Рэйд

warning: Creating default object from empty value in /var/www/t-av/data/www/dyatlovo.info/modules/taxonomy/taxonomy.module on line 1390.


НАВОДЗЯЦЬ ЧЫСЦІНЮ - ЗДАРАЮЦЦА ПАЖАРЫ

Сёлетняй вясной для ратаўнікоў выдалася дастаткова напружаная сітуацыя з пажарамі, якія ўзнікалі з-за выпальвання травы. Каб папярэдзіць гэта, работнікі Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях штотыдзень праводзілі рэйды-праверкі.

Сумесны рэйд прадстаўнікоў Дзятлаўскага РАНС, раённай інспекцыі па ахове расліннага і прыроднага свету, Дзятлаўскага участка Гродзенскага камбіната супрацьпажарных работ, АУС райвыканкама адбыўся па вёсках Дзятлаўскага сельскага Савета.

Першай праверылі вёску Ятвезь. Сюды ўжо выязджалі ратаўнікі на тушэнне ўзгарання сухой расліннасці. Жыхарка вёскі, наводзячы парадак на прысядзібнай тэрыторыі, спальвала смецце ў металічнай ёмістасці пры моцным ветры. Іскры перакінуліся на сухую расліннасць. Жанчына была аштрафавана. У час рэйду фактаў выпальвання сухой расліннасці ў вёсцы Ятвезь выяўпена не было.



ПРАВЕРЫЛІ ЖЫЛЛЁ

Адбыўся сумесны рэйд раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, раённага энерганагляду, сацыяльна-педагагічнага цэнтра, у час якога работнікі дадзеных службаў наведалі домаўладанні сем'яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, людзей, якія злоўжываюць алкагольнымі напоямі. Рэйд прайшоў у вёсках Навасёлкі, Галаўлі, Малдуці, Пенчыцы, Апаліна-Басіна Дзятлаўскага сельскага савета

КУРЭННЕ Ў ДОМЕ

Гэтая кепская звычка - найбольш распаўсюджана, нягледзячы на актыўную прафілактычную работу. У час мінулай праверкі да адміністрацыйнай адказнасці быў прыцягнуты цяпер ужо беспрацоўны жыхар Галаўлёў. Мінулы раз, калі да яго зайшоў інспектар пажарнага дзяржнагляду, мужчына сядзеў на ложку, курыў і пры гэтым займаўся рамонтам бензапілы.



ПАСЛУХАЛІ ІНСТРУКТАЖ I ПААБЯЦАЛІ ВЫПРАВІЦЬ ПАМЫЛКІ

У рамках акцыі "За бяспеку разам" адбыўся сумесны рэйд Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і рэдакцыі газеты "Перамога". Таксама ўдзел у рэйдзе прыняла старшы інспектар аддзела па арганізацыі навучання насельніцтва і работнікаў цэнтра прапаганды і навучання пры Гродзенскім абласным упраўленні МНС А. С. Кавалёва.

Акцэнт ставіўся на праверку супрацьпажарнага стану жылля сацыяльна-ненадзейных сем'яў, людзей, якія злоўжываюць алкаголем, адзінокапражываючых пажылых грамадзян у вёсках Дзятлаўскага і Вензавецкага сельскіх Саветаў.

У доме састарэлай жыхаркі Савічаў паддашак быў закладзены сенам, што з'яўляецца парушэннем супрацьпажарнай бяспекі. Гэта і было патлумачана жанчыне. Крытыку яна ўспрыняла "да ўвагі", паабяцала ачысціць паддашак ад сена і пабяліць дымаход. На гэта жанчыне адведзены некалькі дзён.



ДЫМ НАД ВЁСКАЙ І ГОРАДАМ

У Беларусі адбыліся 138 пажараў з-за выпальвання сухой травы, у агні загінулі 2 чалавекі.

