Віктар Шымук



Як калісьці

Як калісьці, як калісьці
Ападае з клёнаў лісце,
Ападае з клёнаў лісце,
Засцілаючы зямлю.



Мудрасць

Мудрасць чалавечую
Знае чалавек:
Прыгажосць — да вечара,
Дабрыня — навек.



Успамін

Чытаў такое наяву,
Такому аж не верыцца:
«Пішы ты, дзядзька, у Маскву
Ці вёрстаў сто аж за Маскву,
Усё роўна ў Стоўбцы вернецца».



Роздум

Зноў гаворым, гаворым —
«Першы клопат аб людзях».
I ужо раз каторы
Веру я, што так будзе.



Ехалі да млына

Па дарозе
Калёсы плылі,
3 бацькам ехалі
Ў вёску Краглі.



На канцэрце

Здаецца,
Гэта шторм дзевяцібальны.
Усё грыміць, раве,
Гудзе.
...Ансамбль
Вакальна-інструментальны
Ачмурвае,
Аглушвае людзей.



Усміхніся чалавеку

Усміхніся чалавеку
I не хмур сваіх ты броў.
На тваім жыццёвым веку
У цябе не шмат сяброў.



Такое навекі запомніцца

Такое навекі запомніцца,
Згадаў я за вёскаю шлях —
Татуля правёў за аколіцу,
I слёзы ў ягоных вачах.

Абняў яшчэ раз пры расстанні,
Рукою пагладзіў мой чуб.
I тое асенняе ранне
Стаіць і цяпер уваччу.

Ніколі, ніколі не бачыў
3 маленства да гэтых вось дзён,
Як плача мой бацька, як плача,
Як слова не вымавіць ён.



Матуля, добры дзень...

Матуля, добры дзень...
Вось я прыйшоў
Заснежанаю, белай-белай сцежкай.
I ты мяне сустрэла сёння зноў
Сваёй ласкавай, добраю усмешкай.

Прыйшоў з табою я пагаварыць,
Сказаць табе пра ўсе свае навіны.
Ты знаеш, мама, сэрца штось баліць,
Калі адольваюць мяне ўспаміны.

Чаму цябе няма, чаму няма?..



Снежань

Нарэшце заснежыў снежань,
Зіма валадарыць зноў.
I снег, і бялюткі і свежы.
Ляжыць за маім акном.