Цікава ведаць

warning: Creating default object from empty value in /var/www/t-av/data/www/dyatlovo.info/modules/taxonomy/taxonomy.module on line 1390.


ЛІСТАПАД: МЕСЯЦ ЦІШЫНІ І СМУТКУ

Сёлета восень не перастае цешыць нас цёплымі днямі. Нават тады, калі ў канцы кастрычніка нечакана тэмпература паветра апусцілася ніжэй нуля, шмат хто з нас не паверыў таму, што зіма адабрала ў восені першынство і пратрымаецца доўгіх паўгода. І сапраўды, лістапад -- вяршыня восеньскага цыклу, папярэднік зімовага часу -- падарыў кожнаму з нас магчымасць зноў адчуць дыханне цеплыні і папесціцца ў сонных промнях лістападаўскага сонца.

Але надвор'е перад зімовым спакоем непрадказальнае. Таму невыпадкова адзінаццаты месяц гадавога круга спалучаў назвы, якія адносяцца як да восені, так і да зімы. Да першых можна аднесці такія назвы, як “лісцёвы”, “лісцявей” (асацыіруецца з тым, як вецер развявае, мяце па паветры ападаючую лістоту, а пасля, нацешыўшыся гэтай гульнёй, нядбайна кідае іх пад ногі чалавека), лістагной (з апаўшым, зачахлым лісцем), лістападнік (час, калі нашы продкі назіралі чароўную пару ападання лістоты). Апошняя назва захавалася ў беларускай, чэшскай, славацкай мовах. У Літве адзінаццаты месяц завуць "lapkritis" (ад "lapas" - "ліст" і "kritis" - "падаць"), гэтая назва, як бачым, таксама прывязана да працэсу лістапада.



КАЛІ НА БЕЛАРУСКАЙ ЗЯМЛІ З'ЯВІЛІСЯ КУРГАНЫ?

Курганы -- гэта земляныя насыпы над старажытнымі магіламі, звычайна круглыя ў плане, шырынёю 5-15 метраў, вышынёю 1-2 метры. Сустракаюцца пераважна скапленнямі. У Беларусі яны з'явіліся на мяжы III і II тысячагоддзяў да Нараджэння Хрыстова і былі вядомыя пераважна на Падняпроўі і Палессі.

У другой палове І тысячагоддзя і на пачатку ІІ тысячагоддзя пасля Нараджэння Хрыстовага пад кургановымі насыпамі хавала нябожчыкаў усё славянска-балцкае насельніцтва Беларусі. З умацаваннем хрысціянства звычай насыпання курганоў сярод гараджан знікла ў ХІ стагоддзі, у сельскай мясцовасці -- у ХІІІ-ХІV стагоддзях. Паводле дахрысціянскіх аповедаў курганы былі дамоўкамі памерлых. Нябожчыкам “на той свет” ставілі посуд з рытуальнай ежай, клалі прылады працы і зброю.



АДНОЛЬКАВЫЯ НАЗВЫ

Чаму мноства рэк і азёр Беларусі маюць аднолькавую назву? Так, на тэрыторыі краіны 28 азёр і 6 рэк з назвай Чорнае, Чорная. У Паазер'і і на Палессі назва возера звязана з колерам вады ці з асаблівасцямі навакольных зямель. Гэтыя азёры размешчаны, як правіла, сярод балот і тарфянікаў. Што датычыцца рэк, то паходжанне іх назваў мае некалькі версій.

Адна з версій звязана з тыпам расліннасці, а дакладней -- з чорным колерам, які нагадваюць травяныя бары з добрым падлескам. Часам зараснікі вярбы, вольхі, асіны ў старажытнасці называлі "чарналессем".
Даволі часта (6 разоў) сустракаюцца ў Беларусі рэчкі з назвай Выдрыца. Верагодна, паходжанне такой назвы звязана з распаўсюджаным жыхаром рэк Беларусі -- выдрай. Па другой версіі, і найбольш верагоднай, паходжанне гэтага гідроніма ідзе ад старажытнага тэрміна "выдрыца", якім беларусы называлі малаўрадлівыя пойменныя землі.



ЯПОНСКІ ГРЫБ

Чайны грыб называюць яшчэ японскім і індыйскім. Толькі доўгі час аб ім у тых краінах ніхто і не ведаў. А разводзілі яго ў Сібіры і на Далёкім Усходзе. Адтуль ён і пайшоў па свеце.



ЯК НА БЕЛАРУСІ З'ЯВІЎСЯ БУРШТЫН

Беларуская назва гэтага ювелірнага каменя паходзіць ад нямецкага bernstein, што азначае "зярністы камень".
Бурштын, па адной з асноўных тэорый, прадстаўляе сабой выкапнёвую смалу хвойных дрэў.Гэта высокамалекулярнае злучэнне арганічных кіслот. Сустракаюцца як востравугольныя абломкі, так і абкатаныя зерні.

Бурштын Беларусі мае жоўты колер розных адценняў, буры, часам малочна-белы, зеленаваты.
З'яўленне бурштыну на тэрыторыі Беларусі звязана і з дзейнасцю ледавікоў, якія, магчыма, прынеслі старажытны матэрыял з паўднёвай Прыбалтыкі. Потым гэты матэрыял быў пераадкладзены талымі водамі. Таму часцей за ўсё бурштын знаходзілі ў розных раёнах Брэсцкай, Гродзенскай, Гомельскай і Мінскай абласцей.



