ліпень

warning: Creating default object from empty value in /var/www/t-av/data/www/dyatlovo.info/modules/taxonomy/taxonomy.module on line 1390.


АБ НЯЯКАСНЫМ АКАЗАННІ ПАСЛУГАЎ

Кожны з нас рана ці позна сутыкаецца з неабходнасцю рамонту свайго дома, кватэры, замены сантэхнічнага ці ацяпляльнага абсталявання. Хтосьці спраўляецца сваімі сіламі, а камусьці не абысціся без дапамогі і паслугаў, якія нам аказваюць шматлікія фірмы і індывідуальныя прадпрымальнікі, аб'явамі аб якіх стракацяць нашы перыядычныя выданні. Аднак якасць аказваемых імі паслуг не заўсёды адпавядае нашым патрабаванням.

Аб гэтым гаворыць і той факт, што на прыём у фінансавую міліцыю з надзеяй на дапамогу з пастаяннай перыядычнасцю звяртаюцца грамадзяне, якія засталіся незадаволеныя якасцю аказаных ім рамонтных і іншых паслугаў рознымі прадпрыемствамі і індывіудальнымі прадпрымальнікамі.

Сярод іх нямала і тых, яукія ў якасці аплаты сваіх тавараў ці паслугаў неабгрунтавана патрабуюць замежную валюту (долары ЗША, еўра і інш.), а, прыняўшы грашовыя сродкі, якого-небудзь пацвярджаючага дакумента, у тым ліку па патрабаванні заказчыка, не выдаюць.



АТРЫМАЛІ ПАПЯРЭДЖАННІ АБ НЕДАПУШЧЭННІ СУПРАЦЬПРАЎНЫХ ПАВОДЗІНАЎ

Пяць жыхароў Вензавецкага сельскага савета атрымалі афіцыйныя папярэджанні ад пракурора Дзятлаўскага раёна аб недапушчэнні супрацьпраўных паводзінаў. Адбылося гэта ў час чарговага пасяджэння савета грамадскага пункта аховы парадку пры Вензавецкім сельвыканкаме, у якім прынялі ўдзел старшы памочнік пракурора Гродзенскай вобласці па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб прафілактыцы правапарушэнняў Уладзімір Сымановіч і члены раённага каардынацыйнага савета суб'ектаў прафілактыкі.

На тэрыторыі Вензавецкага сельсавета, па словах старшыні сельвыканкама А. Шымко, жывуць тры ненадзейныя сям'і. Дзве з іх былі запрошаны на пасяджэнне для прафілактычнай размовы.

Дырэктар школы Г. Франюк занепакоена, што адзін з выхаванцаў установы не наведвае школьны летнік, а бавіць час са старэйшым двойчы судзімым братам. Маці хлопцаў патлумачыла, што малодшаму сыну не спадабалася ў лагеры, хаця згодна, што наведваць яго карысней для дзіцяці. Сама жанчына працуе ў сельгаскааператыве, дамоў вяртаецца позна, часам бярэ сына з сабой на працу. Гэты факт выклікаў трывогу ў адказных службаў. Маці патлумачылі, што такім чынам яна падвяргае жыццё непаўналетняга небяспецы. Тады жанчына паскардзілася, што ў сувязі з хваробай іншай работніцы не мела выхадных больш за месяц. Пракурор раёна зазначыў, што гэта -- парушэнне заканадаўства, параіў каіраўніку гаспадаркі вырашыць праблему ў бліжэйшы час. Таксама прынята рашэнне, што пасля школьнага летніка непаўналетні накіруецца на адпачынак у "Баравічок". Выкліканая асоба атрымала афіцыйнае папярэджанне.



БЫЛІ АФІЦЫЙНА ПАПЯРЭДЖАНЫ

З ініцыятывы пракуратуры Дзятлаўскага раёна пры Раготнаўскім сельвыканкаме прайшло чарговае пасяджэнне савета грамадскага пункта аховы парадку, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі пракуратуры, райаддзела міліцыі, адказныя асобы мясцовай гаспадаркі і прадпрыемстваў.

На пасяджэнне былі выкліканы 9 мясцовых жыхароў, якім ахоўнікі закона задалі пытанні наконт асацыяльных паводзінаў: злоўжывання алкаголем, бытавых скандалаў, нежадання працаваць. Пасля сур'ёзнай размовы 6 выкліканых асобаў атрымалі афіцыйныя папярэджанні аб недапушчэнні супрацьпраўных дзеянняў ад пракурора Дзятлаўскага раёна.



