№72



15 ВЕРАСНЯ – ДЗЕНЬ БІБЛІЯТЭК

Паважаныя работнікі бібліятэк раёна!

Сардэчна віншуем вас з прафесійным святам! З Днём бібліятэк!

Значэнне бібліятэк у жыцці грамадства, у гісторыі яго культуры цяжка пераацаніць. Бібліятэкі па праву можна лічыць надзейнай памяццю ўсяго чалавецтва. Яны неад’емная частка інтэлектуальнага і сацыяльнага развіцця грамадства.



НОВЫ ГОД ЦАРКОЎНАГА КАЛЕНДАРА

Навалецце, або Новы год – заўсёды чаканае свята. Але пра новы год, які адзначае царква, ведае далёка не кожны. 14 верасня пачаўся новы цыкл царкоўнага календара, а значыць – аднаўляецца гадавы Богаслужбовы круг, цыкл непераходзячых царкоўных святаў.

Па рашэнні епіскапаў першага Усяленскага сабора (Нікея, 325 год), царкоўнае навалецце было прынята адзначаць 14 верасня. Падставай стала рашаючая бітва Канстанціна, першага хрысціянскага імператара Рымскай імперыі, і Ліцынія, імператара Ўсходняй часткі Рымскай імперыі, ганіцеля хрысціян. У 323 годзе была атрымана перамога Канстанціна, якая азнаменавала сабой канчатковую перамогу хрысціянства, пачатак якой быў пакладзены Міланскім эдыктам (313 год).



СКАРБНІЦА ДЗІЦЯЧАЙ ЛІТАРАТУРЫ


15 верасня -- Дзень бібліятэк

З 1952 года пачынаецца гісторыя Дзятлаўскай дзіцячай бібліятэкі. Мноства хлопчыкаў і дзяўчынак яна пазнаёміла з непаўторным светам кнігі за гады свайго існавання. На старонках біяграфіі гэтай установы культуры -- дыплом пераможцы ўсесаюзнага грамадскага агляду бібліятэк, прысвечанага 100-годдзю з дня нараджэння У. Леніна, грамата абласнога упраўлення культуры за перамогу ў конкурсе на лепшы метадычны куток. А вось другое месца ў конкурсе "Бібліятэка -- асяродак нацыянальнай культуры", аглядзе-конкурсе па экалагічнай адукацыі і інфармаванні насельніцтва, у намінацыі "За адраджэнне традыцый і падтрымку сямейнага чытання" рэспубліканскага конкурсу "Бібліятэка -- дзецям. Бібліятэка -- для дзяцей" -- гэта ўжо дасягненні навейшай гісторыі бібліятэкі.



Праграма кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Дзятлаўскай выбарчай акрузе №55 ЕРМАНТОВІЧА Леаніда Аляксеевіча

Дарагія сябры!

Найперш хачу падзякаваць усім, хто вылучылі мяне кандыдатам ў дэпутаты Парламента. Я шчыра ўдзячны вам, шаноўныя мае землякі, і спадзяюся, што ў час галасавання мяне падтрымаюць і іншыя выбаршчыкі.
Маё рашэнне ўдзельнічаць у парламенцкіх выбарах – вынік доўгага роздуму, рады з калегамі, абмеркавання ў коле сям’і і проста блізкіх людзей. Мы прыйшлі да высновы, што веданне жыцця, вопыт кіраўнічай працы, практыка вырашэння сацыяльных праблемаў можа прыдацца ў законатворчасці. Мне ўжо даводзілася аналізаваць праекты законаў, уносіць прапановы, што выцякалі з рэальнага жыцця, якія затым атрымлівалі адлюстраванне ў прынятых заканадаўчых актах.

Я вырас і пачаў працоўны шлях на Лідчыне. На маёй малой Радзіме жыве мая радня, сябры дзяцінства, знаёмыя. Таму мне вельмі блізкая гэта зямля, я ведаю мясцовыя традыцыі, адчуваю характар лідчан, знаёмы з праблемамі гэтага буйнога рэгіёна.



УЗНАГАРОДЖАНЫ ЗА ВЫНІКОВУЮ ПРАЦУ

Разгледзеўшы матэрыялы раённай камісіі па выніках раённага спаборніцтва сельскагаспадрчых вытворчых кааператываў, камбайнавых экіпажаў, вадзіцеляў на адвозцы збожжа і аператараў збожжасушыльных комплексаў на ўборцы ўраджаю 2012 года раённы выканаўчы камітэт вырашыў прызнаць пераможцам спаборніцтва СВК “Русь-Агра” (старшыня Аляксандр Канстанцінавіч Кароль, галоўны аграном Уладзімір Яўгенавіч Сянатар, галоўны інжынер Мацвей Канстанцінавіч Гаркуша). Гаспадарка атрымала самую высокую ўраджайнасць збожжа і зернебабовых культур у раёне. СВК узнагароджаны грашовай прэміяй у памеры 65 базавых велічыняў.

