№22

warning: Creating default object from empty value in /var/www/t-av/data/www/dyatlovo.info/modules/taxonomy/taxonomy.module on line 1390.


Тэставыя іспыты

Цэнтралізаванае тэсціраванне стартуе са здачы абітурыентамі тэста па беларускай мове — 13 чэрвеня, 14 чэрвеня абітурыеты будуць здаваць рускую мову, 16 чэрвеня — біялогію, 17 чэрвеня — матэматыку,
19 чэрвеня — грамадазнаўства, 20 чэрвеня — хімію, 21 чэрвеня — сусветную гісторыю найноўшага часу, 23 чэрвеня — фізіку, 24 чэрвеня — гісторыю Беларусі, 26 чэрвеня — замежныя мовы, 27 чэрвеня — геаграфію.

Рэгістрацыя для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні распачнецца 2 мая і будзе доўжыцца да 1 чэрвеня уключна.



"Мы - грамадзяне Рэспублікі Беларусь!"

Традыцыйная рэспубліканская акцыя грамадскага аб'яднання "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі" пад такой назвай прайшла 15 сакавіка ў Дзень Канстытуцыі ў нашай краіне. У час яе свой галоўны дакумент — пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь — атрымалі юнакі і дзяўчаты, якім споўнілася 16 гадоў. На Дзятлаўшчыне ва ўрачыстай абстаноўцы пашпарты былі ўручаны 31 школьніку. Мерапрыемства праходзіла ў раённым Доме культуры.

3 Днём Канстытуцыі і прымеркаванай да яго акцыяй усіх прысутных павіншаваў М. В. Мацюкевіч, начальнік ідэалагічнага аддзела Дзятлаўскага райвыканкама. Ён зазначыў, што нездарма для ўручэння беларускім школьнікам пашпартоў выбраны менавіта гэты дзень. Канстытуцыя — галоўны дакумент нашай дзяржавы, у якім вызначана, хто мы, дзеля чаго жывем і што будуем.



Праводзіцца мерапрыемства "Арсенал"

3 26 па 30 сакавіка 2012 года на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь будзе праводзіцца спецыяльнае комплекснае мерапрыемства "Арсенал".

У 2011 годзе дзятлаўскай міліцыяй з незаконнага абароту былі канфіскаваны 6 адзінак агнястрэльнай зброі, яшчэ 12 адзінак грамадзяне здалі добраахвотна.

Аддзел унутраных спраў у чарговы раз нагадвае жыхарам раёна, што згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, асобы, якія дабраахвотна (у тым ліку і па прапанове ўладаў) здалі незаконную зброю, боепрыпасы, выбуховыя рэчывы і выбуховыя прыстасаванні, вызваляюцца ад крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці.



Пра стан аховы працы

У 2011 годзе дзяржінспектарамі Навагрудскай міжраённай інспекцыі працы ў раёне праведзены 76 праверак. Па выніках праверак складзены 45 актаў і 31 даведка, выдадзены 49 патрабаванняў (прадпісанняў) для ўхілення 454 парушэнняў.

Пасля выяўленых парушэнняў да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 13 наймальнікаў на суму 7,35 мільёна рублёў і 25 службовых асобаў на суму 7,945 мільёна рублёў. Акрамя планавых праверак, праводзіўся маніторынг стану аховы працы на будаўнічых аб'ектах і ў сельгасарганізацыях у складзе мабільных груп - абследаванне збудаванняў, маніторынг бяспечных умоваў працы ў час будаўніча-мантажных работ, маніторынг выканання правілаў і нормаў аховы працы ў час сяўбы і ўборкі.

Усяго ў 2011 годзе дзяржінспектары Навагрудскай міжраённай інспекцыі працы ў час маніторынгу наведалі 43 аб'екты (24 аб'екты сельгасарганізацый і 19 - будаўнічых).



Шукаюцца відавочцы аварыі

Дзятлаўская дзяржаўтаінспекцыя адшуквае відавочцаў дарожна-транспартнага здарэння, якое адбылося 28 лютага у 13 гадзін 15 хвілін на скрыжаванні вуліц Чырвонаармейская — Леніна у горадзе Дзятлаве.

