У СКРУНДЗЯХ ЗГАРЭЎ КАСЦЁЛ
22 мая ў 6 гадзін 13 хвілінаў у Дзятлаўскі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях паступіла паведамленне аб пажары --гарэў касцёл ў вёсцы Скрундзі. Агонь поўнасцю паспеў знішчыць будынак. Касцёл знаходзіўся ўдалечыні ад жылых дамоў -- на адлегласці каля 300 метраў, быў акружаны густой расліннасцю. Гэтыя абставіны і перашкодзілі заўважыць узгаранне своечасова.
Позна вечарам мясцовыя жыхары чулі трэск, аднак вырашылі, што гэта -- гукі навальніцы. Раніцой жыхар Скрундзёў, падышоўшы да акна, не ўбачыў купала і крыжа на касцёле. Замест звыклага малюнка -- слуп дыму.
Акцыя "Устанаві апавяшчальнік і спі спакойна" праводзіцца два разы на год. Нядаўна яе арганізавалі Дзятлаўскі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях сумесна з Дзятлаўскім участкам Гродзенскага камбіната супрацьпажарных работ і прадстаўнікамі раённай арганізацыі Беларускага моладзевага таварыства юных ратаўнікоў-пажарных. Удзельнікі мерапрыемства яшчэ раз нагадалі жыхарам раёна аб неабходнасці ўстанавіць ў сваім жыллі апавяшчальнік, які сваю эфектыўнасць даказаў неаднойчы. Толькі ў мінулым годзе, дзякуючы своечасовай спрацоўцы АПА, засталіся ў жывых 124 чалавекі, 35 з іх -- дзеці.
На пачатку гэтага года апавяшчальнік выратаваў жыццё двух чалавек -- маці і сына -- у час пажару ў вёсцы Плябанавічы. Прычынай узгарання стала звычка жанчыны курыць у ложку.
Сёмым па ліку пажарам у Дзятлаўскім раёне ў бягучым годзе стаў пажар у вёсцы Лядзіны Раготнаўскага сельскага савета. Загарэўся нежылы дом. Прычына пажару ўстанаўліваецца. Адна з магчымых -- пакінутае без нагляду прыезджымі дачнікамі недагарэлае смецце.
ТРАГЕДЫЯ Ў НЯСВІЖСКІМ РАЁНЕ
У выніку пажару ў вёсцы Амлынцы Несвіжскага раёна 6 мая загінулі чатыры чалавекі: жонка гаспадара дома, трое дзяцей. Самы малодшы з іх -- 2010 года нараджэння.
Прычына пажару і абставіны здарэння высвятляюцца.
Колькі разоў аб гэтым нагадваюць работнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Толькі, спадзеючыся на "авось", насельніцтва з упартасцю працягвае прытрымлівацца традыцыі спальваць сухую траву і смецце, наводзячы парадак на прысядзібных тэрыторыях. Часам гэтая чысціня каштуе вельмі дорага. У тым ліку і ў грашовым эквіваленце.
Пажылая жыхарка вёскі Малыя Князікоўцы Іўеўскага раёна вырашыла пазбавіцца ад мінулагодняй сухой травы непадалёку ад свайго падворка. Адлегласць да збудаванняў была даволі значная -- больш за 100 метраў. Нічога не нагадвала аб бядзе. Толькі свае карэктывы ўнёс вецер -- ён пагнаў вогненную хвалю ў бок суседзяў. Спалохаўшыся, жанчына пачала галлём тушыць полымя, клікаць на дапамогу суседзяў. Калі агонь наблізіўся да суседняга хлява, пенсіянерка зразумела, што без дапамогі ратаўнікоў пажар затушыць не атрымаецца.
