№50



ПРАФІЛАКТЫКА АРТЭРЫЯЛЬНАЙ ГІПЕРТЭНЗІІ

26-27 чэрвеня праходзіла медыка-асветніцкая акцыя "Скажы здароваму сэрцу -"Так!". У Дзятлаве 26 чэрвеня ў аптэцы №55 і на другім паверсе Дома быту працавалі медыцынскія пункты, дзе жыхары горада маглі памераць артэрыяльны ціск. У аптэцы №55 неабходныя кансультацыі дзятлаўчанам давала ўчастковы тэрапеўт Наталля Генрыхаўна Карпенка.

-- Прафілактычная акцыя ставіць на мэце, -- адзначыла яна, -- прапаганду здаровага ладу жыцця, акцэнтаваць увагу на фактарах рызыкі артэрыяльнай гіпертэнзіі. Гэта -- курэнне, маларухомы лад жыцця, ужыванне алкаголю, няправільнае харчаванне.

-- А які ўзровень захворвання на артэрыяльную гіпертэнзію сярод жыхароў Дзятлава?
-- Цяпер на ўчастку, які я абслугоўваю, налічваецца каля 2000 чалавек. У 25% з іх ёсць павышаны артэрыяльны ціск. Размова ідзе аб артэрыяльнай гіпертэнзіі 1, 2, 3 ступеняў. Часцей за ўсё хварэюць людзі ва ўзросце пасля сарака гадоў. Увогуле, праблема артэрыяльнай гіпертэнзіі сёння стаіць больш востра, чым, напрыклад, яшчэ гадоў дзесяць таму. "Памаладзелі" інфаркты, інсульты, да якіх прыводзіць павышаны артэрыяльны ціск.



У БОЙ – ЗА РОДНУЮ ЗЯМЛЮ

Дзень Перамогі сёлета ветэран Вялікай Айчыннай вайны Віктар Міронавіч Мазоль сустрэў у сваёй роднай вёсцы Пацавічы. Адсюль у 1944-м прызвалі яго на фронт, сюды вярнуўся пасля вайны аднаўляць сваю малую радзіму.

Віктар Міронавіч прайшоў многія кіламетры ваенных дарог, набліжаючы перамогу для краіны, для свайго народа, для сваіх землякоў, якія ў тым далёкім 1944-м засталіся іх чакаць з надзеяй у сэрцы.

Колькі часу мінула з тае пары! Але і праз дзясяткі гадоў памяць ветэрана не хоча адпускаць тыя падзеі, якія згадваць і сёння вельмі цяжка.

Яго, як і многіх землякоў, прызвалі на фронт у 1944-м, калі Чырвоная Армія наступала, выцясняючы акупантаў з нашай зямлі, а гітлераўцы ўпарта не хацелі здаваць свае пазіцыі.



ВЫЗВАЛЕННЕ ДЗЯТЛАЎШЧЫНЫ

На працягу першых трох гадоў вайны гітлераўцы здзекваліся з беларускага народа, рабавалі, забівалі і зганялі на прымусовыя работы. Але набліжаўся час расплаты – 1944-ы, які стаў годам вялікіх надзеяў.

Быў пачатак ліпеня, ішло вызваленне Беларусі. Чырвоная Армія рыхтавалася да нанясення новых удараў па нямецка-фашысцкіх захопніках. Трэцяя армія генерал-палкоўніка А. В. Гарбатава вызваліла ўжо Стоўбцы, Карэлічы, Навагрудак і з баямі рухалася на захад. Каб не дапусціць зніжэння тэмпаў наступлення, камандуючы 2-га Беларускага фронта генерал Г.Ф. Захараў вырашыў скарыстаць выгаднае становішча 3-й арміі, загадаў ёй 6 ліпеня выйсці галоўнымі сіламі да ракі Нёман, а 8 ліпеня быць на рубяжы пасёлкаў Мір, Астравец і працягваць наступленне ў напрамку мястэчка Дварэц.

