Пыталіся - адказваем

warning: Creating default object from empty value in /var/www/t-av/data/www/dyatlovo.info/modules/taxonomy/taxonomy.module on line 1390.


"ГРАМАДЗЯНСКІ ШЛЮБ" -- НІЯКІХ ПРАВОЎ І АБАВЯЗКАЎ, АКРАМЯ БАЦЬКОЎСКІХ

У пракуратуру Дзятлаўскага раёна з праблемнымі пытаннямі часта звяртаюцца жыхары Дзятлаўшчыны. На самыя актуальныя з іх адказвае намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна Аляксандр Паўлавіч Юркевіч.

Пытанне: ці магчыма выселіць з кватэры, уласніцай якой я з'яўляюся, майго мужа без яго згоды, калі ён даўно тут не жыве і мае пастаяннае месца жыхарства па іншым адрасе?

Адказ: выселіць мужа без яго згоды з жылога памяшкання, уласнікам якога ён не з'яўляецца і ў якім даўно не жыве, магчыма ў судовым парадку. Для гэтага варта звярнуцца ў суд па новым месцы жыхарства мужа з іскавой заявай аб высяленні з жылога памяшкання ў сувязі са стратай права карыстання. У далейшым у суд неабходна прадаставіць доказы, якія сведчаць аб тым, што муж не з'яўляецца ўласнікам гэтага жылога памяшкання, а таксама выбыў на пастаяннае месца жыхарства ў іншае жылое памяшканне. Такімі доказамі могуць служыць тлумачэнні суседзяў, дакументы, якія ўстанаўліваюць права на жылое памяшканне, іншыя звесткі, якія пацвярджаюць гэты факт.



ЗАМЕСТ СЕНА ВЫДЗЕЛЯЦЬ ЗЕРНЕ

У рэдакцыю газеты патэлефанаваў жыхар вёскі Пацаўшчына. Ён скардзіўся на якасць кармоў для жывёлы, выдзеленых вяскоўцам СВК "Русь-Агра". Па словах мужчыны, сена, якое сёлета прапанавала ім гаспадарка, аказалася гнілым. Жыхары Пацаўшчыны вымушаны былі адмовіцца ад няякаснага корму, які наўрад ці захоча есці жывёла ўзімку. Дзе цяпер набыць сена і на што спадзявацца вяскоўцам?

З гэтым пытаннем карэспандэнтка газеты звярнулася ў праўленне сельскагаспадарчага вытворчага кааператыву "Русь-Агра" і Дзятлаўскі сельскі Савет.



Што на паліцах аўтамагазіна?

Напрыканцы лютага са скаргай на работу аўтамагазіна ў рэдакцыю звярнулася А. П. Кажала, жыхарка вёскі Страла:
— У нашу вёску прадукты возіць аўтамагазін райспажыўтаварыства тры разы на тыдзень: па панядзелках, серадах, пятніцах. Машына часта затрымліваецца, і старым людзям даводзіцца чакаць яе на марозе. Але і гэта не самае кепскае. Непрыемна ўражвае асартымент аўталаўкі: тут амаль няма чаго набыць. Малако і кефір толькі дарагія, хлеб і батон чамусьці цвёрдыя, як іх есці старым людзям? Тварог прадаюць такі, у якога тэрмін прыдатнасці канчаецца ў дзень рэалізацыі. Такія выпадкі неадзінкавыя. Дапамажыце вырашыць праблему.



Ці трэба мяняць пасведчанне?

Пытанне: нядаўна памяняла пашпарт, а ці трэба мяняць пасведчанне сацыяльнага страхавання, ці мае яно тэрмін дзеяння, калі яго трэба мяняць?

Адказ Галіны Чура, начальніка раённага аддзела Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва:
— Пасведчанне сацыяльнага страхавання належыць замене ў выпадку змены анкетных дадзеных чалавека - пры змене прозвішча, імя, імя па-бацьку. Чалавек абавязаны на працягу месяца з дня выдачы пашпарта (гэта пацвярджае факт змены анкетных дадзеных) звярнуцца да работадаўцы і атрымаць новае пасведчанне.



Пра работу ў асаблівых умовах

Пытанне: які час не адносіцца да перыядаў работы ў асаблівых умовах?
Адказ: часам, які не адносіцца да перыядаў работы (дзейнасці) у асаблівых умовах, з'яўляюцца: перыяд работы ў звычайных умовах; работа не на поўную стаўку; праца па грамадзянска-прававых дагаворах; перыяд прастояў; знаходжанне ў службовых камандзіроўках, якія не звязаны з выкананнем работ у асаблівых умовах; перыяды навучання, перападрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі; абследаванні і агляды ў медыцынскіх установах; выкананне дзяржаўных або грамадскіх абавязкаў; ажыццяўленне паўнамоцтваў на абранай пасадзе; перыяд догляду хворага, хваробы, часовай непрацаздольнасці; санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне; перыяд сацыяльных водпускаў (па цяжарнасці і родах, доглядзе за дзецьм'і, у сувязі з навучаннем, у сувязі с катастрофай на ЧАЭС, па важных асабістых і сямейных прычынах). Таксама да перыядаў работы ў асаблівых умовах не адносіцца адзін свабодны ад работы дзень у месяц, які мае маці (бацька, апякун, папячыцель), на выхаванні ў якой знаходзіцца дзіця-інвалід да 18 гадоў.



