жнівень

warning: Creating default object from empty value in /var/www/t-av/data/www/dyatlovo.info/modules/taxonomy/taxonomy.module on line 1390.


ЗБОР КАРАТЫСТАЎ У ЛЮБЛІНЕ

Чатыры дні ў горадзе Люблін (Польшча) працаваў міжнародны лагер па кіакушынкай каратэ-до з удзелам трэнераў і спартсменаў з Польшчы, Беларусі, Нарвегіі, Славакіі, Бельгіі, Украіны, Германіі – усяго каля 160 чалавек. З гэтай колькасці каля 110 чалавек з чорнымі паясамі (майстры), каля 30 – з карычневымі (вучні вышэйшага ўзроўню).

Беларусь у лагеры прадстаўлялі спартсмены і трэнеры спартыўнага клуба “Барс”: Васіль Максімаў, Максім Максімаў, Марына Марцулевіч, Дар’я Заяц.
Кіравалі заняткамі ў міжнародным лагеры шыхан Катцухіта Гарая (6-ы майстарскі дан) і сэнсэй Кентара Танакі.



“НІВА” – ЧЭМПІЁН РАЁНА

Перамогаю каманды “Ніва” (Дзятлава) завяршыўся летні чэмпіянат раёна па міні-футболе.

“Ніва” прадубліравала леташні поспех і другі раз запар стала чэмпіёнам. Каманда ад пачатку турніру з’яўлялася яго фаварытам і прайграла ўсяго адзін матч – фінішны. Вялікага значэння для чэмпіёна гэты матч не меў, бо “Ніва” была ўжо недасяжная як пераможца турніру.

А вось для саперніка – дзятлаўскай ДЮСШ – апошні матч стаўся самы важны. Перамога над чэмпіёнам – 2:1 – вывела ДЮСШ на другое месца.

Трэцяю фінішавала дзятлаўская “Звязда” (летась была чацвёртая), зрабіўшы ракіроўку з леташнім бронзавым прызёрам наваельнянскім “Спартаком”.
Наступныя месцы занялі “Ава” (пятае), “Фарсаж” (шостае), “Навагрудская” (сёмае).



АДШУКВАЮЦЦА СПАДЧЫННІКІ

На тэрыторыі аграгарадка Гезгалы знаходзіцца кватэра, якая належыць грамадзяніну Аляксандру Ягоравічу МУРАЧЫНСКАМУ, які памёр 3 мая 2010 года, пражываў у пасёлку Гезгалы, д. 9, кв. 58.

Просім сваякоў, якія маюць права на атрыманне ў спадчыну маёмасці, што засталася пасля смерці вышэйназванага грамадзяніна, звяртацца ў Гезгалаўскі пасялковы выканаўчы камітэт у месячны тэрмін з моманту апублікавання дадзенай аб’явы.



ШТРАФАВАЦЬ БУДУЦЬ ВАДЗІЦЕЛЯ

Абавязковым для ўсіх пасажыраў стане карыстанне рамянямі бяспекі з 1 верасня. У тым ліку для тых, якія едуць на заднім крэсле аўтамабіля альбо у другім-трэцім радзе мікрааўтобуса. Штрафаваць за парушэнне гэтага правіла будуць вадзіцеля.

Паездка пасажыра без рамяня бяспекі ў першы раз абыдзецца вадзіцелю ў 100 тысяч рублёў, а ў наступныя разы -- ад 200 да 500 тысяч рублёў.

Паводле правілаў, калі аўтамабіль абсталяваны рамянямі бяспекі, то прышпільвацца абавязаны кожны пасажыр.

Для ўладальнікаў старых аўтамабіляў “Жыгулі” і “Масквіч” робяцца выключэнні.



