Бліц-апытанне

warning: Creating default object from empty value in /var/www/t-av/data/www/dyatlovo.info/modules/taxonomy/taxonomy.module on line 1390.


КНІГА МАЁЙ МАРЫ

Вельмі часта ў марах мы ўяўляем сябе кімсьці іншым. Акцёрам. Музыкантам. Навукоўцам. Нібыта іграем нейкую ролю. I нават хтосьці прамовіць: "Добра быць акцёрам, за адно жыццё можна пражыць некалькі, паспрабаваць сябе ў розных амплуа". I ў гэтым непаўторнасць і адметнасць вялікай ілюзіі кіно.

Такую ж сілу ўздзеяння мае і літаратура. Пісьменнік на старонках кніг з дапамогай сілы слова стварае сваю рэальнасць. Яго фантазія нараджае герояў. I часта, як кажуць самі пісьменнікі, персанажы выходзяць з-пад кантролю свайго стваральніка, пачынаюць дзейнічаць па сваёй волі, будаваць свае сюжэтныя лініі, за якімі мы, чытачы, сочым з цікаўнасцю і захапленнем.



РАТАЎНІК - ГЭТА ПРЫЗВАННЕ

Хто такі ратаўнік? Найперш, гэта мужчына, напэўна, адкажаце вы, і адразу можаце памыліцца. Сёння атрымліваць прафесію мужных збіраюцца не толькі маладыя людзі, але і дзяўчаты. Удзельніцы таварыства юных ратаўнікоў-пажарных паразважалі, чым адметная прафесія сучаснага ратаўніка.

Кацярына Губко:
— Ратаўнік — гэта чалавек, які без лішніх развагаў гатовы нават сабой ахвяраваць дзеля ўратавання іншых людзей. Таму гэта хутчэй не прафесія, а прызванне. Раўнадушны ці нясмелы чалавек не можа стаць ратаўніком, бо не справіцца з такой адказнасцю і нагрузкай. Рашучасць, смеласць і любоў да людзей дапамагае ратаўнікам выконваць самыя складаныя задачы ў працы. У наш неспакойны час здараюцца ураганы і паводкі, завеі і пажары, і ратаўнікі першыя спяшаюцца на дапамогу, кожны раз здзяйсняючы свой працоўны подзвіг.



ЮРЫСТ - ГЭТА ПРАКТЫК У СФЕРЫ ПРАВА

6 снежня сваё прафесійнае свята адзначаюць юрысты. Прафесія юрыста складаная і шматгранная, яна патрабуе ад чалавека цярпення, высокіх інтэлектуальных здольнасцяў, умення правільна выказваць свае думкі і гатоўнасць служыць закону. Чым вабіць прафесія юрыста і чаму яе выбіраюць? — з гэтым пытаннем карэспандэнтка газеты "Перамога" звярнулася да юрыстаў Дзятлаўшчыны.

Галіна Васільеўна Прэдка, загадчыца юрыдычнай кансультацыі Дзятлаўскага раёна:
— Я са школы марыла стаць юрыстам, бо, калі была ў піянерскай, камсамольскай арганізацыях, мы дапамагалі састарэлым і малазабяспечаным людзям. Яшчэ тады вырашыла: калі вырасту, абавязкова буду адстойваць інтарэсы людзей і дапамагаць ім, але ўжо ў якасці юрыста. Каб стаць кваліфікаваным спецыялістам, скончыла факультэт правазнаўства Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. За час сваёй працоўнай дзейнасці, а ў прафесіі я ўжо 35 гадоў, пабыла на розных пасадах: юрыст на прадпрыемстве, суддзя, натарыус, кадравік, сакратар сельвыканкама, адвакат. У юрыдычнай кансультацыі Дзятлаўскага раёна працую з 1999 года. Заўсёды я імкнулася і імкнуся ў час кансультацый аказваць кваліфікаваную юрыдычную дапамогу кліентам, а калі гэта неабходна, адстойваць іх законныя інтарэсы ў судзе або ў час папярэдняга следства ці адміністрацыйнага працэсу. Усім сваім калегам жадаю моцнага здароўя, прафесійнага росту, невычэрпнай энергіі, якую варта накіраваць на аказанне юрыдычнай дапамогі кліентам, і доўгага жыццёвага шляху.



ЧАГО МАЛАДЫЯ ЧАКАЮЦЬ AД ГОДА МОЛАДЗІ?

Якіх добрых зменаў і падзеяў вы чакаеце ад Года моладзі ў працоўным, грамадскім, асабістым жыцці? 3 такім пытаннем карэспандэнтка газеты "Перамога" звярнулася да маладых людзей Дзятлаўшчыны.

