Скрыжаванне



У РАЁНЕ ЗАТРЫМАНЫ 63 "БЯСПРАЎНІКІ"

Дзяржаўтаінспекцыя з 20 па 30 сакавіка правяла дзкаду “Бяспраўніку” не месца за рулём!” з мэтай рэагавання на небяспечную абстаноўку, якая склалася на дарогах краіны.

Аналіз аператыўнай абстаноўкі ў сферы дарожнага руху сведчыць аб тым, што ў апошні час абвастрылася праблема траўматызму ўдзельнікаў дарожнага руху па віне вадзіцеляў, якія не маюць права кіравання.

Так, у 2014 годзе ў рэспубліцы адбыліся 454 такія дарожна-транспартныя здарэнні, у якіх 97 чалавек загінулі, 509 - атрымалі раненні. У студзені-лютым 2015 года вадзіцелямі-“бяспраўнікамі” ўчынены 32 дарожна-транспартныя здарэнні, у якіх 7 чалавек атрымалі смяротныя траўмы, 30 - раненні рознай ступені цяжкасці.



ВАДЗІЦЕЛІ ПЫТАЛІСЯ

Пытанне: ці неабходна мяняць медыцынскую даведку пры змене прозвішча?
Адказ: многія жанчыны, якія выходзяць замуж і мяняюць прозвішча, задаюць гэта пытанне. Не, у замене няма неабходнасці. Ніякіх дадатковых даведак пра тое, што раней у вас было іншае прозвішча, таксама не трэба, бо на вадзіцельскай даведцы ёсць ваша фатаграфія.

Пытанне: нядаўна пачуў, што для аднаўлення вадзіцельскіх правоў, па заканчэнні тэрміну іх пазбаўлення, неабходна нанова пераздаваць экзамены. Ці праўда гэта?
Адказ: часткова. Такія меры прымаюцца ў дачыненні да вадзіцеляў, якія былі пазбаўлены правоў за кіраванне ў нецвярозым стане. Прычым, уладальнікам чатырохколавых сяброў, якія “правініліся”, здаваць трэба ўсё з нуля: і кіраванне, і тэорыю.



УСЕ - НА “ЗІМЕ", А ДЗЕЦІ - У СПЕЦЫЯЛЬНЫМ КРЭСЛЕ

16 студзеня 2015 года ў сілу ўступілі змены ў Правілах дарожнага руху. Што новага прадугледжана для аўтаўладальнікаў?

3 гэтага часу законам замацавана, што з 1 снежня па 1 сакавіка рухацца па дарогах можна будзе толькі на аўтамабілі з так званымі зімовымі шынамі. Раней такая мера была пажаданай, але большасць вадзіцеляў усё ж такі "пераабувалі" свайго "жалезнага каня". Па-першае, пры маразах камфортней на "зіме", па-другое - намнога бяспечней. Дарэчы, пры аналізе абставінаў дарожнага здарэння летняя гума зімой на колах лічылася абцяжарваючымі абставінамі.



ХУТКА ЗІМА - РЫХТУЕМСЯ РАЗАМ!

31 кастрычніка дзяржаўтаінспекцыя правяла Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам "Хутка зіма - рыхтуемся разам!", прысвечаны падрыхтоўцы транспартных сродкаў да эксплуатацыі зімой. Дапамаглі дзяржаўтаінспектарам у правядзенні акцыі работнікі Дзятлаўскай дыягнастычнай станцыі "Белтэхагляд".

Супрацоўнікі ДАІ наведалі навучальныя ўстановы, працоўныя калектывы прадпрыемстваў і арганізацый, спецыялісты станцыі - правялі тэматычныя гутаркі з вадзіцелямі, якія праходзілі ў гэты дзень тэхнічны агляд аўтамабіляў.

Зіма - сапраўднае выпрабаванне для вадзіцеляў. Нізкія тэмпературы, гурбы снегу, слізкае дарожнае палатно і дрэнная бачнасць пры ападках робяць працэс кіравання аўтамабілем не толькі складаным, але і небяспечным. Таму не чакайце першага снегу а загадзя паклапаціцеся пра тое, каб ваш аўтамабіль быў гатовы да эксплуатацыі ўхалодны сезон.



ПЕРАВОДЗІМ АЎТО НА “ЗІМОВЫ АБУТАК"

Наколькі ўпэўнена будзе трымацца аўтамабіль на заснежанай дарозе або на галалёдзе - шмат у чым залежыць ад зімовых шынаў. Зімовы варыянт пакрышак адрозніваецца ад летняга па мяккасці гумы. Маразы менш шкодзяць такому тыпу гумы, яна шчыльна прылягае да снегу і дарожнага пакрыцця, што дазваляе скараціць тармазны шлях, значна палепшыць кіраванне аўтамабілем, у многім пазбегнуць дарожна-транспартных здарэнняў.

Сёння выкарыстанне зімовых шынаў яшчэ носіць рэкамендацыйны характер, аднак хутка ўступіць у сілу указ нумар 483, якім унесены змяненні і дапаўненні ва указ ад 28 лістапада 2005 года нумар 551 “Аб мерах па павышэнні бяспекі дарожнага руху", згодна з якім прадугледжваецца абавязковае выкарыстанне зімовых шынаў на аўтамабілях з тэхнічна дапушчальнай агульнай вагой да 3,5 т, на легкавых і грузапасажырскіх аўтамабілях вагой звыш 3,5 т, а таксама аўтобусах вагой да 5 т.



“БЯСПЕЧНЫ ПЕРАХОД”

Распаўсюджанымі парушэннямі правілаў дарожнага руху з'яўляюцца пераход пешаходамі праезнай часткі ва неўстаноўленым месцы, іх нечаканы выхад на дарогу, а таксама парушэнне вадзіцелямі правілаў праезду пешаходнага перахода.

