№20

warning: Creating default object from empty value in /var/www/t-av/data/www/dyatlovo.info/modules/taxonomy/taxonomy.module on line 1390.


СВЯТА ВЯСНЫ І ПРЫГАЖОСЦІ

Кожную сераду ў аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў "Праменьчык" Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна прыходзяць валанцёры -- вучні 8 класа гімназіі №1 г. Дзятлава разам з педагогам Таццянай Леанідаўнай Ясюлевіч. Для наведвальнікаў аддзялення яны арганізоўваюць цікавыя гульні, віктарыны, трэнінгі. А на мінулым тыдні гімназісты завіталі ў "Праменьчык", каб павіншаваць сваіх падшэфных са святам вясны і прыгажосці.

Размаўляць аб прыгожым вырашылі на мове мастацтва. Люба Вырко выканала для наведвальнікаў аддзялення дзве музычныя п'есы на скрыпцы. Паша Цярэшка і Даша Вабішчэвіч спявалі пад гітару. Паша выканаў знакамітую песню Віктара Цоя "Зорка па імені Сонца", а Даша парадавала слухачоў песняй "Пунсовыя ветразі". Прагучала шмат вершаў, прысвечаных маці, жанчыне.



ВЫЗНАЧАНЫ ПЕРАМОЖЦЫ АБЛАСНОГА СПАБОРНІЦТВА ЗА ДАСЯГНЕННІ ВЫСОКІХ ПАКАЗЧЫКАЎ У ЭКАНАМІЧНЫМ І САЦЫЯЛЬНА-КУЛЬТУРНЫМ РАЗВІЦЦІ

У намінацыі “За дасягнутыя высокія паказчыкі ў развіцці гандлю і сферы паслугаў”:

  • першае месца – Астравецкі раён;
  • другое месца – Навагрудскі раён;
  • трэцяе месца – Мастоўскі раён.

У намінацыі “За дасягнутыя высокія паказчыкі ў будаўніцтве і развіцці галінаў будаўнічай індустрыі”:

  • першае месца – Воранаўскі раён;
  • другое месца – Лідскі раён;
  • трэцяе месца – Гродзенскі раён.



"ЗА ПЕСНЯЙ, ЗА СОНЦАМ"

Сёлета спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага пісьменніка Аркадзя Куляшова. Юбілейнай даце быў прысвечаны раённы агляд-конкурс "За песняй, за сонцам". Мерапрыемства таксама прайшло ў рамках акцый да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Удзел у аглядзе-конкурсе прынялі артысты гутарковага жанру. Мерапрыемства адбылося ў Дзятлаўскім раённым доме культуры.

Як адзначыла метадыст раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці Таццяна Янушкевіч, конкурс склалі выступленні ў розных жанрах. Гучалі сур'ёзныя лірычныя творы, жартоўныя байкі, мініяцюры. І кожны ўдзельнік усяго за некалькі хвілін змог прадэманстраваць сваё майстэрства як артыст-дэкламатар, які толькі з дапамогай інтанацыі, голасу перадае тыя пачуцці, якімі прасякнуты твор.



АДДЗЕЛ АДУКАЦЫІ, СПОРТУ І ТУРЫЗМУ ДЗЯТЛАЎСКАГА РАЙВЫКАНКАМА АДЗІН З ЛЕПШЫХ У ВОБЛАСЦІ

Па выніках штогадовага конкурсу на лепшую арганізацыю работы сярод аддзелаў сваёй падгрупы другое месца ў вобласці заняў аддзел адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама. Як педагогам Дзятлаўшчыны ўдалося дасягнуць высокіх вынікаў? На што яны будуць звяртаць асаблівую ўвагу ў далейшым? Пра гэта і многае іншае карэспандэнтка газеты гутарыла з начальнікам аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама І. Кухарэвічам.

-- Ігар Станіслававіч, ведаю, што Дзятлаўшчына не першы раз у тройцы лідараў.
-- Звычайна мы ўваходзім у тройку лепшых, але ў 2012 годзе вынікі пагоршыліся. Безумоўна, давялося правесці глыбокі аналіз дзейнасці за гэты перыяд, каб знайсці і выправіць недахопы. Усе асноўныя паказчыкі работы аддзела курыруюцца нашымі спецыялістамі, вынікі штоквартальна аналізуюцца. Гэта дазваляе ўбачыць тыя накірункі, дзе мы добра працуем, і тыя, на якія варта скіраваць асаблівую ўвагу.