Аб прафесійным пенсійным страхаванні

Пытанне: ці належаць прафесійнаму пенсійнаму страхаванню медыцынская сястра-дыетолаг і медыцынская сястра па фізіятэрапіі дома-інтэрната для псіханеўралагічных хворых?

Адказ: згодна з пунктам 8 раздзела 1 Пераліка прафесійнаму пенсійнаму страхаванню належаць дактары, фельчары, медыцынскія сестры псіханеўралагічных дамоў-інтэрнатаў для састарэлых і інвалідаў. Зыходзячы з гэтага, пры захаванні ўстаноўленых крытэрыяў ацэнкі ўмоваў працы і ўплаце ўзносаў належаць прафесійнаму пенсійнаму страхаванню названыя медработнікі, незалежна ад таго, як называецца займаемая імі пасада.



Як атрымаць кампенсацыю за разбітую машыну

Зпытаннем у рэдакцыю звярнуўся жыхар г. Дзятлава: па віне іншага вадзіцеля мы (я з жонкаю) трапілі ў аварыю, калі ехалі на ўласным аўтамабілі. Нанесена шкода нашаму здароўю, машыне. Як атрымаць кампенсацыю? Куды, з якімі дакументамі неабходна звярнуцца?

Адказвае С. Пыл, дырэктар прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Дзятлаўскім раёне:
— Згодна з метадычнымі ўказаннямі аб парадку заключэння і выканання дамоваў абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў і ўрэгулявання страты па дамовах унутранага страхавання ад 14.12.2010 года №305, асоба, якая прэтэндуе на атрыманне страхавой аплаты, павінна на працягу пяці працоўных дзён з дня дарожнага здарэння пісьмова пра яго заявіць: страхаўніку, з якім заключена дамова унутранага страхавання (комплексная дамова унутранага страхавання); страхаўніку, які заключыў дамову унутранага страхавання (комплексную дамову унутранага страхавання) у адносінах транспартнага сродка асобы, якая прычыніла шкоду ў выніку ДТЗ; у Беларускае бюро па транспартным страхаванні ў выпадках нанясення шкоды транспартным сродкам, уладальнік якога не заключыў дамовы абавязковага страхавання (шкода, нанесеная транспартнаму сродку, кампенсуецца пры ўмове наяўнасці ў пацярпелага дамовы абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў); транспартным сродкам, які выйшаў з уладання гаспадара без яго віны ў выніку супрацьпраўных дзеянняў іншых асобаў; неўстаноўленым транспартным сродкам, за выключэннем выпадку нанясення шкоды маёмасці.



Ці налічваюцца страхавыя ўзносы?

Пытанне: ці налічваюцца страхавыя ўзносы на прэміі ў грашовай форме, выплаты матэрыяльнай дапамогі і выдадзеную сельгаспрадукцыю (мука, цукар) да сельскагаспадарчага свята?

Адказ Галіны Чура, начальніка раённага аддзела Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва:
— Калі ў арганізацыі дастаткова грашовых сродкаў — прыбытку, які накіроўваецца на прэміяванне работнікаў з нагоды прафесійнага свята (у тым ліку і ў выглядзе грашовай матэрыяльнай дапамогі або выдачы сельгаспрадуктаў у натуральным выражэнні), то выдаецца загад аб выплатах за дасягнутыя вынікі і ў сувязі з Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. У гэтым выпадку страхавыя ўзносы налічваюцца як на грашовыя выплаты, так і на выплаты ў натуральным выражэнні. Адпаведна яны разносяцца па асабовых рахунках кожнага працаўніка і персаніфікуюцца.



Што рабіць з чэкамі "Маемасць"

Пытанне: У многіх грамадзян на сёння маюцца чэкі "Маёмасць". Што можна зрабіць з гэтымі каштоўнымі паперамі?

Чэкавая прыватызацыя ў Беларусі працягнецца да сярэдзіны 2013 года. Новы закон аб прыватызацыі ўступіў у сілу 1 студзеня 2011 года. У ім адсутнічае такі спосаб, як бязвыплатная прыватызацыя. I грамадзянам даецца апошні шанс стаць акцыянерамі тых ці іншых прадпрыемстваў. 3 новага года прыватызацыя будзе ажыццяўляцца толькі за грошы. Аднак, улічваючы значнасць сацыяльнага аспекта льготнай прыватызацыі, закон прадугледжвае пераходны адрэзак часу для яе завяршэння. Льготны продаж акцый акцыянерных таварыстваў, створаных да 1 студзеня 2011 года, будзе спынены толькі 1 студзеня 2014 года. Чэкавая прыватызацыя адкрытых акцыянерных таварыстваў, якія будуць створаны ў Беларусі пасля 1 студзеня 2011 года, праводзіцца не будзе.