Як сведчыць статыстыка, за 8 месяцаў бягучага года ў нашай краіне на пешаходных пераходах адбылося 380 дарожна-транспартных здарэнняў. Менавіта таму дзяржаўтаінспекцыя вырашыла акцэнтаваць увагу як вадзіцеляў, так і пешых удзельнікаў руху на гэтай праблеме і сумнай статыстыцы і правяла рэспубліканскую прафілактычную акцыю "Бяспечны пераход" па адпрацоўцы ў час пік і цёмны час сутак нерэгулюемых пешаходных пераходаў, а таксама ўчасткаў аўтамабільных дарог і вуліц населеных пунктаў, дзе найбольш верагодна ўчыненне наезду на пешаходаў.



“ЧОРНАЯ ВОСЕНЬ”

З першага дня восень неаднаразова характарызавала сябе як самы небяспечны перыяд. У 2012 годзе 1 верасня на скрыжаванні каля вёскі Чэпелева Слонімскага раёна адбылося сутыкненне аўтапоезда “Вольва" з легкавым аўтамабілем “Рэно”, які выехаў на галоўную дарогу. У выніку дарожна-транспартнага здарэння вадзіцель загінуў, а яго жонку, сына і ўнука шпіталізавалі. Летась таксама ў першы дзень восені каля вёскі Прыгодзічы “Фальксваген” насмерць збіў юнака, які перабягаў дарогу.

Не стаў выключэннем і гэты год. Каля васьмі гадзін раніцы 1 верасня ў вёсцы Вялікае Сяло Свіслацкага раёна бяроза “спыніла" страціўшую кіраванне машыну “Аўдзі". Дваццацігадовы вадзіцель набыў напярэдадні здарэння аўтамабіль, які нават не паспеў на сябе аформіць. Той раніцаю з родным братам ехалі на працу, раптам на гравійцы аўтамабіль стала заносіць, у левым кювеце ён урэзаўся ў дрэва. Вадзіцель памёр на месцы аварыі, яго брат быў шпіталізаваны.



ХТО ПЛАЦІЦЬ: ПАСАЖЫР ЦІ ВАДЗІЦЕЛЬ?

На гэтым тыдні дзяржаўтаінспекцыя звяртае павышаную ўвагу на вадзіцеляў і пасажыраў, які не прышпілены рамянямі бяспекі. 27 чэрвеня наогул прайшоў Дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам “Прышпіліся!”.

На асаблівым кантролі дзяржаўтаінспектараў зараз пасажыры. Часта ў дарожна-транспартным здарэнні вадзіцелі атрымліваюць лёгкія траўмы, а вось пасажыры гінуць або становяцца інвалідамі. Тлумачыцца гэта тым, што ў момант аварыі яны не былі прышпілены рамянямі бяспекі. Дарэчы, непрышпілены пасажыр – гэта парушэнне правілаў дарожнага руху, якое караецца законам. Нярэдка ўзнікае пытанне: “Хто ж павінен плаціць штраф за невыкананне правілаў пасажырам?” Штраф адначасова накладваецца як на вадзіцеля, так і на пасажыра. Пры гэтым, для вадзіцеля ён складае да 1 базавай велічыні, для пасажыра – ад 1 да 3 базавых велічыняў.



"У НОВЫ МОТА-ВЕЛАСЕЗОН БЕЗ АВАРЫЙ!"

Пад такім дэвізам праходзіў Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху. Ён быў скіравана на прафілактыку парушэння правілаў дарожнага руху вадзіцелямі двухколавага транспарту. Дзяржаўтаінспекцыя звяртала асаблівую ўвагу на наяўнасць вадзіцельскага пасведчання ў кіроўцаў матацыклаў і скутараў, захаванне імі хуткаснага рэжыму, выкарыстанне моташлемаў.

У сувязі з вялікай колькасцю зваротаў грамадзян, ДАІ нагадвае аб парадку атрымання вадзіцельскіх правоў. Для кіравання мапедам неабходна мець пасведчанне катэгорыі "АМ", матацыклам -- "А", акрамя таго, гэтая катэгорыя мае падкатэгорыю "А1" -- матацыклы з рабочым аб'ёмам рухавіка, які не перавышае 125 кубічных сантыметраў, і максімальнай магутнасцю не вышэй за 11 кілават (лёгкія матацыклы).



АКЦЫЯ “ДЗЯРЖТЭХАГЛЯД”

На тэрыторыі Дзятлаўскага раёна дзяржаўтаінспекцыяй сумесна з унітарным прадпрыемствам “Белтэхагляд” праводзіцца агульнарэспубліканская дэкада “Дзяржтэхагляд”, якая працягнецца да 2 красавіка. Мэтай дэкады з’яўляецца прафілактыка дарожна-транспартных здарэнняў па прычыне тэхнічнай няспраўнасці транспартных сродкаў. Ад таго, як аўтаўладальнік адносіцца да падрыхтоўкі свайго транспарту да тэхагляду і далей кантралюе яго тэхнічны стан, у многім залежыць бяспека дарожнага руху.

Нагадваем, што эксплуатацыя няспраўных транспартных сродкаў пагражае вадзіцелю штрафам у памеры да 3 базавых велічыняў. Калі на працягу года будзе ўчынена гэта ж парушэнне паўторна, яму прыйдзецца раскашэліцца на суму ад 2 да 5 базавых велічыняў. За несвоечасовае праходжанне дзяржаўнага тэхнічнага агляду  памер штрафу складзе да 2 базавых велічыняў.