Бяленка А.

warning: Creating default object from empty value in /var/www/t-av/data/www/dyatlovo.info/modules/taxonomy/taxonomy.module on line 1390.


"БЯСПЕЧНАЕ ДЗЯЦІНСТВА"

Аддзелам адукацыі райвыканкама сумесна з раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях праведзены раённы этап конкурсу "Бяспечнае дзяцінства" сярод дашкольных установаў. Конкурс складаецца з некалькіх намінацый: "Куток бяспекі", "Наватары", "Метадычныя і вучэбныя матэрыялы дашкольных установаў па асновах бяспекі жыцця", "Казачны куфэрак".

Першае месца заняў яслі-сад №1 г. Дзятлава. На другім -- Наваельнянскі яслі-сад. Трэцяе месца падзялілі Лявонавіцкі дзіцячы сад-сярэдняя школа і Раклевіцкі дзіцячы сад-базавая школа. Пераможца раённага конкурсу прыме ўдзел у абласным этапе.



ПАГРОЗА НАВАГОДНІХ "ЦАЦАК"

Не так даўно ўпрыгожаннем навагодніх святаў былі бянгальскія агеньчыкі і хлапушкі з рознакаляровымі канфеці. На змену ім прыйшлі больш эфектныя, маляўнічыя петарды, феерверкі, ракетніцы. Аднак выкарыстоўваючы піратэхнічныя вырабы, каб упрыгожыць сваё свята, многія забываюцца пра ўласную бяспеку. Штогод з-за неасцярожнасці ў абыходжанні з піратэхнічнымі сродкамі адбываюцца пажары, людзі атрымліваюць апёкі рознай ступені цяжкасці.

Каб пазбегнуць трагічных наступстваў, купляючы піратэхнічныя сродкі, трэба звярнуць увагу на іх тэрмін прыдатнасці, інструкцыю карыстання (яна павінна быць на рускай ці беларускай мове). Купляць трэба піратэхнічныя сродкі толькі ў завадской упакоўцы, захоўваць далей ад награвальных прыбораў, у недаступным для дзяцей месцы.



ГАЗЕТА ПРА БЯСПЕКУ ЖЫЦЦЯ

Шырокая прапагандысцкая і тлумачальная работа сярод дзяцей і іх бацькоў, педагогаў дашкольных і школьных установаў адукацыі па прафілактыцы пажараў, надзвычайных сітуацый праводзіцца з выкарыстаннем матэрыялаў газеты "Юны ратаўнік".

На старонках выдання публікуюцца пазнавальныя метадычныя матэрыялы, якія дапамагаюць сфарміраваць у дзяцей і падлеткаў алгарытм паводзінаў у любых надзвычайных сітуацыях.

Газета "Юны ратаўнік" выходзіць два разы ў месяц. Яна распаўсюджваецца на тэрыторыі Беларусі, краін СНД, з'яўляецца адзіным у краіне выданнем па навучанні бяспецы жыцця дзяцей і падлеткаў. На старонках газеты для настаўнікаў, якія выкладаюць асновы бяспекі жыцця, публікуюцца пазнавальныя і метадычныя матэрыялы, сцэнарыі ўрокаў.



БУДЗЬЦЕ АСЦЯРОЖНЫЯ НА ВАДАЁМАХ

З надыходам першых маразоў на азёрах, сажалках і рэках утвараецца тонкае ледзяное покрыва. Трэба памятаць, што неаднолькавымі з’яўляюцца і працягласць ледаставу, і трываласць лёду на розных вадаёмах. Не трэба забываць і аб тым, што лёд неаднолькава моцны нават у межах аднаго вадаёма. Гэта абумоўлена шэрагам прычын: глыбінёй, хуткасцю цячэння, наяўнасцю грунтовых водаў і г. д.

Перш чым ступіць на лёд, неабходна праверыць, ці дастаткова ён трывалы. Прыкметы трываласці – яго зеленаваты колер, ён не прабіваецца пасля трох удараў палкай (не рабіце гэтага нагой!). Калі ж паказалася вада, ступаць на лёд нельга!



БЯСПЕЧНЫ НОВЫ ГОД

З мэтай папярэджання пажараў і няшчасных выпадкаў з-за выкарыстання піратэхнічных сродкаў з 10 па 29 снежня будзе праводзіцца рэспубліканская акцыя "Бяспечны Новы год". Акцыя складаецца з трох этапаў.

У Дзятлаўскім раёне першы этап пройдзе з 10 па 14 снежня ва ўстановах адукацыі, другі -- з 17 па 29 снежня ў дзвюх арганізацыях раёна. Трэці этап адбудзецца 22 і 29 снежня ў г. Дзятлаве, у месцах з масавым знаходжаннем людзей.