Дзятлаўскі раён вызвалялі пяць дывізій 3-й арміі. Паўночную частку раёна – часці 384-й стралковай дывізіі пад камандаваннем генерал-маёра М.А. Нікіціна. Яны ішлі па маршруце Бярозаўка–Руда Яварская–Нясілавічы–Карытніца–Зачэпічы–Галубы. 169-я Рагачоўская дывізія пад камандаваннем палкоўніка Ф.А. Вяроўкіна вызваляла паўднёвую частку раёна, праследавала ворага па маршруце Васявічы–Заполле–Азяраны–Агароднікі. 9 ліпеня 680-ы полк названай дывізіі адбіў Наваельню. У баі былі знішчаны каля 30 нямецкіх салдат.



ВЕЛАПАДАРОЖЖА ПА МЯСЦІНАХ БАЯВОЙ СЛАВЫ

Мудрыя людзі кажуць: "Не хлебам адзіным жыве чалавек". З гэтым выслоўем поўнасцю згодны члены пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі адасобленага структурнага падраздзялення "Дзятлаўскі вінна-гарэлачны завод", а гэта 158 работнікаў нашага прадпрыемства. Дакладней -- увесь калектыў завода. У нас актыўна ідзе прафсаюзнае жыццё, мы часта ладзім культурна-масавыя мерапрыемствы для сваіх работнікаў. А дырэктар завода Валерый Яўгенавіч Гузень нас ва ўсім падтрымлівае і амаль заўжды сам з'яўляецца іх удзельнікам.

Па выніках 2013 года пярвічная прафсаюзная арганізацыя АСП "Дзятлаўскі вінна-гарэлачны завод" заняла трэцяе месца ў абласным прафсаюзным аглядзе-конкурсе сярод прафсаюзных арганізацый аграпрамысловага комплексу Гродзеншчыны, атрымала прэмію -- два мільёны рублёў. Іх плануем патраціць на матрацы для паходных палатак.



УЗГАДВАЕМ ТОЛЬКІ ДОБРЫМІ СЛОВАМІ

У кожнага -- свае клопаты, праблемы, радасці. Але калі чалавек выходзіць на заслужаны адпачынак, былыя калегі ўсё роўна ўзгадваюць пра яго. Добрымі ці дрэннымі словамі -- залежыць ад жыцця і ўчынкаў чалавека.

Толькі добрае могуць расказаць аб былых настаўніцах Паліне Макараўне Скрабук і Ірыне Мікалаеўне Нічыпар, якія сёлета святкуюць свае юбілейныя дні нараджэння, іх калегі -- педагогі Гезгалаўскай сярэдняй школы.

У Гезгалаўскую школу працаваць настаўніцай рускай мовы і літаратуры я прыйшла ў 2000 годзе. Тады на педагагічных нарадах часта гучала імя Паліны Макараўны Скрабук як вопытнай, мудрай настаўніцы, якая па-майстэрску, таленавіта і з вялікай адказнасцю падыходзіла да школьных справаў.



НОРМЫ ДЛЯ БУДАЎНІЦТВА ПЕЧКІ

Тым, хто плануе кладку печкі або каміна, іх рамонт, варта ведаць, што ў будаўнічыя нормы ўнесены змены. Яны датычацца памераў раздзелак і адступак печак і дымавых каналаў.

Раздзелка -- гэта нарміруемае патаўшчэнне сценкі печкі або дымавога канала, трубы ў месцы, дзе яны прымыкаюць да агараджальных канструкцый будынка, якія выкананы са згараемых матэрыялаў. Памеры раздзелак з улікам таўшчыні сценкі печкі павінны быць 380 мм (раней было 500 мм) да канструкцый будынкаў з гаручых матэрыялаў і 250 мм (раней было 380 мм) да абароненых канструкцый.



РАДЫЁ “ДЗЯТЛАВА” – ПЕРАМОЖЦА АБЛАСНОГА СПАБОРНІЦТВА

Вынікі штогадовага абласнога спаборніцтва сярод рэдакцый газет, тэле- і радыёпраграм, журналістаў сродкаў масавай інфармацыі за 2013 год падведзены ў Гродзенскім аблвыканкаме. Узнагароды пераможцам уручаны ў рамках прэс-канферэнцыі старшыні аблвыканкама Уладзіміра Краўцова, якая адбылася 25 чэрвеня ў горадзе Слоніме.