Алена Шалесная, настаўніца пачатковых класаў Рудаяварскага дзіцячага сада-базавай школы:
- Як настаўніца, хачу большых магчымасцяў, каб ладзіць выхаваўчыя мерапрыемствы для дзетак, каб можна было іх узнагародзіць, зацікавіць. Гэта вельмі важна, асабліва для маленькіх школьнікаў. Таксама хочацца распрацаваць педагагічны праект для дапамогі навучэнцам, якія не вельмі паспяхова спраўляюцца са школьнай праграмай.



ШТО ПАПРОСІЦЕ Ў ДЗЕДА МАРОЗА?

Новы год — гэта заўжды радасны настрой, шмат пазітыўных эмоцый, падарункі. Згодна з традыцыямі, у Новы год можна загадваць жаданні і абавязкова папрасіць у Дзеда Мароза, каб яны спраўдзіліся. А што папросіце вы? На гэтае пытанне карэспандэнтка газеты папрасіла адказаць некалькіх рэспандэнтаў.

Іван Каско, дырэктар раённага Дома культуры:
- Аўтобус для раённага Дома культуры, каб можна было часцей выязджаць на гастролі. Таксама шчасця, здароўя, поспехаў. А для ўсіх жыхароў Дзятлаўшчыны - радасці і фінансавага дабрабыту.

Таццяна Нікіпорчык, дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва:
- Перш за ўсё, узаемаразумення паміж людзьмі. Калі мы будзем разумець адзін аднаго, то ўсё ў нас будзе ладзіцца.
Таксама папрашу любові. Калі чалавек любіць сябе, любіць іншых, то ён прыцягвае да сябе і любоў з боку іншых. Калі будзе любоў у сям'і, то і дзеці вырастуць шчаслівымі. Любоў да работы дазволіць чалавеку прыходзіць на яе з радасцю, добра выконваць свае абавязкі. Важная і любоў да краіны, у якой ты жывеш. I ў дасягненні ўсяго вышэйпералічанага кожнаму варта пачынаць з сябе.



У ІМЯ ЦУДОЎНАЙ ДАМЫ

Часы рыцарства, здаецца, даўно мінулі. Ды як мінімум раз на год, у Дзень жанчын, усе мужчыны, юнакі і хлопчыкі становяцца сапраўднымі рыцарамі без страху і заганаў, самымі мужнымі і самымі галантнымі. На якія подзвігі дзеля дамы сэрца яны гатовы, ці ўяўляюць, якія кветкі варта дарыць сваёй любай жанчыне, – даведаемся з сакавіцкага апытання.

УЛАД ВЫСОЦКІ, выхаванец дзіцячага садка №2 горада Дзятлава:
“Я люблю матулю і дапамагу ёй зрабіць усю работу дома. Пасля заспяваю ёй песеньку і падару паштоўку, якую зрабіў сам. Больш за ўсё мая мама любіць ружы, але таксама ёй падабаюцца ўсе кветкі. Я намалюю іх для мамы”.

ДАНІІЛ ГУШЧА, выпускнік сярэдняй школы №3 горада Дзятлава:
“Калі вельмі пастарацца, можна кожны дзень каханай дзяўчыны ператварыць у свята. Я гатовы здзіўляць яе пастаянна, здзяйсняючы дзеля яе самыя дзівацкія ўчынкі. Магу напісаць крэйдай на асфальце “Я цябе кахаю”, падарыць незвычайную мяккую цацку, прысвяціць песню… Але самае галоўнае – стараюся пастаянна ўдзельнічаць у яе жыцці, каб любімы чалавек заўжды адчуваў маю падтрымку. Любімыя кветкі маёй абранніцы – рамонкі. Зразумела, што ў жаночае свята я іх наўрад ці дастану, таму буду дарыць ружы”.



НАШ СЯМЕЙНЫ ВАЛЯНЦІН

“Голас народа – голас Божы”, – казалі яшчэ антычныя філосафы. І мелі рацыю. Каб ацаніць адносіны людзей да пэўнай з’явы, трэба не разважаць над ёю, седзячы на месцы, а “ісці ў масы” і пытацца. Што мы і зрабілі. Каб даведацца, як ставяцца сённяшнія дзятлаўчане да адносна новага свята святога Валянціна, мы прапанавалі рэспандэнтам ад 20 да 60 гадоў запоўніць анкеты (праўда, толькі напалову сур’ёзныя). Адзіная і галоўная ўмова апытання – у ім удзельнічалі выключна сямейныя пары. Акрамя таго, варыянты адказаў прапаноўваліся адразу.