АКЦЫЯ "БЯСПЕЧНАЕ СУСЕДСТВА"

3 30 лістапада па 30 снежня аддзепам унутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама і раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях праводзіцца сумесная акцыя "Бяспечнае суседства". Яе мэта — прафілактыка правапарушэнняў, учыняемых грамадзянамі, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ап'янення, грамадзянамі без пэўнага месца жыхарства, папярэджанне сямейнага гвалту.

Просім жыхароў раёна па тэлефонах "101" і "102" паведамляць аб домаўладаннях, дзе распіваюць спіртныя напоі, пустуючых хатах, якія выкарыстоўваюць грамадзяне без пэўнага месца жыхарства, дзе збіраюцца групы людзей для распіцця спіртных напояў, выпадках, калі парушаюцца законныя інтарэсы дзяцей, іншых супрацьпраўных дзеяннях у адносінах да членаў сям'і.



ЭЛЕКТРААБАГРАВАЛЬНІК: ПРАВІЛЫ БЯСПЕКІ

Выкарыстоўваючы абагравальнік, варта паклапаціцца аб тэхніцы бяспекі. Першае яе правіла — ніколі не пакідайце электрычны прыбор без нагляду, не дазваляйце карыстацца ім дзецям. Размяшчайце электраабагравальнік на негаручай паверхні далей ад згараемых прадметаў — мэблі, фіранак.

Перыядычна ачышчайце прыбор ад пылу, не выкарыстоўвайце абагравальнік для сушкі бялізны. Сачыце за тым, каб вілкі і разеткі не пераграваліся — гэта першая прыкмета няспраўнасці электраабагравальніка ці перагрузкі сеткі.



ЯК ПРАВІЛЬНА ЎТРЫМЛІВАЦЬ ГАРАЖ

Нядаўна ў Наваельні адбылося ўзгаранне гаража. Да месца пажару былі накіраваны 4 баявыя разлікі. Да моманту прыезду першай машыны гараж знутры быў поўнасцю ахоплены агнём. Прычына пажару ўстанаўліваецца.

У сувязі з гэтым выпадкам варта нагадаць асноўныя правілы ўтрымання гаражоў.

Яны павінны быць чыстыя, пралітыя гаручазмазачныя матэрыялы павінны засыпацца пяском, тэрмінова вымятацца.



ДАЙДЖЭСТ МНС - 93

СУМНЫ СПІС ПАПОЎНІЎСЯ

Яшчэ адзін пажар, на якім загінуў чалавек, нядаўна адбыўся ў Дзятлаўскім раёне. Агонь забраў жыццё жыхара вёскі Кашкалы, 1977 года нараджэння.

Паведамленне аб пажары на цэнтр аператыўнага ўпраўлення Дзятлаўскага РАНС паступіла ў 22 гадзіны 55 хвілін. Да месца надзвычайнай сітуацыі былі накіраваны чатыры баявыя разлікі. Да моманту прыезду першага падраздзялення хата была поўнасцю ахоплена агнём. Цела загінуўшага было знойдзена пасля тушэння пажару. Прычына ўзгарання ўстанаўліваецца.



ГІНУЦЬ ДЗЕЦІ

За 10 месяцаў бягучага года ў Беларусі загінулі 13 дзяцей, у Гродзенскай вобласці -- адно дзіця. Як сведчыць статыстыка, трагедыям спадарожнічалі звычайныя жыццёвыя абставіны -- адыход бацькоў на работу, у магазін, да суседзяў. Дзеці застаюцца без нагляду, што і прыводзіць да трагедый.

Адна з іх здарылася ў вёсцы Ходасы Мсціслаўскага раёна. Гаспадыня ўсю раніцу завіхалася па справах на двары. Муж пайшоў на работу, старэйшыя сыны накіраваліся на рыбалку, дачка з малодшым братам гасцявала ў суседзяў. У хаце заставаўся толькі пяцігадовы Саша. Калі маці адыходзіла з дому, ён спаў. Па словах жанчыны, адсутнічала яна дзесьці 10-15 хвілінаў, а калі вярнулася -- хата была напоўнена едкім дымам.

Першым на месца пажару прыбег сусед, навучэнец тэхнікума. Малады чалавек выклікаў ратаўнікоў, вынес з хаты маленькага Сашу. На жаль, дзіця сур'ёзна пацярпела. Хлопчык быў шпіталізаваны, але яго жыццё выратаваць не ўдалося.