ЧАМУ ТРЭСКАЮЦЦА ПЯТКІ?

Пытанне: чаму на пятках з'яўляюцца трэшчынкі?

Адказ Н. Бутурлі, доктара-дэрматавенеролага Дзятлаўскай раённай паліклінікі:
-- Трэшчынкі на пятках могуць узнікаць па некалькіх прычынах. Па-першае, з-за некамфортнага абутку, які не прапускае паветра, пастаяннага нашэння сінтэтычных шкарпэтак або калготак. Такія ўмовы парушаюць нармальны газаабмен у скуры і яе харчаванне, што і прыводзіць да ўзнікнення трэшчынак, агрубення скуры. Каб пазбегнуць гэтага, варта насіць добры абутак, шкарпэткі з натуральных тканін. А вось хуткаму зажыўленню ўжо існуючых трэшчынак садзейнічаюць ванначкі для ног з дабаўленнем лекавых траваў -- шалфею, кары дубу, рамонку. Пасля ванначак абавязкова трэба змазаць пяткі тлустым крэмам.



ХАРЧАВАННЕ, ЯКОЕ "ПАДЫМАЕ" ГЕМАГЛАБІН

Пытанне: у дзіцяці нізкі гемаглабін. Якімі прадуктамі харчавання яго можна падняць?

Адказ Н. Блашынскай, тэрапеўта Дзятлаўскай раённай паліклінікі:
-- Лепш за усё засвойваецца жалеза з бялкоў мяса, асабліва цяляціны. Неабходна ўключаць у рацыён дзіцяці соевыя бабы і прадукты на іх аснове, пятрушку, гарох, рыс, грэчку, шпінат, сушаныя абрыкосы, чарнасліў і разынкі. Гэтыя прадукты ўтрымліваюць максімальную колькасць жалеза. Да гародніны варта падаваць мяса, печань або рыбу: яны павялічваюць усмоктванне жалеза.



ЦІ МОЖНА КУПАЦЦА Ў ДЗЯТЛАЎСКІМ ВОЗЕРЫ?

З пытаннем у рэдакцыю звярнулася жыхарка горада Дзятлава: ці можна купацца у дзятлаўскім возеры? Вада тут мутная, ногі пры спуску гразнуць. Ці не пашкодзіць такое купанне здароўю, асабліва дзяцей?

Адказ Ангеліны Мікалаеўны Ранцэвіч, памочніка доктара-эпідэміёлага Дзятлаўскага ЦГЭ: 24 чэрвеня мы ўзялі пробы вады з некалькіх вадаёмаў на наяўнасць узбуджальнікаў кішэчнай групы. Аналіз выявіў наступнае: на васьмі правераных вадаёмах (трох дзятлаўскіх азёрах у раёне бальніцы, штучным возеры ў раёне вуліцы Навагрудскай райцэнтра, у месцы выхаду сцёкавых водаў з ачышчальных збудаванняў, ніжэй па ручаі ля маста на вёску Засецце, на рацэ Моўчадзь у Гезгалах, на возеры санаторыя "Радон") у пробах вады пры высяванні халернага вібрыёна не знойдзена.



Народны каляндар: ЛІПЕНЬ

У ліпені работы ў полі і на агародзе прыбаўляецца. Большасць “ліпеньскіх” прыказак гаворыць менавіта аб працы: “Ліпень носіць і мне, доўга спаць не дае, “Хто ў ліпені на полі пацее, таго ўзімку і печка грэе”. Надвор’е звычайна ўраўнаважанае з чаргаваннем сонца і дажджу.