Пераважная большасць рэспандэнтаў (а гэта 68%!) самым любімым святам назвала Новы год. Аднак знайшліся і прыхільнікі новага на Беларусі Дня закаханых (4 чалавекі). У адной з апытаных параў гэта галоўнае сямейнае свята.



ЧЫМ БЫЎ АДМЕТНЫ ГОД?

Кожны год кладзецца ў скарбонку жыцця, папаўняючы яе яркімі момантамі, падзеямі, аб якіх раз-пораз нагадваюць успаміны. Якія найбольш яскравыя падзеі адбыліся ў гэтым годзе? -- на гэтае пытанне карэспандэнтка газеты папрасіла адказаць некалькіх рэспандэнтаў.

Дар'я Волкава, выпускніца Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў, цяперашняя навучэнка Лідскага музычнага каледжа:
-- Напрыканцы пятага класа Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў я вызначылася, што далейшае сваё жыццё хачу звязаць менавіта з музыкай. Таму самай галоўнай падзеяй 2013 года для мяне стала паступленне ў Лідскі музычны каледж на спецыяльнасць "Музыкальна-тэарэтычныя дысцыпліны".
Паступленне падарыла мне новыя знаёмствы з цікавымі людзьмі, новыя ўражанні. Цікавым мерапрыемствам быў і Дзень горада, які прайшоў у Лідзе. На адным з канцэртаў выступалі навучэнцы нашага музычнага каледжа.
Напрыканцы года я стала дыпламантам Прэзідэнцкага фонду. Урачыстае мерапрыемства праходзіла ў Гродзенскім музычным каледжы. Гэта таксама стала яскравай падзеяй мінулага года ў маім жыцці.



ПІСЬМО ДЗЕДУ МАРОЗУ

“Дарагі дзядуля Мароз...” – выводзіць старанна дзіцячая ручка радкі з навагоднімі пажаданнямі і марамі. Новы год і Каляды – такая пара, калі і нам, дарослым, не шкодзіць паверыць у казку і крыху памарыць. Таму ў гэтыя перадсвяточныя дні даведаемся ў кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў раёна, што яны б папрасілі ў Дзядулі Мароза для сваёй арганізацыі і для сябе асабіста.

АЛЯКСАНДР ЛЯННЫ, начальнік Дзятлаўскага РУП “Праектнае архітэктурна-планіровачнае бюро”:
“Хачу, каб у будучым годзе ўсе забудовы нашага раёна былі толькі легальнымі і толькі па ўзгодненых праектах. Ну і, вядома, каб праекты замаўлялі ў нашым бюро. А галоўнае, каб заказаныя праекты своечасова аплачваліся. Тады будзе ўсё добра ў “Праектным архітэктурна-планіровачным бюро” і будзе добра ў раёне ў цэлым. А для сябе папрашу сямейнага шчасця, жончынай любові і каб дзеці раслі ды радавалі”.



НОВЫЯ ДАСЯГНЕННІ ПЕРАПРАЦОЎЧАЙ ПРАМЫСЛОВАСЦІ

Галіновае свята -- гэта не толькі віншаванні, падарункі, узнагароды, добры настрой, але і нагода для таго, каб яшчэ раз ацаніць сваю работу, расказаць пра здабыткі працоўнага года, узгадаць, што новага і цікавага адбылося на вытворчасці за апошні час. Добрымі навінамі карэспандэнтка папрасіла падзяліцца кіраўнікоў раённых прадпрыемстваў, работа якіх звязана з перапрацоўкай прадукцыі сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў.

Валерый Яўгенавіч Гузень, дырэктар АСП "Дзятлаўскі вінна-гарэлачны завод":
-- У сакавіку 2013 года праводзіўся "Дзень якасці пладовых, вінаградных вінаў і каньякоў у гандлёвай сетцы Рэспублікі Беларусь". У сувязі з гэтым рэспубліканская камісія адразу з паліцаў магазінаў узяла шэраг пробаў алкагольнай прадукцыі розных айчынных вытворцаў. Усе узоры былі закадзіраваны і пад кодавымі нумарамі прайшлі строгі адбор па смакавых якасцях, быў зроблены аналіз на шэраг паказчыкаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Пасля падвядзення вынікаў і "расшыфроўкі" высветлілася, што другое месца па рэспубліцы за якасць і смак атрымалі два найменні віна, якія выпускае наш завод. Гэта віно палепшанай якасці і віно спецыяльнай тэхналогіі з выкарыстаннем цеплавой апрацоўкі. У складзе аднаго з іх, акрамая натуральнага соку, ёсць і сухі экстракт драўніны дуба. Такая прадукцыя карыстаецца высокім попытам у спажыўца.