Урбановіч Г.



Пашанцавала працаваць з такім чалавекам

Восень пазалаціла дрэвы, дыхнула холадам, нагадала, што прыспеў час збіраць ураджай, падводзіць вынікі мінулага лета. Гэтая пара года ў душы кожнага з нас выклікае пэўныя пачуцці. 3 радасцю і лёгкім хваляваннем кожную восень сустракае Галіна Аляксандраўна Кончык, былая настаўніца малодшых класаў сярэдняй школы №2 (цяпер гімназіі №1) горада Дзятлава. Сёлета ў кастрычніку яна адзначае свой 80-гадовы юбілей.

Нарадзілася Галіна Аляксандраўна ў вёсцы Забалоцце Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці ў сям'і калгаснікаў. У 1952 годзе паступіла ў Нясвіжскае педагагічнае вучылішча, пасля заканчэння якога была накіравана працаваць на Дзятлаўшчыну, у Гірыцкую сямігодку. Затым маладую настаўніцу перавялі ў сярэднюю школу №2 горада Дзятлава, дзе яна працавала да 1994 года. Агульны педагагічны стаж Галіны Аляксандраўны складае 38 гадоў. Былыя калегі кажуць пра яе, як чалавека творчага, актыўнага, ініцыятыўнага. Яе працоўныя заслугі не аднойчы былі адзначаны раённымі і абласнымі граматамі, а ў 1980 годзе — граматай Міністэрства адукацыі БССР. 3 1985 года мне пашанцавала працаваць побач з Галінай Аляксандраўнай Кончык. На той час я была намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы №2 горада Дзятлава.



ТОЛЬКІ ДОБРЫЯ ЎСПАМІНЫ

26 кастрычніка свой 60-гадовы юбілей будзе святкаваць былая настаўніца Дзятлаўскай гімназіі №1, цікавая жанчына, клапатлівая жонка, матуля і бабуля Тамара Мікалаеўна Радзіеўская.

Каля трыццаці гадоў свайго жыцця Тамара Мікалаеўна шчыравала на ніве адукацыі: працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў Дзятлаўскай СШ №2, прадоўжыла сваю працоўную дзейнасць тут, калі ўстанова была пераўтворана ў гімназію. Я ўдзячна лёсу, што мне пашчасціла сустрэцца з гэтай цудоўнай жанчынай. У 1984 годзе Тамара Мікалаеўна і я прыйшлі працаваць у сярэднюю школу №2 г. Дзятлава: яна -- філолагам, я -- піянерважатай. Праз год я перайшла на пасаду намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце і ўсе 26 гадоў працавала побач з Тамарай Радзіеўскай.