ВЫЯЎЛЕНЫ ПАРУШЭННІ Ў ААТ “БЕЛКАРД”

Камітэт дзяржкантролю Гродзенскай вобласці прымяненне санкцый абмеркаваў у прысутнасці работнікаў праверанага прадпрыемства
Дзяржаўныя кантралёры Гродзенскай вобласці прадоўжылі практыку ўдасканалення формаў і метадаў работы. Разбор выяўленых парушэнняў праводзіцца ў прысутнасці работнікаў праверанага прадпрыемства. Прадстаўнікі КДК дакладна і даходліва тлумачаць факты і прычыны учыненых парушэнняў і, што самае галоўнае, памер штрафных санкцый.

Гэтым разам новы падыход быў прыменены на ААТ “Белкард” у Гродне. Супрацоўнікі КДК агучылі вынікі пазапланавай праверкі прадпрыемства. У прыватнасці, выяўлена незаконная (празмерная) выплата штогадовага аднаразавага ўзнагароджання (гадавога бонуса) па выніках работы ААТ “Белкард” за 2012 год кіраўнікам і асобным работнікам прадпрыемства ў суме звыш 610 мільёнаў рублёў – з прычыны невыканання даведзенага ААТ “БАТЭ” (кіруючая кампанія холдынга “Аўтакампаненты”) паказчыка па аб’ёму інвестыцый у асноўны капітал, які фактычна склаў 18123 мільёны рублёў пры даведзеным у бізнес-плане заданні ў 21000 мільён рублёў. Выконваючы абавязкі кіраўніка прадпрыемства толькі за адзін месяц на гэтай пасадзе ў 2012 годзе атрымаў узнагароджанне ў памеры большым за 160 мільёнаў рублёў.



УВАГА, ВАДЗІЦЕЛІ! ДЗЕЦІ ІДУЦЬ У ШКОЛУ!

Рэспубліканская прафілактычная акцыя "Увага -- дзеці!" сёлета доўжыцца да 6 верасня. У перыяд яе правядзення аўтамабілі павінны рухацца па дарогах з уключаным бліжнім святлом фараў.

Як сведчыць статыстыка, штогод у верасні павялічваецца рызыка ўдзелу непаўналетніх у дарожных здарэннях. Таму вадзіцелі транспартных сродкаў павінны быць асабліва ўважлівыя ў гэты перыяд. За летнія канікулы юныя ўдзельнікі руху адвыкаюць ад хуткага рытму гарадскіх дарог. На пачатку навучальнага года школьнікам варта нагадаць правілы дарожнага руху. Дарослыя павінны памятаць і пра тое, што менавіта яны падаюць прыклад дзецям.



1 ВЕРАСНЯ – ДЗЕНЬ РАБОТНІКАЎ НАФТАВАЙ, ГАЗАВАЙ І ПАЛІЎНАЙ ПРАМЫСЛОВАСЦІ

Паважаныя работнікі і ветэраны галіны!

Прыміце шчырыя віншаванні з прафесійным святам – Днём работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці!

Вы – прадстаўнікі слаўнай і ганаровай прафесіі – па праву можаце ганарыцца традыцыямі і значнымі вытворчымі дасягненнямі. Узровень развіцця галіны вызначаецца вашым прафесіяналізмам, высокай кваліфікацыяй, энергіяй і прадпрымальнасцю.

Паліўна-энергетычны комплекс ва ўсе часы з’яўляецца асновай дабрабыту любой краіны. Эфектыўнае яго функцыянаванне з’яўляецца ключавым і вызначальным у развіцці рэальнага сектара эканомікі, жыццядзейнасці грамадства. Сёння вы ставіце перад сабой амбіцыёзныя, але выканальныя задачы.



З ДНЁМ БЕЛАРУСКАГА ПІСЬМЕНСТВА!

Паважаныя дзятлаўчане!

Дзень беларускага пісьменства – традыцыйнае свята, якое акцэнтуе ўвагу на неабходнасці захавання і развіцця багатай культурнай спадчыны і духоўных здабыткаў нашага народа.

Літаратура, мастацтва заўсёды былі для беларусаў асаблівай каштоўнасцю, крыніцай гістарычнай памяці, надзейнай апорай у выхаванні патрыятызму і высокіх маральных якасцяў грамадзян. Беларусь – радзіма многіх выдатных асветнікаў, дзеячаў культуры, пісьменнікаў сусветнага ўзроўню.



"ЖЫЦЦЁВЫЯ ЎНІВЕРСІТЭТЫ" МІХАІЛА ІВАНАВІЧА ЛУК'ЯНЧЫКА

30 жніўня свой 60-гадовы юбілей адсвяткаваў настаўнік гісторыі Міхаіл Іванавіч Лук’янчык, цікавы, таленавіты чалавек, які амаль усё сваё жыццё прысвяціў настаўніцкай дзейнасці.

Нарадзіўся Міхаіл Іванавіч у вёсцы Падвялікае Дзятлаўскага раёна. Яго бацькі былі педагогамі. Сын вырашыў прадоўжыць іх справу: скончыў Рудаяварскую сярэднюю школу і паступіў у Гродзенскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Я. Купалы на факультэт гісторыі і педагогікі.

Цікавым, насычаным, багатым на падзеі было жыццё маладога настаўніка. Адразу пасля інстытута Міхаіл Іванавіч быў накіраваны ў Мяляхавіцкую сярэднюю школу, дзе працаваў арганізатарам па пазакласнай і пазашкольнай выхаваўчай рабоце, настаўнікам гісторыі. У Цяцейкаўскай васьмігодцы выкладаў гісторыю. Займаў пасаду дырэктара Нагародавіцкай васьмігадовай школы. Працаваў арганізатарам па пазакласнай і пазашкольнай выхаваўчай рабоце ў Яварскай сярэдняй школе. Быў старшынёй прафкама калгаса "Новае жыццё" ў вёсцы Явар, старшынёй Гярбелевіцкага сельвыканкама.



ПАЛОМНІКІ НАВЕДАЛІ ЛАЎРЫШАВА

Лаўрышаўскі Свята-Елісееўскі мужчынскі манастыр – жамчужына навагрудскай зямлі. Размешчаная сярод шматвяковых соснаў, амываемая ціхай плынню Нёмана, мясціна з’яўляецца прытулкам для некалькіх манахаў, якія і днём, і ноччу моляцца за цэлы свет, за людскі дабрабыт. Спакой і мілата напаўняюць наваколле. Выключэннем могуць быць толькі тыя дні ў годзе, калі сотні людзей з розных куткоў Навагрудскай епархіі прыходзяць Хрэсным ходам, каб ушанаваць памяць прападобнага Елісея Лаўрышаўскага – сына літоўскага князя Трайната, заснавальніка і першага настаяцеля манастыра.

Хрэсны ход праходзіў з благаславення архіепіскапа Навагрудскага і Лідскага, Кіраўніка справамі Беларускага Экзархата Гурыя.

Пачаўся са Свята-Мікольскага кафедральнага сабора горада Навагрудка пасля Боскай Літургіі ў галоўным храме епархіі і прывітальнага слова ад правячага архірэя. Удзельнікі пешшу, з перапынкі для малебнаў ля паклонных крыжоў і на адпачынак, адправіліся ў паломніцтва да святой мясціны.
Пераадольваючы шлях у трыццаць з лішкам кіламетраў, пілігрымы розных пакаленняў, а таксама больш за трыццаць святароў епархіі, якія ўзначальвалі мерапрыемства, неаднаразова сустракалі на сваім шляху жыхароў вёсак якія віталі паломнікаў хлебам-соллю. Некаторыя з людзей, сустракаючыся з працэсіяй, станавіліся на калені, стараючыся "прайсці пад крыжом". Некаторыя лічаць, што такім дзеяннем не толькі спасылаюцца ўсе даброты, але і прабачаюцца многія грахі. Але гэта далёка не так. (меркаваць так – значыць знаходзіцца ў поцемках язычніцтва). "Праход пад крыжам", па меркаванні Праваслаўнай царквы, гэта пашана святыні, выяўленне нашай набожнасці.