Аўтамабіль "Аўдзі" цёмна-сіняга колеру ўчыніў наезд на жанчыну, якая пераходзіла праезную частку дарогі па пешаходным пераходзе.

Калі вам штонебудзь вядома пра гэта здарэнне, просім паведаміць у АУС Дзятлаўскага райвыканкама па тэлефонах: 102 або 3508064 (Велком).



"Белтэлекам" - Слонім

У нядзелю, 18 сакавіка, адбыўся матч чэмпіянату вобласці па валейболу сярод мужчынскіх каманд (1-я ліга).

Дзятлаўскі "Белтэлекам" прымаў каманду са Слоніма і перамог з лікам 3:0.

Б. ВАРНА



Эстафетнае плаванне

Першы турнір раённай спартакіяды калектываў фізічнай культуры (КФК) 2012 года — эстафетнае плаванне — завяршыўся перамогаю каманды СВК "Хвінявічы" (час на дыстанцыі — 3.37,42). За пераможную каманду выступілі Анатоль Грынцэвіч, Марына Турок, Дзяніс Грынцэвіч.

Другое месца заняла каманда аддзела адукацыі райвыканкама (3.43,14) у складзе: Юрый Скрабец, Анастасія Скрабец, Яўген Баканаў.

На трэцім прызавым месцы — каманда аддзела ўнутраных спраў райвыканкама (3.47,42). За яе плылі Віталь Панасевіч, Дзіна Кургун, Андрэй Ражко.



Грамата ад Патрыяршага Экзарха

Падведзены вынікі творчага конкурсу сярод рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ Беларусі "Беларускае Праваслаўе: гісторыя і сучаснасць". Ён праводзіўся Міністэрствам інфармацыі і Беларускай праваслаўнай царквой.

Сярод рэдакцый Гродзенскай вобласці лаўрэатам конкурсу (другое месца) стала рэдакцыя газеты "Наш час" (Ваўкавыскі раён), яна атрымала дыплом, які ўручыў намеснік міністра інфармацыі Ігар Лапцёнак.

Творчыя калектывы газет "Гродзенская праўда", "Перамога", "Астравецкая праўда", "Светлы шлях" атрымалі граматы Патрыяршага Экзарха ўсея Беларусі Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта як благаслаўленне за працу ў гонар Святой Праваслаўнай Царквы.



Святыні знаходзяцца ў Наваельні

У Елісееўскім Лаўрышаўскім мужчынскім манастыры знаходзіцца куфэрак з частачкамі мошчаў угоднікаў Божых, да якіх кожны можа прыкласціся, звяртаючыся са сваёю бядою і просьбаю. Нездарма ж слова "мошчы" паходзяць ад рускага слова "мощь", што азначае сіла. Угоднікі Божыя маюць асаблівую сілу і смеласць прасіць Госпада аб яго вялікай міласці да людзей.

Для таго, каб як мага больш людзей прыклаліся да вялікай святыні Праваслаўя, настаяцель манастыра архіепіскап Гурый благаславіў выезды з цудатворнай іконай Елісея Лаўрышаўскага і каўчэжцам з мошчамі па прыходах Навагрудскай епархіі.



Будзьце гатовыя да паводкі

Каляндарная вясна ўжо прыйшла, а вось прырода яшчэ не спяшаецца прачынацца. Павышэнне сярэднясутачных тэмператур вышэй за норму чакаецца ўжо хутка, а значыць, паводкі нам не пазбегнуць.

Паводку, якая чакае нас гэтай вясной, спецыялісты называюць "нармальнай". Але, верагодна, разводдзе будзе моцным - снегу толькі ў лютым выпала больш за норму. Таўшчыня покрыва - ад 20 да 40 см. Гэта дастаткова вялікія запасы вады, якая пагражае нам падтапленнем.

Вада на большасці рэк выйдзе на пойму, магчыма, будуць падтоплены сельгасугоддзі пойменных участкаў рэк. Разам з тым, нават пры звычайным развіцці паводкавай сітуацыі, насельніцтву і сельскай гаспадарцы рэспублікі наносіцца вялікая шкода.