Юныя таленты

warning: Creating default object from empty value in /var/www/t-av/data/www/dyatlovo.info/modules/taxonomy/taxonomy.module on line 1390.


Нашы баяністы - прызёры абласных конкурсаў

Баяністы Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў узялі ўдзел у двух абласных конкурсах, з абодвух вярнуліся з узнагародамі.

У Гродне прайшоў конкурс "Юны віртуоз", які праводзіцца кожныя два гады. Сваю творчасць па аддзяленні "баян" у малодшай і сярэдняй трупах прадставілі шэсць юных выканаўцаў з Дзятлаўскага раёна. Дыпломамі трэцяй ступені ў сярэдняй узроставай падгрупе былі ўзнагароджаны Вольга Гульнік (педагог Н. Лішык) і Алеся Шыпіла (педагог С. Жэ-лязоўскі); Ульяна Шэўко і Паліна Дзедава атрымалі граматы за ўдзел у конкурсе. У малодшай падгрупе Аляксандр Волкаў (педагог С. Жэлязоўскі) і Валерыя Шалесная (педагог Н. Лішык) адзначаны граматамі за паспяховае выступленне.



Аматар слова і пяра

Ганна Календа вучыцца ў сёмым нласе Гезгалаўскай школы. Дзяўчынка валодае шматгранным талентам і пазітыўным характарам,
янія дазваляюць ёй мець шмат сяброў, быць душой кампаніі.

Аня піша вершы і апавяданні. Шэраг з іх апублікаваны ў часопісе "Качели". А ў часопісе "Бярозка" сёлета з'явіліся аўтарскія легенды Ані, у якіх дзяўчынка разам са сваёй сяброўкай Насцяй Жэмайтук распавядала пра гісторыю сваіх родных мясцін.

Творчыя здольнасці Ані, як і многім іншым аматарам пяра, дазваляе развіваць аб'яднанне па інтарэсах "Юны журналіст", якім кіруе Ала Рыгораўна Ненартовіч.



СЯРОД КАШТОЎНАСЦЯЎ - СПАГАДА I ДАБРЫНЯ

Музыкант. Пераможца абласной алімпіяды. Спартсменка. Усё гэта пра Анастасію Аніскевіч, навучэнку 9 класа Гезгалаўскай сярэдняй школы.

Анастасія — аматар дакладных навук. Менавіта любоў да прадмета і паспрыяла перамозе дзяўчыны на абласным этапе алімпіяды па фізіцы. А ў 2015 годзе Анастасія была адзначана дыпломам 3-яй ступені па выніках рэспубліканскіх спаборніцтваў па летнім шматбор'і "Здароўе".

Да ўсяго гэта варта дадаць, што ў скарбонцы дасягненняў Анастасіі шмат дыпломаў і граматаў па выніках музычных конкурсаў.
У школе мастацтваў Анастасія займаецца ўжо шмат гадоў. Іграе на фартэпіяна і скрыпцы.



Спявае Ксенія Шыкуць

Ксенія Шыкуць — навучэнка шостага класа Гезгалаўскай сярэдняй школы. Яна яшчэ і юная артыстка, якая выступае на школьных мерапрыемствах, а таксама на раённай сцэне.

Спявае Ксенія з чатырох гадоў. Тады ўпершыню адбыўся яе выхад на раённую сцэну. Дзяўчынка прыняла ўдзел у конкурсе "Мелодыі кахання", заняла першае мecца ў сваёй узроставай катэгорыі. Праз год у гэтым жа конкурсе Ксенія выступала ўжо з танцавальным нумарам, з якім заняла зноў жа першае месца. А ў мінулым годзе дзяўчынка стала лепшай у абласным конкурсе патрыятычнай песні, у час якога яна спявала добра вядомую ўсім "Тальянку". Варта адзначыць і тоё, што Ксенія прыняла ўдзел у канцэрце міжнароднай сацыяльна-творчай праграмы "Чарнобыльскі шлях — дарога жыцця".



АКТЫВІСТКА. РАЗУМНІЦА. СПАРТСМЕНКА

Нягледзячы на свой юны ўзрост, вучаніца 7 класа Казлоўшчынскай школы Ксенія Пякарская ставіць перад сабой сур'ёзныя мэты і дасягае іх. Яна рознабакова развітая асоба, якая паспявае і добра вучыцца, і займацца спортам, спрабаваць сябе ў навуковых праектах.

Ксенія — старшыня школьнай піянерскай дружыны, прызёр раённай алімпіяды па беларускай мове, выдатніца. А яшчэ — пераможца школьнага конкурсу "Дзясяткі для мамы": толькі за адну чвэрць яна атрымала 38 дзясятак. Багатая калекцыя добрых адзнак сведчыць аб стараннасці і мэтанакіраванасці Ксеніі.



ЗАХАПЛЕННІ ДУШЫ -- СПОРТ І ПЕСНЯ

Максім Юганаў спявае з дзяцінства. Менавіта ў гэты час былі заўважаны някепскія вакальныя дадзеныя хлопца. Пэўную ролю ў іх развіцці сыграла цётка Максіма -- Ганна Харлінская, вядомая самадзейная артыстка Дзятлаўшчыны, кіраўнік ансамбля народнай музыкі і песні "Ятранка". Таленавітая ў Максіма і мама -- Іна Юганава, удзельніца гэтага калектыву.