Спальваць смецце можна ў спецыяльнай печцы, выраб якой не зойме шмат часу і сілаў, не патрабуе вялікіх грашовых затратаў. Печку можна вырабіць са старой бочкі або пральнай машыны. Самы просты варыянт -- у двухсотлітровай бочкі адразаецца адтуліна ў днішчы. Бочка ўстанаўліваецца адтулінай уверх на цэглу або металічную падстаўку з рашоткай для прытоку паветра. У бочку скідваецца і падпальваецца смецце.
Каб не было вялікай колькасці іскраў, выразаная адтуліна часткова прыкрываецца лістом жалеза. Па меры згарання смецце дабаўляецца ў бочку. У выніку на ўчастку будзе чысціня.
У 2012 годзе толькі за сакавік-красавік у Беларусі з-за выпальвання сухой травы адбыўся 51 пажар, у агні загінулі 7 чалавек. Трагічныя падзеі развіваліся амаль аднолькава.
Так, жыхарка вёскі Заклеценне Драгічынскага раёна спальвала смецце і сухую траву на прысядзібным участку. З-за ветру полымя выйшла з-пад кантролю. Пенсіянерка пачала яго тушыць. Спатыкнуўшыся, жанчына ўпала ў траву, якая гарэла. Пенсіянерка атрымала апёкі 65% цела, была шпіталізавана. Праз два дні жанчына памерла.
ЗАПАХЛА ПАЛЕНЫМ
Першае вясновае выпальванне, якое прывяло да пажару, адбылося ў Гродзенскай вобласці. На шчасце, людзі не пацярпелі. Неасцярожнасць пры развядзенні вогнішча на прыватным падворку ў вёсцы Залессе Слонімскага раёна пакінула жыхароў без даху.
Пакуль гаспадар быў на рабоце, яго жонка вырашыла навесці парадак на двары. Яна сабрала смецце, сухое галлё, недалёка ля дома развяла вогнішча. Калі полымя пабегла па сухой траве, жанчына паспела яго затаптаць, сама пайшла прыбіраць у хаце. Праз некаторы час жанчына пачула пах дыму: пачала гарэць сцяна хаты. Прыйшлося тэлефанаваць ў службу 101.
У кінатэатры "Кастрычнік" горада Гродна адбылася цырымонія ўрачыстага ўзнагароджання пераможцаў абласнога этапа конкурсаў "Ратаўнікі вачыма дзяцей" і "Студэнты. Бяспека. Будучыня".
Трыццаць прызоў у дзесяці намінацыях былі ўручаны юным мастакам, скульптурам, фатографам, паэтам і празаікам, якія ў сваіх работах прадставілі творчае асэнсаванне прафесіі ратаўніка.
Сярод пераможцаў ёсць і прадстаўнікі Дзятлаўскага раёна. У намінацыі "Казка" другое месца заняла Алена Будзевіч, вучаніца Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы. На трэцім месцы ў гэтай намінацыі вучань Дварэцкай сярэдняй школы Міраслаў Марцінчык.
На цэнтр аператыўнага ўпраўлення Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях паступіла паведамленне аб пажары жылога дома па вуліцы Гагарына ў Дзятлаве. У доме жыве шматдзетная сям'я. Да прыезду першага падраздзялення ратаўнікоў было ўстаноўлена гарэнне на паддашку дома. Усе жыхары былі эвакуіраваны да прыбыцця ратаўнікоў.
Апрануўшы спецыяльныя сродкі абароны органаў дыхання, ратаўнікі ўвайшлі ў будынак. Вышыня дома больш за 10 метраў не дазваляла падаць ваду ручнымі стваламі з зямлі, распаўсюджанню агня садзейнічала яшчэ і наяўнасць ветру. Для тушэння ўзгарання была задзейнічана аўталесвіца і лафетныя ствалы.
Кожны год з надыходам вясны служба Міністэрства па надзвычайных сітуацыях сутыкаецца з праблемай вясновага спальвання сухой травы, што нярэдка прыводзіць да пажараў. Таму варта нагадаць асноўныя патрабаванні пры спальванні смецця і развядзенні вогнішчаў на прысядзібных участках: