Дзядовіч М.

warning: Creating default object from empty value in /var/www/t-av/data/www/dyatlovo.info/modules/taxonomy/taxonomy.module on line 1390.


АДЗЁР – АДНА З САМЫХ ЗАРАЗНЫХ ХВАРОБАЎ

У Беларусі назіраецца складаная эпідэміялагічная сітуацыя ў выніку завозу віруса адзёру (корь) генатыпу D8 з Расійскай Федэрацыі і яго далейшага абмежаванага распаўсюджання. Па стане на 14 мая 2014 года ў Рэспубліцы Беларусь зарэгістраваны 32 лабараторна пацверджаныя выпадкі адзёру. У Дзятлаўскім раёне таксама зарэгістраваны выпадак захворвання на адзёр. Захварэў дарослы чалавек, які ў працэсе сваёй прафесійнай дзейнасці быў у кантакце з хворым на адзёр. Заражэнне адбылося за межамі нашага раёна.
Адзёр – гэта шырока распаўсюджанае вострае інфекцыйнае захворванне, якое сустракаецца пераважна ў дзяцей. Яно характарызуецца павышэннем тэмпературы, запаленнем слізістых абалонак носа, вачэй, горла, з’яўленнем на скуры плямістых высыпанняў. Адзёр з’яўляецца адной з самых заразных хваробаў.
Шлях перадачы інфекцыі – паветрана-кропельны. Крыніца інфекцыі – хворы на адзёр. Пасля перанесенага захворвання ў чалавека захоўваецца пажыццёвы імунітэт.



"ІМУНІЗАЦЫЯ ДЛЯ ЖЫЦЦЯ"

Пад такім дэвізам сёлета з 22 па 26 красавіка праводзіцца Еўрапейскі тыдзень імунізацыі.

Кожны чалавек хоча быць здаровым, аднак абарончыя механізмы арганізма не заўсёды спраўляюцца з рознымі мікробамі і вірусамі, а лекавыя прэпараты не заўcёды эфектыўныя. Найбольш надзейным метадам прафілактыкі інфекцыйных хваробаў з'яўляецца вакцынапрафілактыка.

Такая інфекцыя як краснуха лічыцца "лёгкай". На яе можа захварэць як дарослы, так і дзіця. Аднак мала хто ведае, што краснуха, калі на яе захварэла цяжарная жанчына, можа пашкодзіць плод. А сама жанчына можа перанесці краснуху бессімптомна.



ТУБЕРКУЛЁЗ: ПРЫКМЕТЫ І ПАПЯРЭДЖАННЕ

Туберкулёз – гэта інфекцыйнае захворванне, узбуджальнік якога мікабактэрыі. На нашай планеце на туберкулёз хварэе 10% насельніцтва. У Дзятлаўскім раёне за 10 месяцаў 2013 года ўпершыню захварэлі 14 чалавек (у 2012 годзе – 11 чалавек).

Узбуджальнік туберкулёзу вельмі ўстойлівы да многіх фактараў знешняга асяроддзя: у глебе, вадзе, прадуктах харчавання мікабактэрыі могуць захоўвацца да 1 года. Але прамыя сонечныя промні забіваюць іх на працягу некалькіх хвілін, кіпячэнне – на працягу 5 хвілін.

Крыніца інфекцыі – хворы на актыўны туберкулёз лёгкіх. Туберкулёзная палачка распаўсюджваецца паветрана-кропельным шляхам пры кашлі, чханні, размове.



1 снежня -- Сусветны дзень барацьбы са СНІДам

"ПЯЦЬ КРОКАЎ"

Так называецца сацыяльны праект, які рэалізуецца прадстаўніцтвам Дзіцячага фонду ў Беларусі і Міністэрствам аховы здароўя. Асноўная мэта мерапрыемства -- данесці да насельніцтва інфармацыю аб тым, што ўсе людзі звязаны між сабою і праблема прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі датычыцца кожнага.

У рамках праекта пяці дабраахвотнікам было ўручана спецыяльнае пісьмо з пасланнем. Яго неабходна перадаць з Мінска незнаёмаму адрасату ў адзін з абласных цэнтраў. Пісьмо трэба перадаваць толькі з рук у рукі праз пецярых знаёмых, сяброў або родных. Такім чынам, удзельнікі мерапрыемства даносяць думку аб тым, што кожнага можа закрануць праблема ВІЧ-інфекцыі.



ЯК НЕ ЗАРАЗІЦЦА ТРЫХІНЕЛЁЗАМ

У Дзятлаўскім раёне ў 2010 годзе была зарэгістравана групавая ўспышка трыхінелёзу, 8 чалавек пацярпелі. Прычынай захворвання стала ўжыванне ў ежу сыравяленай каўбасы, прыгатаванай з мяса дзіка.

Трыхінелёз – захворванне, якое выклікаюць у мышачнай тканцы многіх відаў драпежных жывёлін і чалавека лічынкі дробнага гельмінта – трыхінелы. Часцей за ўсё заражэнне людзей адбываецца пры ўжыванні ў ежу заражанага лічынкамі паразіта мяса дзікоў або хатніх свіней.