У дзевяцігадовым узросце Максім упершыню паспрабаваў свае здольнасці ў раённым конкурсе "Мелодыі кахання". Першая спроба аказалася паспяховай: у сваёй намінацыі хлопец стаў пераможцам. І ў наступныя гады па выніках "Мелодый кахання" Максім уваходзіў у лік лепшых выканаўцаў-салістаў.

Дарэчы, Максім на працягу некалькіх гадоў з'яўляецца салістам вакальна-інструментальнага ансамбля "Арэал" сярэдняй школы №3 горада Дзятлава. Кіруе калектывам Валянцін Палухін. Менавіта яму належыць значная роля ў развіцці здольнасцяў таленавітых дзяцей, якія прыходзяць у ансамбль. На сваім творчым шляху яны дасягаюць някепскіх вынікаў. Вось і нядаўна дуэт Максіма Юганава і Данііла Гушчы заняў трэцяе месца на абласным этапе конкурсу "Мая песня ў маім сэрцы".



ВЫВУЧАЕ ЭКАЛОГІЮ ЖЫЦЦЯ

Дзіяна Татарынава, вучаніца 9 класа Раготнаўскай сярэдняй школы, належыць да ліку тых дзяцей, якія маюць шырокае кола захапленняў. Жадаючы быць у будучым медыкам, дзяўчына старанна вывучае біялогію -- не толькі на ўроках, але і ў гуртку "Экалогія жыцця". Пад кіраўніцтвам настаўніцы біялогіі Людмілы Кардаш, Дзіяна займаецца даследчай дзейнасцю.

Работа "Па старонках "Чырвонай кнігі", рыхтаваць якую дзяўчыне дапамагалі яе сяброўкі і наведвальніцы гуртка "Экалогія жыцця" Алена Апанасік, Алена Варган, адзначана дыпломам другой ступені на абласным этапе конкурсу экалагічных праектаў. Дзіяна ўвайшла ў лік пераможцаў і па выніках абласной алімпіяды па біялогіі сярод вучняў сярэдняга звяна ў мінулым навучальным годзе.



АКОРДЫ СКРЫПКІ ГУЧАЛІ Ў ГРОДНЕ

Тры вучаніцы Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў, якія наведваюць клас скрыпкі, увайшлі ў лік лепшых па выніках абласнога конкурсу скрыпачоў. Мерапрыемства адбылося ў Гродзенскім дзяржаўным музычным каледжы.

Апошні раз конкурс праходзіў у 1998 годзе, тады Дзятлава прадстаўляла Караліна Орсік: у сваёй узроставай групе яна стала другой.
Добрую традыцыю прадоўжылі і сёлетнія канкурсанткі з Дзятлава -- Эвеліна Юрчык, Вольга Лішык і Валерыя Міхалойць. Яны займаюцца ў Аксаны Васільеўны Шэінай -- таленавітага педагога, імя якога сёлета занесена на раённую Дошку гонару.

Эвеліна Юрчык выступала ў малодшай ўзроставай групе. Сярод 13 удзельнікаў яна стала другой. Да выступлення дзяўчынка і яе настаўніца падрыхтавалі твор Вівальдзі, беларускую п'есу. Дарэчы, твор беларускага кампазітара -- абавязковая ўмова для ўсіх канкурсантаў.



НА МАЛЮНКУ - ПРЫГАЖОСЦЬ ІМГНЕННЯ

Больш за трыццаць дзяцей цяпер наведваюць мастацкае аддзяленне Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Пад кіраўніцтвам Жанны Вячаславаўны Лукашэні яны авалодваюць майстэрствам алоўка і пэндзля, ствараюць свой непаўторны свет. На гэтым шляху хтосьці з навучэнцаў робіць яшчэ пакуль свае першыя крокі, а хтосьці крочыць ужо больш упэўнена.

Настасся Дарашкевіч у школе мастацтваў займаецца другі год. Дзяўчынка тлумачыць, што ўменне маляваць патрэбна ёй для таго, каб у будучыні стаць дызайнерам інтэр'ера. Дасягненню мары спрыяюць старанная вучоба ў школе мастацтваў, пашырэнне свайго кругагляду: Насця шмат чытае аб гісторыі мастацтва, аб вялікіх мастаках. Адпаведныя кнігі для дачкі купляе мама. Свае сілы Насця спрабуе і ў конкурсах.



ДАР'Я ВОЛКАВА -- ДЫПЛАМАНТ РЭСПУБЛІКАНСКАЙ АЛІМПІЯДЫ

На сцэне выступала дзяўчына-падлетак. У суправаджэнні гітары гучала песня пра Асоль, пра мары і жаданні, якія абавязкова збудуцца, калі ў іх верыць, калі да іх імкнуцца, калі працаваць дзеля іх дасягнення.

Для Дар'і Волкавай гэтыя словы з'яўляюцца жыццёвым крэда. Прайшло ўжо некалькі гадоў, як яна прымала ўдзел у раённым аглядзе-конкурсе "Мелодыі кахання". Дар'я ўжо пасталела, аднак захапленне музыкай па-ранейшаму засталося нязменным: дзяўчына ўмее іграць на гітары, авалодвае баянам і фартэпіяна ў Дзятлаўскай дзіцячай школе мастацтваў. Марыць паступіць у Лідскі каледж мастацтваў. Спрыяць гэтаму будзе і жаданне, і някепская падрыхтоўка -- аб гэтым сведчыць трэцяе месца на рэспубліканскай алімпіядзе па тэорыі музычных дысцыплін.