З мэтай папярэджання такіх надзвычайных сітуацый ратаўнікі праводзяць рэйды-праверкі. У Дзятлаўскім раёне мерапрыемства прайшло 12 сакавіка.
Пачаўся рэйд з выезду ў пасёлак Гезгалы: у раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях са скаргай звярнуліся некалькі жыхароў гэтага населенага пункта. Іх суседка спальвала сухую расліннасць у небяспечнай блізкасці ад чужога дачнага ўчастка. На момант рэйду віноўніцы парушэння не было на ўчастку, былі апытаны сведкі яе небяспечных дзеянняў, за якія жанчына будзе прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці -- штрафу ад 130000 рублёў.
Заехаць у вёску Нагародавічы ратаўнікоў навялі "на думку" клубы чорнага дыму, якія былі заўважны з дарогі. Як высветлілася, гэта быў дым ад вогнішча, у якім пажылая жанчына з гэтай вёскі спальвала смецце. Вогнішча яна развяла за 5 метраў ад хлява. Улічваючы тое, што быў вецер, іскра, трапіўшы пад дах хлява, магла стаць прычынай пажару. Гэта і было растлумачана пенсіянерцы. У прысутнасці ратаўнікоў яна патушыла вогнішча. На першы раз за сваё парушэнне жанчына была папярэджана.



НАВОШТА КУРЫЦЬ У ХАЦЕ?

З мэтай прафілактыкі пажараў, гібелі людзей на іх Дзятлаўскім раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях, Дзятлаўскім сельскім саветам праведзены сумесны рэйд-праверка ў вёсках Труханавічы, Вянскі, Пацаўшчына. У цэнтры ўвагі было выкананне правілаў пажарнай бяспекі ў дамах, дзе жывуць сацыяльна-ненадзейныя сем'і, людзі, якія злоўжываюць алкаголем. Таксама адбыўся сход на жывёлагадоўчай ферме ў Труханавічах. З работнікамі праведзены інструктаж па правілах пажарнай бяспекі на вытворчасці і ў быце.

Як паказваюць мінулыя рэйды, найбольш частае парушэнне ў жылым сектары -- гэта курэнне ў памяшканнях і месцах, дзе ёсць згараемыя матэрыялы. На гэтую тэму работнікамі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях праведзены шэраг гутарак з парушальнікамі. Хтосьці прыслухоўваецца да іх, перастае курыць у доме. А хтосьці па-ранейшаму ігнаруе дадзенае правіла. Гэта ў сваю чаргу вядзе да штрафу, які з кожным парушэннем павялічваецца. Узнікае мэтазгоднае пытанне: навошта курыць у хаце, калі за гэта "задавальненне" даводзіцца пасля плаціць вялікія грошы?



ДЫМ ЦЫГАРЭТ У ХАЦЕ

Адбыўся сумесны рэйд Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, раённай газеты "Перамога", адміністрацыі Вензавецкага сельскага савета. Быў правераны супрацьпажарны стан жылых дамоў у вёсках Юравічы, Лагуны, Вензавец.

Як паказаў рэйд, курэнне ў хаце па-ранейшаму застаецца надзённай праблемай. І гэта нягледзячы на праводзімую сярод насельніцтва прафілактычную работу.

Многія ставяцца да пытання несур'ёзна -- як да звычкі, якая нікому не перашкаджае. І на заўвагу інспектара дзяржаўнага пажарнага нагляду аб тым, што курыць у хаце нельга, спакойна адказваюць: "У хаце ж няма дзяцей". Гэта словы гаспадара дома, на момант праверкі ў якім сабраліся сябры, каб пагутарыць, паглядзець тэлевізар, распіць бутэлечку віна. Адарвацца ад цікавага прагляду, відаць, было цяжка, і адзін з гасцей вырашыў пакурыць у хаце. За гэта ён аштрафаваны. Дарэчы, мужчына беспрацоўны, прапісаны ў доме маці. У яе патрабуе рамонту печка, толькі вось сыну да гэтага няма ніякай справы. Відаць, заняты. Толькі чым? Ужо два гады мужчына нідзе не працуе. Яму нагадалі аб сыноўнім абавязку, параілі выправіць непаладкі з печкай у матулінай хаце. А вось гаспадару хаты, дзе сабралася кампанія, адведзены пэўны тэрмін, каб адрамантаваць дымаход.



СУСЕДЗІ І БЯСПЕКА

У рамках акцыі "Бяспечнае суседства" адбыўся сумесны рэйд аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і рэдакцыі раённай газеты "Перамога". Наведалі вёскі Засецце, Норцавічы, Пенчыцы, Апаліна-Басіна, Пацаўшчына Дзятлаўскага сельскага савета. Быў правераны стан дамоў, гаспадары якіх злоўжываюць алкаголем.