Інфарм-кур’ер № 20

НА ДЗЯТЛАЎШЧЫНЕ БУДУЦЬ ЗДЫМАЦЬ ФІЛЬМ

Ізраільскі рэжысёр-дакументаліст Барыс Мафцыр пачаў работу над кінаанталогіяй аб трагедыі халакосту на тэрыторыі краін былога СССР.
Здымачны працэс ужо стартаваў, цяпер рыхтуецца першы фільм трылогіі, які называецца “Ахоўнікі памяці”. У аснове яго падзеі, якія на працягу 70 гадоў пасля трагедыі адбываліся ў тым самым месцы і ў той самы час. Другі фільм “Да апошняга кроку” рэжысёр плануе здымаць у Дзятлаве і ў іншых гарадах Беларусі – Нясвіжы, Лахве, Клецку, Глыбокім. Ён раскажа пра яўрэйскае супраціўленне ў Беларусі. Трэці фільм будзе прысвечаны “Чорнай кнізе” – дакументам і сведчанням відавочцаў аб зверствах фашыстаў супраць яўрэйскага народу на акупаванай тэрыторыі ў гады халакосту.



СТАРЭЙШАЕ ВНУ БЕЛАРУСІ ЗАПРАШАЕ НА ВУЧОБУ

Многія спецыялісты сельскагаспадарчых і вытворчых прадпрыемстваў Рэспублікі Беларусь атрымалі прафесійную адукацыю ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай Акадэміі, якой спаўняецца 173 гады з дня адкрыцця.

Спрадвеку чалавецтва спрабавала ўтаймаваць стыхію вады, палепшыць водны рэжым глебы, павялічыць плошчы прыдатных для земляробства тэрыторый. Без спецыялістаў, здольных вырашаць складаныя задачы кіравання водным рэжымам, інтэнсіўнае развіццё земляробства было б немагчымым.
Таму не выпадкова ў Горы-Горацкім земляробчым інстытуце 15 снежня 1919 года быў адкрыты інжынерна-меліярацыйны факультэт, які ў наш час носіць назву меліярацыйна-будаўнічы.

Факультэт рыхтуе спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі для аграпрамысловага комплексу Рэспублікі Беларусь па дзвюх спецыяльнасцях "Меліярацыя і водная гаспадарка" і "Сельскае будаўніцтва і ўладкаванне тэрыторый", якім прысвойваецца кваліфікацыя -- інжынер. Па гэтых спецыяльнасцях адкрыта таксама падрыхтоўка па скарочанай (3,5 года) праграме на аснове сярэдняй спецыяльнай адукацыі (НІСПА – неперарыўная інтэграваная сістэма прафесійнай адукацыі). Спецыялісты гэтых кваліфікацый запатрабаваны праектнымі і навукова-даследчымі інстытутамі, будаўнічымі і эксплуатацыйнымі арганізацыямі Дэпартамента па меліярацыі і воднай гаспадарцы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Яны паспяхова працуюць у арганізацыях дзяржаўнага нагляду і аховы навакольнага асяроддзя, выконваюць работу, звязаную з рэканструкцыяй і эксплуатацыяй гідрамеліярацыйных сістэм, планіроўкай, забудовай і добраўпарадкаваннем сельскіх пунктаў - праектаваннем, будаўніцтвам і эксплуатацыяй грамадзянскіх і сельскагаспадарчых будынкаў і збудаванняў, унутрыгаспадарчых інжынерных камунікацый і сістэм водазабеспячэння, аўтамабільных дарог мясцовага значэння.



КАБ ПАКУПКА БЫЛА Ў РАДАСЦЬ

Напярэдадні Новага года мы з жонкай вырашылі зрабіць сабе невялікі падарунак – набыць тумбачку пад тэлевізар. Здавалася б, усё проста – пайшлі і купілі. Але – не. На самой справе атрымалася не зусім так. Калі зайшлі ў краму і агледзелі прапанаваны асартымент, мы ўжо было падабралі патрэбны варыянт. Але… нас не задаволіў колер мадэлі. Спыталіся аб іншым варыянце. Хутка ён знайшоўся, вось толькі прапанаваны асобнік апынуўся не складзены...

Для тых, хто не жадае паўтарыць нашы памылкі пры набыцці доўгачаканай і запланаванай рэчы і хоча, каб пакупка нарэшце стала ў радасць, прапаную гэты артыкул.

Перш за ўсё хачу адзначыць тое, што пры куплі трэба папрасіць скласці прапанаваны тавар. Гэтым вы пераканаецеся, што пакупка цэлая і не мае ніякіх вонкавых пашкоджанняў. У адваротным выпадку, у час вяртання набытай вамі рэчы ў краму, у вас могуць узнікнуць цяжкасці (перш-наперш, у яе дастаўцы). На гэта вы змарнуеце не толькі фізічныя і псіхалагічныя сілы, але і час, які, як вядома, вельмі каштоўная рэч. Памятайце: гарантаваць высокую якасць тавара можа толькі добрасумленнасць вытворцы (што не заўсёды бывае на практыцы) і чэк, які выдаецца на касе.



