Буйко С.



Слова пра дырэктара

Любая школа пачынаецца з дырэктара. Ён падобны да рэжысёра, які ставіць спектакль, хоць сам і не заўжды выходзіць на сцэну. Яго ўпэўненасць у поспеху зараджае аптымізмам, дапамагае паверыць у свае сілы. Такім чалавекам і кіраўніком шмат гадоў быў Іосіф Міхайлавіч Марцінчык. Яго імя вядома многім жыхарам нашага раёна. Аб ім з цеплынёй адгукаюцца былыя выпускнікі і работнікі Яварскай сярэдняй школы.

Усё пачыналася так. Шмат гадоў таму выпускнік Рудаяварскай школы Іосіф Марцінчык вырашыў стаць настаўнікам. Яго мара ажыццявілася пасля заканчэння Бераставіцкага педагагічнага вучылішча, Гродзенскага педагагічнага інстытута і службы ў арміі. 3 1969 года Іосіф Міхайлавіч пачаў настаўнічаць у Малашастакоўскай васьмігодцы. 3 1976 па 1978 гады працаваў на пасадзе дырэктара Падвялікаўскай васьмігадовай школы. У 1978 годзе ўзначаліў педагагічны калектыў Яварскай сярэдняй школы.



СЭРЦА АДДАВАЛА ДЗЕЦЯМ

Кожны чалавек у які-небудзь момант свайго жыцця робіць спробу азірнуцца назад і ацаніць перажытае. Асабліва часта ацэнку даюць такому важна му перыяду, як працоўная дзейнасць. Ці правільна выбрана справа, якой ахвяравана столькі часу і душэўных сілаў? Ці атрымалася дасягнуць жаданых вынікаў? Шмат чаго добрага цікавага можна ўзгадаць, калі не адзін дзясятак гадоў аддадзены творчай прафесіі — настаўніка.

Больш за 30 гадоў аддала настаўніцкай працы Ірына Віктараўна Гульнік. Ці цяжкі гэта шлях? I цяжкі, і не. Складаны, таму што работа была вельмі адказнай, а кепска працаваць Ірына Віктараўна не ўмела. Лёгкі, таму што педагог — гэта стан душы. Спытайце вучняў Ірыны Віктараўны аб любімым школьным прадмёце — і многія назавуць беларускую мову і літаратуру. I з-за любові да самой дысцыпліны, і з-за любові і павагі да настаўніцы. Чым жа яна заслужыла такія адносіны? Усім. Па любым крытэрыі — вышэйшы бал. Колькі душэўных сілаў і энергіі аддала гэта жанчына сваім вучням, навучыўшы іх правільна, проста, лаканічна выказваць свае думкі, прыгожа і граматна пісаць, любіць літаратуру, знаходзіць адказы на галоўныя пытанні: што ёсць дабро, ісціна, прыгажосць? У чым сэнс жыцця? Што значыць любіць сваю Радзіму?