Другое месца прысуджана СВК “Войневічы” (старшыня Васіль Валяр’янавіч Маліка, намеснік старшыні Сяргей Аркадзьевіч Францішчык, галоўны інжынер Дзмітрый Віктаравіч Лазоўскі). СВК узнагароджаны прэміяй у памеры 50 базавых велічыняў.



ЛЯСНЫ ГАСПАДАР

“Расце на лес гледзячы” – ківаюць людзі на тых, хто жыве без выхавання, без нагляду. Ды забываецца народная мудрасць пра тое, што лес – гэта лепшая школа жыцця, гартавання характару, навука гармоніі з сабой, светам і людзьмі. Каму гэта ведаць лепш, чым гаспадару лесу, лесніку Вензвецкага лясніцтва, Сяргею Бельскаму?

– Да пахвалы не імкнуся, проста выконваю сваю працу, – заўважае Сяргей Лявонавіч на віншаванне з Ганаровай граматай Міністэрства лясной гаспадаркі.

Нават крыху саромеецца. Маўляў, што простаму лесніку да ўзнагародаў? Яго звыклыя пуцявіны не праходзяць праз залы ды кабінеты. І сёння заслужанага лесніка мы засталі не ў канторы, а ў лесе. Добра, што прагрэс дайшоў і сюды: мабільная сувязь дапамагла хутка знайсці ляснога гаспадара. Штодзённы абход Сяргея Бельскага складае каля дзесяці кіламетраў: трэба ж на свае вочы ўпэўніцца, што ў лесе парадак! Клопату хапае. Гэта ахова лясных масіваў: улетку – ад пажараў, а ўвесь год – ад самавольных высечак. Лес патрабуе пастаяннага ўдзелу: і расчыстка ад буралому, і догляд за культурамі: ведама ж – жывы арганізм! Зімой разам з егерамі трэба клапаціцца пра тое, каб лясныя звяры не засталіся галоднымі. Асноўны аб’ём працы ён выконвае сам. А калі ўжо трэба – збіраюцца разам леснікі з розных лясніцтваў і дапамагаюць.



КОЖНЫ ДЗЕНЬ – У КЛОПАТАХ ПРА ЛЕС

Напярэдадні свята работнікаў лесу карэспандэнтка гутарыць з дырэктарам ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас” Вячаславам Ерамейчыкам.

– Вячаслаў Сільвестравіч, што сёння ўяўляе з сябе лясная гаспадарка Дзятлаўшчыны?
– ДЛГУ "Дзятлаўскі лясгас", як самастойнае лесагаспадарчае прадпрыемства, было ўтворана ў 1968 годзе, у склад лясгаса ў той час уваходзілі 7 лясніцтваў агульнай плошчай 52,7 тысячы гектараў. Сёння лясгас займае плошчу 83662 гектары і складаецца з 9 лясніцтваў (Вензавецкае, Гезгалаўскае, Дзям'янавіцкае, Казлоўшчынскае, Лявонавіцкае, Наваельнянскае, Ахонаўскае, Раготнаўскае, Рудаяварскае) і дрэваапрацоўчага цэха.



ЗАЛАТОЕ ВЯСЕЛЛЕ

Нядаўна сямейная пара Івана Антонавіча і Соф'і Ціханаўны Васюкевічаў з вёскі Карыца-2 адзначыла сваё залатое вяселле. Іван Антонавіч да выхаду на пенсію быў вадзіцелем у СВК "Граніт-Агра", Соф'я Ціханаўна працавала ў паляводстве. Разам яны выгадавалі траіх дзяцей.

У актавай зале сельскага Савета, дзе адбывалася ўрачыстае віншаванне залатых юбіляраў, успомнілі іх першае знаёмства, маладыя станавіліся на ручнік, абменьваліся заручальнымі пярсцёнкамі, для іх гучаў вальс і было ім, вядома ж, "Горка!".



ДОБРАЎПАРАДКАВАННЕ МОГІЛАК

На тэрыторыі сельскага савета знаходзяцца 20 могілак. Вялікая ўвага ў гэтым годзе надаецца іх добраўпарадкаванню. На гэтыя мэты ўжо затрачана больш за 28 мільёнаў рублёў, з якіх 13 мільёнаў - грашовыя сродкі насельніцтва.

Праведзена поўнае агароджванне металічнай сеткай могілак вёскі Клішавічы (400 метраў), на могілках вёскі Касцюкі ўстаноўлена 120 метраў плоту з сеткі, адрамантавана і пафарбавана агароджа на могілках аграгарадка Таркачы. Закуплена ўсё неабходнае для агароджвання могілак вёскі Ахонава.



ПАДАРУНКІ ДЗЕЦЯМ

Пачаўся новы навучальны год. Старт яму далі першыя званкі, якія адзвінелі ва ўсіх установах адукацыі нашай рэспублікі. На Дзятлаўшчыне да пачатку заняткаў рыхтаваліся не толькі школьнікі, а і наведвальнікі Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

Урачыстая лінейка, прымеркаваная да гэтай падзеі, адбылася нёкалькімі днямі пазней за школьныя. У мерапрыемстве прынялі ўдзел выхаванцы Цэнтра, іх бацькі і педагогі, а таксама госці ўстановы: спецыялісты Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна.