Свет захапленняў

warning: Creating default object from empty value in /var/www/t-av/data/www/dyatlovo.info/modules/taxonomy/taxonomy.module on line 1390.


АД ШКОЛЫ МАСТАЦТВАЎ ДА ТЭАТРАЛЬНАЙ СТУДЫІ

Свет захапленняў Вольгі Іода, вучаніцы СШ №3 горада Дзятлава, даволі вялікі. Гэта і заняткі ўдзіцячай школе мастацтваў, наведванне тэатральнай студыі “Мелодыя душы”, занятасць у тэатры мыльных пузыроў, спевы. Акрамя гэтага, Вольга нядаўна пачала наведваць студыю цыркавога майстэрства і акрабатыкі. Ёсць і мары - асвоіць каратэ.

Дзіцячую школу мастацтваў Вольга наведвае восьмы год. Яна іграе на балалайцы і фартэпіяна, рыхтуецца паступіць у Лідскі музычны каледж. Як лічыць дзяўчына, гэта яе прызванне. Магчыма, яно і так - у Вольгі абсалютны слых. А яшчэ — някепскія вакальныя дадзеныя. Песня Юліі Праскураковай "Голас” у выкананні Вольгі гучыць даволі напеўна. У планах дзяўчыны — выканаць песню пра Асоль, а таксама сыграць якую-небудзь камедыйную ролю.



НАШ ПРЫЗЁР РЭСПУБЛІКАНСКАЙ “АРХНАВАЦЫІ”

Багатая на таленты зямля дзятлаўская, і ў гэтым не перастаюць пераконваць нашы школьнікі. Адзін з іх, вучань Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Ігар Крывулька, стаў прызёрам рэспубліканскага конкурсу “АрхНавацыя-2013”, аб’яўленым Міністэрствам архітэктуры Рэспублікі Беларусь.

Творчае спаборніцтва мела на мэце павысіць у падрастаючага пакалення цікавасць да архітэктуры роднага краю і праходзіла ў намінацыях “Жывапіс”, “Графіка”, “Мастацкая фатаграфія”, “Архітэктурнае макеціраванне”. Дзеці ва ўзросце ад 4 да 16 гадоў працавалі па тэмах “Архітэктурная гармонія Беларусі: ад вытокаў да сучаснасці”, “Вуліца майго дзяцінства” і “Архітэктурныя фантазіі”. Згодна з рэспубліканскай прэсай, у конкурсе ўдзельнічалі больш за 200 работ.



МАЛЕНЬКІ – ДРОБНЫ – МІКРАСКАПІЧНЫ…

Кожнае дзіця асаблівае па-свойму. Маленькі чалавек валодае цэлым цудоўным светам, пра які мы, дарослыя, праз сваю сур’ёзнасць і дзелавітасць, на жаль, забыліся. У дзяцінстве найлепш засвойваюцца новыя здольнасці і адкрываюцца незвычайныя таленты.

Галоўнае захапленне вучаніцы чацвёртага класа Дзятлаўскай школы №3 Насці Ванчук – лепка з пластыліну, якой яна пачала займацца яшчэ ў дашкольным узросце. Аднак у хобі яе не ўсё так проста, як можа падацца на першы погляд. Тое, што лепіць Насця, можна назваць ювелірнай работай, настолькі дробныя і далікатныя яе вырабы. Самыя маленькія з іх не дасягаюць і сантыметра, вялікія – каля трох.

На хатнім століку красуецца цэлая імправізаваная выстава, якую варта разгледзець крыху падрабязней. Цэнтральнае месца займаюць сабакі розных пародаў і колераў. Сама Насця называе іх усе і дадае крыху сумна, што сабака – гэта даўняя мара.