На момант праверкі жыхар вёскі Засецце, пенсіянер, быў у лёгкім падпітку. Незакончаная бутэлька віна стаяла на стале. На падлозе валялася смецце, акуркі. У хаце было холадна: відаць, для мужчыны было дастаткова "ўнутранага сугрэву".

У хаце пенсіянера ўстаноўлены аўтаномны пажарны апавяшчальнік, аднак чамусьці ён знаходзіўся пад падушкай. На гэта гаспадару хаты была зроблена заўвага.



НЕ КУРЫ Ў ХАЦЕ, ГАСПАДАР

Адбыўся чарговы рэйд Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях сумесна з раённай газетай "Перамога". У вёсках Засецце, Норцавічы, Пенчыцы Дзятлаўскага сельскага савета праверылі стан пажарнай бяспекі ў жыллі грамадзян, якія злоўжываюць алкагольнымі напоямі.

На жаль, прызвычаіліся людзі ўжываць алкаголь і сярод белага дня. Пацвярджаецца гэта і вядомым выслоўем -- выпіў з раніцы і дзень свабодны. Гэтым выслоўем скарыстаўся і жыхар вёскі Засецце -- пенсіянер. На момант праверкі ён спакойна адпачываў ў ложку, а ў верандзе яго "чакаў" веласіпед, на якім вісела сумка з алкагольнай дабаўкай. У жыллі пажылога чалавека -- беспарадак і антысанітарыя. Сярод смецця на падлозе -- акуркі, абгарэлыя запалкі. Гэта не выключае верагоднасці, што пенсіянер курыць у хаце. Яшчэ адно парушэнне -- непабелены дымаход. За парушэнні правілаў пажарнай бяспекі гаспадар дома аштрафаны.



ДОМ, ДЗЕ ЖЫВУЦЬ ДЗЕЦІ

У Беларусі ў на пажарах загінулі 10 дзяцей. Лічба высокая, тым больш што за ўвесь 2012 год агонь забраў жыцці 14 дзяцей.

У сувязі з такой складанай сітуацыяй работнікі МНС асаблівую ўвагу надаюць праверцы стану пажарнай бяспекі ў жыллі сацыяльна-ненадзейных сем'яў, шматдзетных сем'яў, сем'яў, дзе выхоўваюцца дзеці да 14 гадоў.

Такую мэту ставіў перад сабой і нядаўні сумесны рэйд работнікаў Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, выканкама Дзятлаўскага сельскага Савета, Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, сацыяльнага педагога СШ № 3 г. Дзятлава, раённай газеты "Перамога". Выезд адбыўся ў вёскі Дзятлаўскага сельсавета.

На пачатку рэйда быў правераны стан пажарнай бяспекі ў доме шматдзетнай сям'і з Ятвезі. Парушэнняў не выяўлена. З бацькамі праведзена прафілактычная гутарка. Інспектар РАНСА А. Беленка засяродзіў увагу на правілах спальвання смецця на прысядзібных участках, недапушчальнасці вясновага спальвання леташняй травы.



ПРАВЕРЫЛІ ЖЫЛЛЁ

Адбыўся чарговы сумесны рэйд Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і супрацоўнікаў раённай газеты "Перамога". Удзел у рэйдзе прыняў прадстаўнік Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС. Выезд адбыўся ў вёскі Руда Яварская і Гута Рудаяварскага сельскага савета. У сувязі з узросшым узроўнем гібелі дзяцей на пажарах увага надавалася праверцы стану пажарнай бяспекі ў сацыяльна-ненадзейных сем'ях, сем'ях, дзе выхоўваюцца дзеці ва ўзросце да 14 гадоў.

У жыллі чатырох сем'яў вёскі Руда Яварская, якія знаходзяцца на ўліку як сацыяльна ненадзейныя, на момант праверкі парушэнняў правілаў пажарнай бяспекі не было выяўлена. З бацькамі праведзены прафілактычныя гутаркі. Таксама інспектары праверылі спраўнасць аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка, сігнал якога выведзены на фасад.