-- Мы шануем вашу нялёгкую працу, якой даводзіцца прысвячаць не толькі працоўныя дні, але часта і выхадныя. Будзем і надалей падтрымліваць сродкі масавай інфармацыі, таленавітых журналістаў, -- адзначыў, віншуючы пераможцаў, старшыня абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Краўцоў.



ДЗЯЦЕЙ ВЫРАТАВАЛАІ СУСЕДЗІ

Трое дзяцей выратаваліся ў час пажару, які адбыўся ў доме па вуліцы Суворава ў Навагрудку.

Бацькі дзяцей раніцай пайшлі на работу, дзеці засталіся адны. Праз некаторы час даглядаць за імі павінна была прыйсці бабуля. Малодшая з дзяцей -- 5-гадовая дзяўчынка спала у бацькоўскім пакоі. Пачуўшы пах дыму, яна паспяшалася ў суседні пакой, каб разбудзіць сёстраў -- вучаніц 2 і 8 класа. Выйсці з хаты дзеці не маглі з-за моцнага задымлення. На шчасце, дым з акна заўважыў сусед. Мужчына дапамог дзецям выйсці на вуліцу, а яго жонка выклікала ратаўнікоў.



З ГАЗАМ ЖАРТЫ КЕПСКІЯ

Аб тым, што ў гарпасёлку Казлоўшчына гарыць жылы дом, у службу 101 паведамілі пільныя суседзі.На момант узнікнення пажару гаспадыня хаты з дзіцём знаходзілася ў пакоі. На газавай пліце гатавалася ежа. Па папярэдняй версіі прычынай пажару стала парушэнне правілаў устаноўкі газавага абсталявання . У службе "Дзятлаварайгаз" дадзены абанент не лічыўся, замена балона адбывалася самастойна.

У выніку пажару знішчаны дах, пашкоджаны сцены і маёмасць у доме. Гаспадыня хаты і дзіця не пацярпелі.

Аналагічны выпадак адбыўся ў пасёлку Асовіна Гомельскага раёна. Гаспадар хаты самастойна вырашыў замяніць газавы балон і пры гэтым курыў. Калі мужчына адкрыў балон, адбылася ўспышка, газапаветраная сумесь загарэлася. У выніку пажару пацярпелі сам гаспадар хаты, яго жонка і дачка. Яны шпіталізаваны.



ДА ХЛЕБА – З ДУШОЮ

Усе вы, мабыць, помніце беларускую хуткагаворку пра пекара Пятра, які пёк пірог. У нас, на Дзятлаўшчыне, пірагі, хлеб і булкі пякуцца працавітымі, стараннымі і майстаравітымі жаночымі рукамі. Жанчына-пекар Людміла Вайтушка сёлета прызнана адным з лепшых работнікаў спажывецкай кааперацыі вобласці.

У Дзятлаўскім філіяле Гродзенскага аблспажыўтаварыства Людміла Віктараўна -- работнік заслужаны. Прыехала сюды працаваць ў 1992 годзе, і ўсе гэтыя гады не мяняла месца працы, ствараючы для дзятлаўчан галоўны прадукт харчавання.

“Менавіта Дзятлава”, – вырашыла для сябе, абіраючы месца працы пекар-кандытар, выпускніца Малабераставіцкага ПТВ. Яшчэ да нараджэння Людмілы бацькі пакінулі дзятлаўскую зямлю, уладкаваўшыся ў суседнім Слонімскім раёне. А тут засталася бабуля, якую Людміла, будучы яшчэ дзяўчынкай, наведвала штолета, родныя карані, якія непераадольна цягнулі на радзіму бацькоў. Людміла Вайтушка зрабіла важны жыццёвы выбар, аб якім ні разу потым не пашкадавала. На Дзятлаўшчыне яна знайшла родны кут, працу, стварыла сям’ю, стала шчаслівай маці.