СКЛАДЗЕНЫ СПІС “АМАЛОДЖВАЮЧЫХ” ПРАДУКТАЎ

Спіс з двух дзясяткаў прадуктаў, якія садзейнічаюць амаладжэнню арганізма і падаўжэнню жыцця,
распрацавалі ў рамках сумесных даследаванняў вучоныя шэрагу ўніверсітэтаў ЗША і Еўрасаюза, уключаючы ўніверсітэт англійскага горада Лідс. Ён складзены на аснове адкрыццяў, якія звязаны з біяхімічным механізмам старэння клетак чалавечага арганізма.

У кожным з прадуктаў, што ўключаны ў “меню доўгажыхароў”, ёсць выключна актыўныя рэчывы, якія
пазітыўна і эфектыўна ўздзейнічаюць на складаныя біялагічныя працэсы.

У меню ўвайшлі моцныя антыаксіданты – чорны шакалад, чай і кава. Усе яны багатыя на поліфенолы, якія здольны аднаўляць паражоныя клеткі і падаўжаць іх жыццё.



РАСКРЫТЫ САКРЭТ

Кампаніі “Кока-Кола” давялося раскрыць сакрэт саставу свайго вядомага напою. Аказваецца, газіроўка афарбавана харчовым фарбавальнікам, які выраблены з насякомых.

Гэта гісторыя цягнулася амаль тры гады. Кіраўнік Фонду святога Мікалая – свецкай арганізацыі з Турцыі – у судовым парадку патрабаваў ад кампаніі “Кока-Кола” раскрыць састаў яе напою, які традыцыйна лічыўся сакрэтным. Пра кампанію “Пэпсі-Кола”, якая канкурыравала з гэтай кампаніяй, хадзілі чуткі, што яе сакрэт ведаюць толькі два чалавекі ў кампаніі, прычым, кожны толькі палову тайны.

На самой справе ніякага сакрэту ўжо даўно няма, бо сучасныя прыборы фізіка-хімічнага аналізу за некалькі гадзін выдадуць любому, хто жадае, падрабязную табліцу рэчываў, якія ўваходзяць у састаў таго ці іншага прадукта.



САКРЭТ ШАКАЛАДУ

Еўрапейцы адкрылі “шакаладнае дрэва” ў першай палове XVI стагоддзя.

У трапічных лясах Афрыкі і Паўднёвай Амерыкі расце невялікае прыгожае дрэва з бліскучым лісцем. Гэтае дрэва цвіце жоўтымі кветкамі і пладаносіць круглы год. Але дарэмна шукаць кветкі на галінках дрэва – яны сядзяць адразу на кары ствала! Са ствала звісаюць і жоўтыя даўгаватыя плады, падобныя на рабрыстыя агуркі. Яны дасягаюць 30 сантыметраў у даўжыню, 10-12 сантыметраў у дыяметры і важаць ад 300 да 600 грамаў. З аднаго дрэва знімаюць ад 50 да 120 пладоў.

Старажытныя ацтэкі, якія жылі тады на тэрыторыі цяперашняй Мексікі, рыхтавалі з пладоў гэтага дрэва своеасаблівы востры напой пад назвай чокоатль, што значыць “горкая вада”.

Цікавая ацтэкская легенда пра дрэва какавы.



АРЭХІ – ДОБРЫ ПЕРАКУС

Арэхі -- гэта не толькі смачны ласунак, гэта суцэльная карысць для нашага арганізма.



АЎТАСТОП: АД ЛАМАНОСАВА ДА ЗЭДЛІКА

Напэўна, кожнаму чалавеку ў сваім жыцці хоць аднойчы даводзілася галасаваць ля абочыны дарогі. Бо грамадскі транспарт, як вядома, ходзіць не ўсюды і толькі па раскладзе. А што калі спазніўся на рэйс, ці банальна не хапіла грошай на квіток? А ў кропку "Б" патрапіць трэба "ну, да зарэзу!". Тады і даводзіцца звяртацца да спадарожных аўтамабіляў з працягнутай рукой, чакаючы таго самага добрага кіроўцу, які падкіне да кропкі "Б". Але гэта такі больш побытавы аўтастоп.

Гісторыю ж яго можна пачаць адлічваць яшчэ з часоў гужавога транспарту.

Ад Ламаносава

Напэўна, першым "аўтаспыннікам" на Русі можна лічыць вялікага прыродазнаўцу Міхайлу Васільевіча Ламаносава. Прынамсі, байкі пра яго паход з вёскі Мяшанінскай Архангельскай губерні за тысячу кіламетраў да самай Масквы ў біяграфіі вялікага навукоўцы вельмі папулярныя. Па ўстояных стэрэатыпах прынята лічыць, што Ламаносаў пераадолеў увесь шлях да "белакаменнай" пешшу з дзвюма кнігамі за пазухай. Але якім бы дужым ні быў сын зямлі паморскай, у адзіночку ўзімку пераадолець такі шлях не атрымалася б. Таму і "спыніў" Міхайла Васільевіч рыбны абоз, які накіроўваўся ў Маскву з Халмагор. Разам і больш бяспечна, і хутчэй. За гадзіну абоз праходзіў прыкладна 8 кіламетраў, а рух пачынаўся да першай зоркі. Калі дарога была замецена, яе расчышчалі ўласнымі сіламі. Рухаўся абоз і ў цёмны час сутак, а наперадзе яму шлях асвятляў факельшчык. Магчыма, нейкія з гэтых функцый выконваў і Ламаносаў, таму што супрацоўніцтва таго, хто падвозіць, і "аўтаспынніка" павінна быць узаемавыгадным.