Доўгажыхары



Шлях у 90 гадоў

Свой 90-ы дзень нараджэння адсвяткавала Еўдакія Рыгораўна Улога, выдатніца народнай асветы Беларусі, уладальніца шэрагу Ганаровых граматаў Міністэрства адукацыі БССР, абласнога і раённага выканаўчых камітэтаў. 3 адметнай датай юбілярку віншавалі не толькі родныя, але і былыя калегі, вучні.

Кветкі, падарункі, віншаванні для Еўдакіі Рыгораўны падрыхтавалі начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама Н.С.Белаус намеснік старшыні галіновай ветэранскай арганізацыі Я. Р. Савань, дырэктар Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы М. А. Доўгач, педагогі М. І. Шоцік, В. М. Саўчанкава, Л. Я. Трубчанкава.



Аднойчы і назаўсёды

Нядаўна адзначыла свой юбілейны дзень нараджэння Леакадзія Аляксандраўна Сакольнік. Напярэдадні Новага года ёй споўнілася 90 гадоў.

У гарадскім пасёлку Наваельня добра ведаюць гэтую сціплую жанчыну, бо праз яе чулую душу і шчырае сэрца прайшло не адно пакаленне вучняў. Павіншаваць ветэрана педагагічнай працы Леакадзію Аляксандраўну з юбілеем прыйшлі педагогі і навучэнцы Наваельнянскай сярэдняй школы.

Нарадзілася Леакадзія Сакольнік у 1925 годзе ў вёсцы Старыя Навасёлкі Нясвіжскага раёна. У мястэчку Гавязна скончыла пачатковую польскую школу. Вучыцца прадоўжыла ў польскай гімназіі ў Нясвіжы. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР у Нясвіжы адкрылася руская школа. Дзяўчынка вельмі хацела вучыцца і таму паступіла ў новую навучальную ўстанову. Аднак высветлілася, што Леакадзія не ведае рускай мовы. Вучаніцы давялося яшчэ адзін год правесці ў сёмым класе. Затое пасля заканчэння гімназіі ў 1945 годзе яна здолела паступіць на біялагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.



Бабуля Аляксандра

Аляксандры Аляксандраўне Варонка, жыхарцы вёскі Бярозаўка, — 95 гадоў. Нягледзячы на такі паважаны ўзрост, яна па-ранейшаму застаецца актыўнай гаспадыняй. Трымае курэй, сама даглядае агарод. А ў момант нашага прыезду жанчына збірала шчаўе. «Збіраю шчавельчык, каб пасля ўнучка змагла прыгатаваць халаднік» — патлумачыла бабуля Аляксандра.

Усё жыццё яна была нястомнай працаўніцай. Рана застаўшыся без мужа, яна тым не менш працягвала трымаць вялікую гаспадарку, разводзіла пчолаў, працавала ў калгасе. Была і добрай рукадзельніцай.



МНОГІЯ ЛЕТА БАБУЛІ АЛЕНЫ

ЛЯ ВЫТОКАЎ

Заходжу ва ўтульную кватэру. З вопыту ведаю, што па абстаноўцы можна многае сказаць пра гаспадароў, іх лад жыцця, а ў маім выпадку -- пра гаспадыню кватэры, 99-гадовую бабулю Алену Георгіеўну Кулеш. Абстаноўка простая, але ва ўсім адчуваецца густ і характар гаспадыні -- кожная рэч на сваім месцы, з якім яна, здаецца, "зжылася" і "зраслася" за доўгія гады. Увагу адразу ж прыцягваюць вялікі стары гадзіннік "з боем", іконы, дыванок з выявай Папы Рымскага Іаана Паўла ІІ (як даведалася пазней -- падарунак ад сына на 90-годдзе), сямейныя партрэты. На адным з іх -- прыгожая маладая пара. Жанчына, падобная на кінаактрысу пачатку ХХ стагоддзя, побач -- статны мужчына, іх вочы свецяцца шчасцем: адразу відаць, што яны кахаюць адзін аднаго. Гэта сямейны партрэт Антона і Алены Куляшоў, водгук іх шчаслівай маладосці...

Алена Кулеш, у дзявоцтве -- Чучэйка, нарадзілася ў Дзятлаве, у сялянскай сям'і, 12 лютага 1914 года. На жаль, "лютым" можна назваць не толькі месяц, але і год яе нараджэння. Летам 1914-га пачалася Першая сусветная вайна, набліжаліся Кастрычніцкая рэвалюцыя і новы падзел Беларусі, калі яе заходняя частка адышла да Польшчы.