Лічынкі трыхінел вельмі ўстойлівыя да неспрыяльных фактараў уздзеяння (смажанне, вэнджанне, варка, саленне поўнасцю мясапрадукты ад іх не вызваляюць). Захворванне звычайна праяўляецца праз 2-4 тыдні з моманту заражэння – павышаецца тэмпература цела да 38 градусаў і вышэй, адчуваецца слабасць, боль у мышцах, з’яўляюцца ацёкі павекаў, твару, скурныя высыпанні, кішэчныя расстройствы.



Праблема-СНІД

ДАСТУПНАЕ КАНСУЛЬТАВАННЕ

У Мінску прайшло пасяджэнне рэспубліканскага "круглага стала" па тэме "Кансультаванне і тэсціраванне на ВІЧ падлеткаў і маладых людзей груп рызыкі". Удзел у мерапрыемстве прынялі больш за 50 прадстаўнікоў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, а таксама спецыялісты ўстановаў аховы здароўя і грамадскіх аб'яднанняў.

"Круглы стол" праходзіў у рамках праекта "Даступнае якаснае кансультаванне і тэсціраванне на ВІЧ для падлеткаў і маладых людзей груп рызыкі". Асноўным выканаўцам праекта з'ўяўляецца Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА. Рэалізуецца праект пры фінансавай і экспертнай падтрымцы Дзіцячага фонду ААН і Еўрапейскага Саюза.



ЗАРЭГІСТРАВАНЫ ВЫПАДАК КЛЕШЧАВАГА ЭНЦЭФАЛІТА

У вёсцы Парэчча сёлета зафіксаваны выпадак клешчавага віруснага энцэфаліта. Хворая жанчына была шпіталізавана ў Гродзенскую абласную інфекцыйную бальніцу ў стане сярэдняй ступені цяжкасці. Верагодная прычына заражэння -- ужыванне сырога малака козаў.

У сувязі з гэтым нагадваем: каб не захварэць клешчавым энцэфалітам, не трэба купляць малако козаў у невядомых людзей. Ужываць малако варта толькі пасля тэрмічнай апрацоўкі -- кіпячэння на працягу 1-2 хвілін.

Неабходна аберагаць козаў ад укусаў кляшчоў, выкарыстоўваючы рэпеленты.



ПАДРЫХТУЕМСЯ ДА СЕЗОНА ГРЫПУ

Напярэдадні эпідэмій грыпу і вострых рэспіраторных інфекцый неабходна актывізаваць абарончыя сілы арганізма пры дапамозе агульнаўмацоўваючых сродкаў прафілактыкі.

У іх ліку - вітаміны і мікраэлементы. Асабліва тут важны вітамін С, які павышае супраціўляльнасць арганізма. Вялікая колькасць вітаміну С утрымліваецца ў соку квашанай капусты, а таксама ў цытрусавых.

Важны метад прафілактыкі хваробаў - загартоўванне. Яно дазваляе нармалізаваць функцыю дыхальных шляхоў пры ахалоджанні, што зніжае дозу віруса, які трапляе ў арганізм пры заражэнні.



ЯК ЗАСЦЕРАГЧЫСЯ АД ШАЛЕНСТВА

Шаленства – смяротнае захворванне. Лячэння няма. Адзінай мерай папярэджання шаленства з’яўляецца правядзенне лячэбна-прафілактычных прышчэпак. На шаленства могуць заразіцца ўсе свойскія і дзікія жывёліны, а таксама птушкі. Заразіцца магчыма праз укус, драпіну ці асліненне ад хворай жывёліны.

У 2011 годзе былі зарэгістраваны 17 выпадкаў шаленства: 14 лісаў, 2 каровы, 1 тхор. У 2012 годзе зарэгістраваны 5 выпадкаў лабараторна пацверджанага шаленства: 4 лісы, 1 каза. У 2013 годзе шаленства выяўлена ў 2 лісаў.

У 2012 годзе па антырабічную дапамогу звярнуўся 51 чалавек (57 – у 2011 годзе), у тым ліку 13 дзяцей да 18-гадовага ўзросту. Лячэбна-прафілактычныя прышчэпкі супраць шаленства прызначаны 40 чалавекам.



НАДЗЕЙНЫ СРОДАК - ПРЫШЧЭПКА

Эпідэмічны сезон захваральнасці на вострыя рэспіраторныя хваробы і грып у 2012-2013 гадах быў адзначаны ўмераным узроўнем інтэнсіўнасці эпідэмічнага працэсу. На пачатку 2013 года ў Дзятлаўскім раёне былі зафіксаваны толькі 53 выпадкі захворвання на грып. Гэта з'явілася вынікам павелічэння ахопу насельніцтва раёна прафілактычнымі прышчэпкамі.

У 2012 годзе супраць грыпу былі прышчэплены 9727 чалавек. Аналіз кампаніі імунізацыі супраць грыпу паказаў, што верагоднасць захварэць у тых людзей, якія не прышчэплены, была ў 3,2 раза вышэйшая ў параўнанні з тымі, хто прайшоў імунізацыю.