З рэдакцыйнай пошты



НЯХАЙ ТРАДЫЦЫЯ ЖЫВЕ

На чарговую, ужо адзіннаццатую, сустрэчу з землякамі — былымі жыхарамі вёска Кулікоўшчына, ехаў са змешанымі пачуццямі. 3 гадамі адыходзіць навізна падзеі, яна становіцца чымсьці звычайным, знаёмым, выклікае менш эмоцый. Аднак, тым не менш, малая радзіма заўжды кліча да сябе, узнікае жаданне пабачыць знаемых людзей.

Сустрэча ўдалася. Быў прыгожы дзень сярэдзіны лета. Наша кампания папоўнілася яшчэ трыма чалавекамі. Гэта прынесла шмат новых успамінаў, эмоцый. Сустрэча за сумесна накрытом сталом, гасціннасць гаспадара Фелікса Гайдука, песні, жарты, паездка да векавога дуба, які расце на месцы былой вёскі Кулікоўшчына, агляд ваколіцаў, успаміны пра мінулае вёскі — усё гэта адразу адагнала думкі пра тое, ці патрэбна збірацца разам на наступны год, працягваць традыцыю.



ПАСЯДЖЭННЕ ЖАНОЧАГА КЛУБА

Для тых, хто дасягнуў "залатога" ўзросту, аднак не хоча сядзець без справы, сумаваць, арганізавана аматарскае аб'яднанне "Нам гады — не бяда" пры Данілавіцкім сельскім доме культуры.

На пачатку сакавіка адбылося першае пасяджэнне аб'яднання, старшынёй якога абрана Людміла Канстанцінаўна Жых. Мерапрыемства было прымеркавана да Міжнароднага жаночага дня. Удзельніц аб'яднання са святам павіншавалі вучні Круцілавіцкага дзіцячага сада-СШ. Удзельніцы мерапрыемства таксама даведаліся, як быць прыгожай і элегантнай у любым узросце, абмяняліся рэцэптамі прыгатавання посных страваў, пачаставаліся поснай кандытарскай выпечкай.



ЗАВІТАЛА СВЯТА Ў НАШУ ШКОЛУ

Актыўна ўключыліся ў акцыю “Нашы дзеці” навучэнцы i педагогі Горкаўскай базавай школы.

Снежань у нашай установе быў самы яркі і запамінальны месяц зімы. Адкрылася майстэрня Дзеда Мароза, i кожны клас старанна рыхтаваў навагоднія цацкі. У школе быў аб'яўлены конкурс “Самы прыгожы клас". Упрыгажэнні выраблялі самі з каляровай i гафрыраванай паперы, прыроднага матэрыялу. У 5-6 класах прайшоу конкурс на самую прыгожую сняжынку, перамаглі дзяўчынкі-пяцікласніцы.

26 снежня навагодні ранішнік сабраў дзяцей каля ёлкі. Усе атрымалі падарункі ад Дзядулі Мароза. Для навучэнцаў пачатковых класаў падарункі былі набыты за кошт бюджэтных сродкаў, для 5-8 класаў - за кошт спонсарскай дапамогі. Вучні нашай школы, якія паказалі выдатныя веды па предметах, актыўна удзельнічалі ў школьных i раённых конкурсах і спаборніцтвах, а таксама дзеці з апякунскіх сем'яў наведалі раённыя навагоднія ранішнікі.



НІБЫТА ПАБЫЛІ НА САПРАЎДНЫМ БЕЛАРУСКІМ КІРМАШЫ

Нашым дзецям, навучэнцам 4 “Б” класа сярэдняй школы №1 горада Дзятлава, лёс падарыў выдатную першую настаўніцу Алу Міхайлаўну Пранюк. Яна не толькі добры і спагадлівы чалавек, але і цікавая, творчая асоба, здольная захапіць школьнікаў і іх бацькоў карыснай справай.



ТРАДЫЦЫЯ ЖЫВЕ

Дзевяць гадоў таму адбылася першая сумесная сустрэча былых жыхароў вёскі Кулікоўшчына, якая некалі існавала непадалёку ад Дзятлава. Сёлета на ўжо традыцыйнае мерапрыемства сабраліся Фелікс Іосіфавіч Гайдук, Войтэк Эдуардавіч Угрыновіч, Мечыслаў Іосіфавіч Гайдук, Леакадзія Браніславаўна Гайдук, Янэк Іванавіч Угрыновіч, Ганна Станіславаўна Касінская, іх дзеці.

Сустрэча была напоўнена ўспамінамі - дашкольнага і школьнага дзяцінства, дзіцячых забаваў, сумесных паходаў па ягады і грыбы, працы на калгасных палетках. Узгадалі і тое, як раней адпачывала моладзь, як ладзіліся танцы і гульні, як гулялі вяселлі. Усё гэта яднала жыхароў Кулікоўшчыны ў вялікую сям'ю.



ШЧАСЦЕ I ПРЫГАЖОСЦЬ

Прыгожая і шчаслівая... Які з гэтых эпітэтаў найбольш важны, больш патрэбны ў жыцці?

У жанчын свой погляд на падобныя рэчы. Але і мы, мужчыны, можам падзяліцца меркаваннямі па дадзенай далікатнай праблеме. Як дзяўчыне, жанчыне падоўжыць шчаслівыя моманты? Што для яе важней за ўсё на свеце, а што толькі мішура, якая паблісквае на сонцы? Многія як жанчыны, так мужчыны штодня думаюць пра гэта.

