова. У вёсцы Зарой Данілавіцкага сельскага Савета — яе карані: тут нарадзілася маці Алы, тут шмат сяброў, прыхільнікаў яе творчага таленту. Кветкамі, працяглымі апладысментамі жыхары вёскі віталі сваю зямлячку.

Разам з Алай да вяскоўцаў завітаў акампаніятар Дзятлаўскага раённага дома культуры Васіль Шпігановіч. Ён парадаваў гледачоў вясёлымі прыпеўкамі. А гукааператар Міхаіл Майсеенка якасна агучыў усю канцэртную праграму.