У ноч з 6 на 7 ліпеня – Купалле (Купала, Ян, Іван). Калі кульмінацыяй зімовых падзеяў былі ў народным жыцці Каляды, то адпаведным па значнасці святам улетку было Купалле, якое адзначалася дзень у дзень праз паўгода. Напярэдадні яго дзяўчаты збіралі кветкі на вянкі, рабілі запасы лекавых раслінаў ад рознай немачы. Асаблівую ўрачыстасць святу надавала купальскае вогнішча. З Купаллем звязана адна з самых рамантычных легенд беларускага народа пра папараць-кветку. Верылі, што ў купальскую ноч на папараць сыходзіць агонь Перуна, і яна ўспыхае яркім колерам, цвіце з апоўначы некалькі імгненняў, і трэба паспець ухапіць яе. “Хто гэтую кветку здабудзе, будзе мець усё, чаго толькі яго душа пажадае”, “можна тады ведаць усё, што на свеце робіцца, разумець мову жывёлін і раслінаў". Недасягальнасць папараць-кветкі атаясамлівалася з багаццем, з закапанымі няведама кім і калі скарбамі.



ПРЫГАЖОСЦЬ І ЎТУЛЬНАСЦЬ СВАІМІ РУКАМІ

Конкурс “Белай Русі”

Напярэдадні Дня Незалежнасці Беларусі, 1 чэрвеня падвялі вынікі конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне і кветкавае афармленне тэрыторый ля шматпавярховых дамоў, лепшыя ўласныя падворкі, пад’езды шматпавярховых дамоў, лепшыя балконы, які праводзіла раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Белая Русь”.

На працягу месяца (конкурс доўжыўся з 1 па 30 чэрвеня), журы атрымала, на жаль, толькі тры заяўкі – з райцэнтра, гарпасёлка Наваельня і пасёлка Гезгалы. Спынімся падрабязней на кожным з удзельнікаў конкурсу.

АЛЕНА МІКАЛАЕЎНА БАБРОЎСКАЯ, жыхарка дома №17 “А” па вуліцы Дзятлаўскай у Наваельні, сама, убачыўшы паведамленне пра конкурс у газеце “Перамога”, патэлефанавала ў рэдакцыю. І нездарма. Іх дома па вуліцы Дзятлаўскай у Наваельні сапраўды ўзорны.



АБ ВЫДАЧЫ ВЕТЭРЫНАРНЫХ ДАКУМЕНТАЎ

З прычны ўзнікнення інфекцыйных захворванняў на тэрыторыі вобласці ўводзіцца наступны парадак выдачы ветэрынарных дакументаў на жывых жывёлін і прадукцыю жывёльнага паходжання:

-- пры міжабласных перавозках патрэбна мець ветэрынарнае пасведчанне, выдадзенае галоўным ветэрынарным доктарам раёна з дазволу Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь;
-- пры перавозцы грузаў з аднаго раёна ў другі ў межах вобласці выдаецца ветэрынарнае пасведчанне, засведчанае галоўным ветэрынарным доктарам з дазволу аддзела ветэрынарыі вобласці;



ДЗЕНЬ ДАНІЛАВІЦКАГА СЕЛЬСАВЕТА

Мерапрыемства з парадкам дня “Работа Данілавіцкага сельскага выканаўчага камітэта і сельскага Савета дэпутатаў па забеспячэнні развіцця сацыяльнай сферы, добраўпарадкаванні тэрыторыі населеных пунктаў сельсавета” адбылося ў Данілавіцкім сельскім савеце 26 чэрвеня.
У ім удзельнічалі кіраўнікі райвыканкама, старшыні і сакратары сельскіх і пасялковых выканкамаў, ідэалагічныя работнікі СВК, кіраўнікі шэрагу раённых службаў.

Данілавіцкі сельскі выканаўчы камітэт, расказала яго старшыня Г. Жых, пачаў дзейнічаць з лістапада 1939 года. У 1986 годзе цэнтр Данілавіцкага сельскага савета перамясціўся з Данілавічаў у вёску Круцілавічы. 20 мая 1991 года сельсавет быў узбуйнены пасля скасавання Лезнявіцкага сельсавета. 13 чэрвеня 2007 года быў скасаваны суседні Таркачоўскі сельскі Савет, яго тэрыторыя ўвайшла ў склад Данілавіцкага.

Гэтым часам плошча Данілавіцкага сельсавета складае 237,31 квадратнага кіламетра. У склад сельсавета ўваходзяць 39 вёсак, у іх жывуць 2216 чалавек. З гэтай колькасці 1135 – працаздольныя, 853 – пенсіянеры, 228 дзяцей узростам да 15 гадоў. У сельскай гаспадарцы працуюць 422 чалавекі. Адзінокіх грамадзян – 91, адзінока жывуць – 565, інвалідаў першай і другой групаў – 134.