КАСАВЫ ЧЭК – ГАРАНТ ВАШЫХ ПРАВОЎ

Мабыць, кожны з нас бачыў па тэлебачанні сацыяльную рэкламу, дзе сур’ёзны мужчына, дзелавога выгляду жанчына або медыйная зорка папярэджвалі: набываеце тавар – патрабуйце ў прадаўца чэк. Толькі ён пацвярджае вашы правы спажыўца. Ці так гэта і якое значэнне мае гэты, здавалася б, просты кавалак паперы, патлумачыць начальнік аддзела падаткаабкладання фізічных асобаў інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Дзятлаўскім раёне Іван Гірык.

-- Іван Баляслававіч, чэк патрэбен пакупніку ці гэта проста фармальнасць?
-- Каб адказаць на гэта пытанне, неабходна спачатку даць вызначэнне паняццю "чэк касавага рахунковага апарата". Сам па сабе чэк касавага аппарата – гэта дакумент, які пацвярджае факт куплі тавара (выканання работ, аказання паслугаў). Пры наяўнасці гэтага дакумента ў выпадку набыцця недабраякасных тавараў пакупнік, паводле Закона Рэспублікі Беларусь "Аб абароне правоў спажыўцоў", мае права вярнуць прадаўцу тавар, вярнуўшы пры гэтым свае грошы, ці замяніць няякасную пакупку на тавар належнай якасці. Дадаткова пакупнік мае права на кампенсацыю прадаўцом шкоды, нанесенай жыццю, здароўю ці маёмасці спажыўца ў парадку, устаноўленым заканадаўствам.
Патрабуючы чэк ад прадаўца ў аб'ектах рознічнага гандлю (кіёсках, крамах, АЗС і да т.п.), грамадскага харчавання (барах, рэстаранах, кафэ і да т.п.) і іншых гандлёвых аб'ектах, дзе прымяняецца касавае абсталяванне, пакупнікі абароненыя ад продажу недабраякасных тавараў.
Сёння выраз "Пакупнік заўсёды мае рацыю", які стаў народным дэвізам, трэба прымаць і выкарыстоўваць у крыху іншай, але больш дакладнай форме – "Пры наяўнасці дакумента, які пацвярджае прыём грашовых сродкаў, пакупнік заўсёды мае рацыю!".



НАБЫВАЮЧЫ ПРАДУКТЫ ХАРЧАВАННЯ, ВЕДАЙЦЕ…

Наведваючы харчовыя магазіны і пункты грамадскага харчавання, далёка не ўсе спажыўцы ўяўляюць, па якіх правілах і нарматывах павінны адпускацца такія тавары. Вось што трэба ведаць спажыўцу пры куплі прадуктаў харчавання.
* Нельга набываць прадукты харчавання з сышоўшымі тэрмінамі захоўвання, відавочнымі прыкметамі псавання і без дакументаў, якія пацвярджаюць іх якасць і бяспечнасць.
* Сапсаваная ці падазроная па якасці прадукцыя, тавары з сышоўшымі тэрмінамі выкарыстання павінны захоўвацца ізалявана ад дабраякаснай прадукцыі.
* Патрабаваць у прадаўца (пры неабходнасці) дакументы, якія пацвярджаюць якасць і бяспечнасць прадуктаў харчавання.
* Выкарыстоўваць толькі чыстыя кошыкі пры набыцці прадуктаў харчавання.
* У халадзільным абсталяванні захоўванне сырой і гатовай прадукцыі, якая хутка псуецца, павінна ажыццяўляцца паасобку, як і водпуск яе на розных шалях.



ВАЛЕЙБОЛ. ПЕРШАЯ ПЕРАМОГА “БЕЛТЭРМІЗА”

Дзятлаўская жаночая валейбольная каманда “Белтэрміз” згуляла два наступныя матчы ў вышэйшай лізе чэмпіянату Гродзенскай вобласці. Абодва – у Гродне.

9 сакавіка “Белтэрміз” прайграў камандзе “Хімвалакно” – 0:3 (17:25, 21:25, 10:25). Трэнер каманды Васіль Русін, каментуючы гэту сустрэчу, адзначыў, што ў складзе “Белтэрміза” адсутнічалі Ганна Салкевіч і Кацярына Казак. З гэтай прычыны пара рослых нападаючых “Хімвалакна” атрымалі свабоду дзеянняў на сетцы. Нізкі блок “Белтэрміза” закрыць атаку саперніц не змог. Да таго ж у дзятлаўскай каманды не зладзілася гульня і на прыёме. Прайгралі без варыянтаў.

Назаўтра, 10 сакавіка, навічка вышэйшай лігі з Дзятлава выпрабоўвала каманда ОСДЮШОР. Тэст “Белтэрміз” вытрымаў. Гульня ва ўсіх партыях была роўная. Напачатку саперніцы вырываліся наперад, затым дзятлаўская каманда іх даставала і завяршала партыі на сваю карысць. 25:22, 25:21. Выключэннем стала трэцяя партыя. Памылка на падачы ў канцы сэта мела вырашальнае значэнне. 24:26. Перамогу “Белтэрміз” здабыў у наступным, чацвёртым сэце. 25:22. 3:1.