Бясспрэчна, кожны павінен імкнуцца знайсці сваю ўласную ісціну, сваё шчасце. Дарыць іншым радасць — вось у чым заключаецца шчасце для многіх. Таямніца шчасця заключаецца і ў здольнасці выходзіць з кола свайго “я”.



СПАГАДЛІВЫ ЧАЛАВЕК І ПРАФЕСІЯНАЛ

На старонках “раёнкі” хачу расказаць пра цудоўную жанчыну, настаўніцу гісторыі Ніну Валянцінаўну Хілевіч.

Яна нарадзілася і вырасла ў настаўніцкай сям’і. Добра памятае, як у дзяцінстве з сястрой вельмі часта гулялі ў “школу” – былі настаўнікамі і вучнямі. І ўжо тады марыла стаць менавіта настаўніцай. З усіх школьных прадметаў ёй больш за ўсё падабалася гісторыя, таму Ніна паступіла на гістарычны факультэт БДУ і паспяхова яго скончыла.

Пачынала працаваць старшай піянерважатай у Голдаўскай сярэдняй школе Лідскага раёна. У 1977 годзе пачала працаваць старшай важатай у СШ №1 г. Дзятлава, пасля -- настаўніцай гісторыі і грамадазнаўства. Тут праходзіла яе станаўленне як педагога. “Мне пашанцавала, -- гаворыць Ніна Валянцінаўна, -- у СШ №1 побач аказаліся мудрыя кіраўнікі і добры калектыў настаўнікаў. Вялікую падзяку хачу выказаць Яўгеніі Рыгораўне Савань, Ядвізе Аляксандраўне Кійко, Марыі Уладзіміраўне Сташэнка і іншым, хто са мной працаваў”. Затым, калі адкрылася СШ №3, разам з ншымі калегамі Ніна Валянцінаўна перайшла працаваць туды.



ДОБРАЕ СЛОВА -- ЯК ЛЕКІ

Напярэдадні 8 Сакавіка хачу расказаць у сваім допісе пра добрую, абаяльную і шчырую жанчыну, якая жыве ў гарадскім пасёлку Казлоўшчына.
Ларыса Аляксандраўна Бялятка працуе загадчыцай пасялковай аптэкі ўжо 40 гадоў. За гэты час яе палюбілі жыхары, яны часта называюць жанчыну "наш доктар". І гэта ў пэўнай ступені адпавядае ісціне: паліклініка знаходзіцца далекавата, не кожны ў непагадзь можа дайсці туды, а аптэка размешчана ў цэнтры пасёлка. І жыхары ўпэўнены, што зайшоўшы ў аптэку, яны атрымаюць слушную параду, купяць патрэбныя лекі, пачуюць добрае слова.

У рабоце з людзьмі патрэбны любоў, душэўныя шчодрасць, сардэчнасць. У Ларысы Аляксандраўны гэтыя якасці ёсць. Жанчына заўсёды знаходзіць агульную мову з людзьмі, тыя словы, які нярэдка дапамагаюць лепш за лекі. У адносінах з людзьмі Ларыса Аляксандраўна памяркоўная, ветлівая, сумленная. Да яе парадаў прыслухоўваюцца, з ёю раяцца, ад яе ніколі ніхто не чуў грубага слова. Добры настрой перадаецца ўсім, каму давялося сустракацца з гэтай цудоўнай жанчынай. Ларыса Аляксандраўна нібыта зараджае сваёй энергіяй, аптымізмам. І заўсёды здзіўляешся, як у яе гэта атрымліваецца.



ТРАДЫЦЫІ КАЛЯДНЫХ СУСТРЭЧ

7 студзеня праваслаўныя вернікі адзначылі Ражство Хрыстова. Гэтае свята адзначаецца асабліва ўрачыста. Адна з народных традыцый святкавання -- прыход "каляднікаў".

Мне было прыемна вітаць каляднікаў, сярод якіх былі дарослыя і дзеці. Кожны з іх выконваў пэўную ролю -- казы, бусліка, мядзведзя. Асвячала іх шэсце Віфліемская зорка. Ролю каляднікаў выканалі работнікі Данілавіцкага сельскага дома культуры -- Святлана Міхайлаўна Грос, Таццяна Аляксандраўна Буча, Іна Міраславаўна Анушкевіч. Яны павіншавалі мяне са святам, пажадалі моцнага здароўя, дабрабыту. Як памяць аб каляднай сустрэчы -- фотаздымкі, якія зрабіў Віталь Бакей.



ЧАЛАВЕК БАГАТАЙ ДУШЫ

З снежня ў календары пазначаны як Дзень інвалідаў. Ён нагадвае яшчэ раз аб людзях з абмежаванымі магчымасцямі, якім патрэбны падтрымка і дабрыня, спагада і міласэрнасць. Гэтыя якасці характэрны для Валянціны Юльяны Берднікавай, старшыні Дзятлаўскай раённай арганізацыі інвалідаў. Гэта -- чалавек ад Бога, якая мае добрую душу, спагадлівую чулую душу. Валянціна Юльянаўна яшчэ і добрасумленны чалавек, адкрыты, які заўсёды дапаможа.

Дзякуючы ёй, мы не падаем духам, адчуваем сябе роўнымі з іншымі людзьмі. Вялікі дзякуй вам, Валянціна Юльянаўна, за вашу працу,здароўя вам, вытрымкі і мудрасці ў рабоце.